Сёлетні жнівень і сапраўды выдаўся грыбным. Прычым, разам, дружна, выскачылі маслякі, падбярозавікі, падасінавікі і баравікі. І не трэба быць заўзятым грыбніком са стажам, каб набраць поўны кошык гэтых лясных дароў.
У адзін з выхадных дзён па дарозе на Пескі давялося налічыць больш за трыццаць аўтамашын, што стаялі на ўскрайку лесу ў чаканні сваіх пасажыраў-грыбнікоў. І ўсе аматары ціхага палявання вярталіся да сваіх жалезных коней не з пустымі рукамі.
Вопытныя гаспадыні грыбы соляць, марынуюць, сушаць і замарожваюць. З іх гатуюць грыбную ікру і разнастайныя салаты, а яшчэ – тушаць, смажаць і вараць супы.
“Гэта смачна!” – кажам мы, з апетытам з’ядаючы чарговую порцыю грыбнога далікатэсу. А між тым, грыбы лічацца цяжкай ежай, што доўга ператраўліваецца. Менавіта таму іх не рэкамендуюць есці нанач і даваць дзецям.
І тым не менш, так прыемна зімой адкрыць баначку ўласна сабраных і закансерваваных грыбочкаў, пачаставаць імі нечаканых гасцей і ўспомніць лепшыя імгненні мінулага лета.
Н.СВЯТЛОВА
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад