Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноОфициальноГод исторической памятиГод исторической памятиГод исторической памятиКультура

Гісторыі жывая ніць. Асаблівы падарунак для Радзімы ствараюць майстрыхі Гродзеншчыны

Гісторыі жывая ніць. Асаблівы падарунак для Радзімы ствараюць майстрыхі Гродзеншчыны19 мая 2020 — 13:42

Майстрыхі Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці напачатку лютага прыступілі да стварэння эксклюзіўнага твора – маштабнага габелена, прысвечанага 75-й гадавіне Вялікай Перамогі.

 

Алена Шунейка і Юлія Барадзіна ўсяго за некалькі месяцаў здзейснілі немагчымае – праз дробныя дэталі і далікатныя колеравыя “мазкі” распавялі цікавую гісторыю, знітавалі мноства вобразаў, напоўнілі кожны сантыметр палатна нястомнай энергіяй працавітых рук…

 

Сёння ў творчай лабараторыі падыходзіць да завяршэння перадапошні этап стварэння грандыёзнай тканай карціны. За незвычайным станком, які не мае аналагаў у краіне, няспынна кіпіць праца. Нiтачка да нiтачкi, колер да колеру, думка да думкi – і мы ўжо можам асцярожна падглядаць за тым, як ажывае мінулае і нараджаецца сапраўдны рукатворны цуд.

Каляровы бардзюр габелена ўпрыгожваюць элементы традыцыйнага беларускага арнамента і прыродныя сімвалы Беларусі – валошка і папараць. У ніжняй частцы палатна вытканы яскравыя замалёўкі партызанскіх будняў і ваенных дзеянняў, якія ўражваюць сваёй дэталёвасцю. Зброя, перабінтаваная рука, ваенная сумка медсястры і нават маленечкія медалі на грудзях герояў – усё гэта неверагодным чынам знайшло сваё адлюстраванне ва ўдалай кампазіцыі.

 

Цёмная па настроі і колеравай гаме паласа змяняецца светлай, на якой майстрыхі з уласцівай ім крапатлівасцю намалявалі ніткамі насычанае жыццё гараджан і сялян. У “вясковай” частцы габелена мы бачым паўсядзённасць працаўнікоў зямлі, а ў “гарадской” – будні прадстаўнікоў самых розных прафесій. Углядаешся ў габелен – і выявы мірнага жыцця нібыта ажываюць, напаўняюцца народнымі мелодыямі, гулам машын, шапаценнем каласоў і бусліным клекатаннем. Сялянка са снапом, музыкант, навуковец, мастак, будаўнік – кожны персанаж, па сцвярджэнні аўтраў твора, трапіў на палатно невыпадкова.

Колькі ж дынамікі, атмасферы ўсеагульнага яднання і радасці можна адчуць у, здавалася б, простых сюжэтах! Магчыма, сакрэт энергетыкі твора хаваецца не толькі ў таленце ўмеліц, але і ў своеасаблівым абярэгу –  закладзеных у габелен жаночых валасах, якія з’яўляюцца сапраўднай умяшчальняй магутнай жыццёвай сілы?.. Сваю магічную “прафесійную таямніцу” майстрыхі раскрываць не спяшаюцца.

 

Алена Шунейка і Юлія Барадзіна пачалі працаваць над самым светлым участкам габелена – панарамай культавых помнікаў архітэктуры Беларусі. На палатне вось-вось з’явяцца выявы Холмскіх варотаў Брэсцкай крэпасці, трыўмфальнай аркі ў Магілёве, Фарнага касцёла ў Гродне, Кафедральнага сабора Пятра і Паўла ў Гомелі, Віцебскай ратушы і Абеліска Перамогі ў Мінску. Па словах Яўгена Шунейкі, аўтара эскіза габелена, уплеценыя ў арнамент славутыя сімвалы нашых абласцей – гэта  ўнікальная з’ява ў мастацтве. Яўген Феліксавіч упэўнены, што вытканая ў лёгкіх, спакойных танах гарадская панарама стане гарманічным завяршэннем пераможнай работы.

У цэнтры ўсёй кампазіцыі, як і планавалася, будзе прадстаўлена моцная, непадуладная выпрабаванням Маці Беларусь. Творчая група плануе завяршыць работу да галоўнага свята краіны – Дня Незалежнасці. Дарэчы, незвычайны твор ужо не безыменны. Некалькі месяцаў таму супрацоўнікі Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці аб’явілі конкурс на лепшую назву габелена. “Гісторыі жывая ніць” – менавіта так цяпер называецца асаблівы падарунак для Радзімы. Імя пераможцы конкурсу будзе аб’яўлена на прэзентацыі работы.

 

Рэдактар ДУК “Гродзенскі абласны

метадычны цэнтр народнай творчасці”

Бялькевіч Ала Антоніеўна


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио