Хутка ў Мінску будзе дадзены старт ІІ Еўрапейскім гульням 2019. Горад-герой будзе сустракаць гасцей, больш чым з 50 краін-удзельніц. Задача рэспублікі заключаецца не толькі ў тым, каб пазнаёміць з прыгажосцю беларускай сталіцы, але і паказаць высокі ўзровень фізічнай падрыхтаванасці нашых спартсменаў. Нам ёсць кім і чым ганарыцца!
Беларусь не такая вялікая краіна ў параўнанні са сваімі суседзямі, але багатая на здольных і выдатных асоб. Адна з іх — Алег Юрэня — спартсмен з вялікай літары.
Алег Юрэня — вядомы беларускі вясляр-байдарачнік, майстар спорту міжнароднага ўзроўню. А пачынаўся яго шлях на Гродзеншчыне. Алег нарадзіўся ў аг. Масты Правыя. Актыўна займацца веславаннем пачаў ва ўзросце адзінаццаці гадоў у мясцовай спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школе алімпійскага рэзерву, праходзіў падрыхтоўку пад кіраўніцтвам трэнера Уладзіміра Задоліна. Працягвае займацца з ім і зараз, але ўжо ў Брэсце.
У адным з інтэрв’ю Алег Юрэня расказвае, як трапіў у Брэст:
— Я заўсёды трэніраваўся з адным настаўнікам — Уладзімірам Міхайлавічам Задоліным. І калі ў Брэсце пабудавалі канал, трэнеру і мне прапанавалі пераехаць сюды. Мы пагадзіліся. Прыемна, што на Гродзеншчыне стаўленне да мяне пасля гэтага не пагоршылася, нават наадварот.
А. Юрэня — гонар Правамастоўскай сярэдняй школы. Былы вучань стаў сапраўднай легендай сярод навучэнцаў. Зараз нашы вучні ахвотна займаюцца веславаннем, раўняюцца на земляка. Інфармацыя аб тым, што ён — удзельнік ІІ Еўрапейскіх гульняў, вызывае ва ўсіх пачуццё вялікага гонару і захаплення.
З гэтай нагоды ў школе арганізавана выстава дыпломаў і ўзнагарод Алега, яго асабістых рэчаў, фотаздымкаў. Вялікую цікавасць у вучняў нашай школы выклікае байдарка з вяслом, якія каштуюць каля 4 000 тысяч еўра.
Правамастоўская сярэдняя школа запрашае ўсіх жадаючых на выставу дасягненняў удзельніка ІІ Еўрапейскіх гульняў 2019 года Алега Юрэня, прысвечаную нашаму выдатнаму і вядомаму земляку. Падтрымаем нашага спартсмена!
Вікторыя Міхайлаўна Ярмоліч,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДзУА “Правамастоўская сярэдняя школа”
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад