Пад такою назваю была прадстаўлена даследчая работа вучаніцы 8 класа дзяржаўнай установы адукацыі “Курылавіцкі вучэбна - педагагічны комплекс дзіцячы сад - сярэдняя школа” Лізаветы Дубатоўкі на IX абласны конкурс работ даследчага характару “Крыштальная Альфа” і атрымала дыплом ІІІ ступені.
Вучаніцы, разам са сваім кіраўніком Тамарай Іванаўнай Сідорка, настаўніцай біялогіі і геаграфіі, удалося сабраць звесткі пра работу грыбаварні ў весцы Чарлёнка Мастоўскага раена.
Наўрад ці знойдзецца на Мастоўшчыне хаця бы адзін чалавек, які ні разу ў сваім жыцці не збіраў грыбы. Адны збіраюць для ўласнага спажывання, другія – на продаж. У сённяшні час самым каштоўным грыбам з’яўляецца лісічка. Іх нарыхтоўваюць індывідуальныя прадпрымальнікі і Мастоўскі філіал Гродзенскага абласнога спажывецкага таварыства.
Але мала хто ведае, што ў 60-80-я гады мінулага стагоддзя на Мастоўшчыне існавалі грыбаварныя пункты, так званыя грыбаварні, дзе ішла перапрацоўка лясных грыбоў.
Працэс грыбаварэння нескладаны, але працаемкі. Ад насельніцтва прымалі розныя грыбы, сартавалі, ачышчалі ад смецця і добра прамывалі вадой. Затым грыбы варылі ў спецыяльных катлах, астуджалі і закладвалі ў бочкі ёмістасцю 50 л. Марынад для кожнага грыба варыўся асобна. Бочкі шчыльна закупорвалі. У такім выглядзе грыбы экспартаваліся ў Расійскую Федэрацыю, Літву, Польшчу. Грыбаварня ў весцы Чарлёнка існавала на працягу 25 гадоў.
Ад былой грыбаварні не засталося і следу. Толькі маленькая рачулка Малінаўка, на беразе якой размяшчалася гэтая невялікая вытворчасць, напэўна помніць той “грыбны час”.
Матэрыялы даследавання папоўнілі экспазіцыю школьнага краязнаўчага музея, кабінета гісторыі і геаграфіі па тэме “Наш край”.
Адно даследаванне закончана, але цікавых для вывучэння аб’ектаў малой радзімы яшчэ шмат.
Д. Себасцьяновіч,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце ДУА “Курылавіцкі
ВПК дзіцячы сад -
сярэдняя школа”
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад