Да Вялікай Айчыннай вайны ў мястэчку Зяльвяне (цяпер левабярэжная частка горада Масты) пражывала нямала яўрэяў. Як склаўся іх лёс?
Пра само паселішча ў кнізе “Памяць” ёсць такі запіс: “Зяльвяне, мястэчка Пескаўскай воласці, вядома з 16 стагоддзя як сяло Зэльва, маёнтак да 1939 года. З 1955 года ў межах горада Масты, левабярэжная частка горада”. Была ў мястэчка і народная назва “Палясціна” з-за таго, што ў цэнтры жыло нямала яўрэяў.
Вядома, што ў гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі нашага раёна было два гета: у Лунна і Песках. Вось пра пескаўскае раскажам больш падрабязна, бо менавіта туды былі вывезены яўрэі з мястэчка Зяльвяне. У канцы мінулага стагоддзя, калі стваралася кніга “Памяць”, яшчэ жылі многія сведкі трагедыі. Іх успаміны публікавала раённая газета “Зара над Нёманам”.
Вось што ўспамінала Галіна Чубрык: “ Вясной 1942 года значную частку вёскі, дзе жылі яўрэі, абцягнулі калючым дротам. Так утварылася гета.Туды нікога не пускалі. Але вяскоўцы ўхітраліся перадаваць хлеб, бульбу, хто што мог”.
Адзначым, што ў аграгарадку Пескі і зараз можна вызначыць тое месца, дзе было гета. Яно размяшчалася побач з рынкавай плошчай ад царквы, дзе жылі яўрэі і была сінагога, аж да пагорка, дзе знаходзіліся яўрэйскія могілкі. Немцы спецыяльна не ўключылі раку Зяльвянку ў межы гета, каб крыніцай вады быў адзіны калодзеж. Калодзеж быў ва ўласнасці заможнага гаспадара, а ўсе астатнія жыхары бралі ваду з ракі, яна ў тыя часы была чыстай і празрыстай. У гета не толькі не хапала ежы, але і з вадой была вялікая праблема. Адзіны калодзеж не мог напаіць каля 2000 яўрэяў, якіх сагналі сюды.
Восенню 1942 года, а дакладней 2 лістапада, калі пачаліся першыя замаразкі, на 300 вазах пескаўскіх і мастоўскіх яўрэяў накіравалі ў Ваўкавыск. Там быў вялікі канцэнтрацыйны лагер. Далей іх шлях ляжаў у Трэблінку. Туды яны былі вывезены вясной наступнага 1943 года. Там і загінулі. По розных дадзеных ў Трэблінку было вывезена ад тысячы да двух тысяч чалавек. Дакументы Дзяржаўнага архіва Гродзенскай вобласці сведчаць аб 1700 жыхарах.
Як успамінала ўраджэнка мястэчка Пескі Дора Левіна, у Трэблінцы загінулі яе бацькі і сястра. Яшчэ з адной сястрой ёй удалося прабрацца праз калючы дрот, пераплысці Зяльвянку і дабрацца да партызан. Яна бачыла, як у той жа дзень малых і старых яўрэяў немцы і мясцовыя паліцаі сагналі ў адзін дом і падпалілі. Такім чынам, у гісторыі Песак дзень 2 лістапада назаўсёды застанецца днём жудаснай трагедыі. Сёлетняй восенню будзе 80 гадоў з тых падзей.
Але трагедыя датычыла не толькі пескаўскіх яўрэў. У Дзяржаўным архіве Гродзенскай вобласці ёсць запіс аб тым, што з мястэчка Зяльвяне і фабрычнага пасёлка Масты “360 яўрэяў, прозвішчы якіх у цяперашні час устанавіць немагчыма, вывезены ў мястэчка Пескі, адкуль у лістападзе 1942 былі вывезены ў лагер Трэблінка”. Адны загінулі там, а іншыя - у Песках у палаючым доме на ўскрайку гета. Немцы спалілі таксама сінагогу, тры яўрэйскія малітоўныя дамы і каля ста жылых дамоў.
Мне гэтыя пескаўскія мясціны добра вядомы, у вёсцы прайшла мая маладосць. Нядаўна пабываў там, пастаяў на месцы трагедыі, з боллю падумаў аб тым, што здарылася тут. Парадавала, што ў парадку помнік, які быў устаноўлены тут у 2009 годзе ў памяць аб загінуўшых яўрэях. Стаіць ён на былых яўрэйскіх могілках на месцы гета. Зачарпнуў вады і з таго калодзежа, што даваў калісьці ваду змучаным вязням. Ён таксама захаваўся.
На месцы былога гета па-ранейшаму пустка. Ніхто з мясцовых жыхароў не захацеў будавацца там, дзе калісьці адбылася жудасная трагедыя.
Камяні з яўрэйскіх могілак у час вайны камендант паліцыі загадаў кінуць у Зяльвянку, зрабіўшы плаціну, ці таму, як казалі мясцовыя жыхары. Так вырашылі ўзняць узровень вады ў рацэ, каб мацней круціліся жорны млына, які малоў муку для немцаў. А вось гаспадаром гэтага млына і адначасова камендантам паліцыі ў Песках быў Бек, жыхар вёскі Туры (цяпер у межах Песак).
Які ж розны лёс людзей, якія многія гады жылі па-суседску! Цяпер вядома, што да знішчэння яўрэяў у Песках прычыніліся нямецкія службы СД, і гестапа, і (хто б мог падумаць!) мясцовыя жыхары, якія пайшлі на службу ў паліцыю. Адны жыхары Песак дапамагалі яўрэям з гета прадуктамі харчавання, хоць самі мала што мелі, а іншыя, паквапіўшыся на грошы, выконвалі бязлітасныя і жахлівыя нямецкія загады. У Песках жыў урач Эпштэйн, які лячыў беларусаў, яўрэяў, а таксама немцаў. На момант вывазу яўрэяў з Песак у Ваўкавыск немцы прапанавалі яму застацца, але жонка і трохгадовая дачка павінны былі ехаць. Ён адмовіўся расстацца з сям’ёй, хоць разумеў, што едзе на верную смерць.
У канцы вайны камендант Бек збег у Германію і яго паліцаі таксама, некаторыя з прыходам савецкай улады былі асуджаны. Які жудасны твар у генацыду! Варта ўспомніць гэта у Год гістрычнай памяці, каб больш не здарылася такое на нашай зямлі.
Станіслаў ЗВЯРОВІЧ
Фота аўтара
Оперативные и актуальные новости в нашем Telegram-канале.
Подписывайтесь по ссылке https://t.me/mosty_zara_nad_nemanam
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад