
Паважаныя сябры! Вялікі дзякуй усім, хто прыняў удзел у нашым творчым конкурсе вершаў аб раённай газеце “Зара над Нёманам”, прысвечаным 75-гадоваму юбілею выдання. Мы абавязкова надрукуем Вашы работы ў падборцы “Літаратурнай старонкі”, а лепшыя паэтычныя творы будуць адзначаны прызамі ад “Зары”.
Між тым, прапануем нашым верным сябрам раскрыць свой творчы патэнцыял у фотаконкурсе “Заўсёды разам з “раёнкай”. Ён пройдзе з 1 па 24 красавіка.
Гэта могуць быць як калектыўныя, сямейныя, так і асабістыя фотаздымкі, сэлфі з неардынарным сюжэтам, цікавым ракурсам і крэатыўнай кампазіцыяй. Перавага будзе на баку нечаканых, чуллівых і дасціпных работ абсалютна любога фармату. Галоўная ўмова – у кадры абавязкова павінна прысутнічаць раённая газета “Зара над Нёманам”.
Дасылаць свае работы можна на адрас электроннай пошты zarja@mail.grodno.by, а таксама на паштовы адрас рэдакцыі: горад Масты, вуліца Савецкая, 34.
У суправаджальным лісце абавязкова неабходна ўказаць прозвішча, імя і імя па бацьку аўтара фотаздымка, яго ўзрост, занятак, месца жыхарства, захапленні, на працягу якога часу ён з’яўляецца падпісчыкам “Зары над Нёманам”.
Лепшыя работы будуць надрукаваны ў газеце і размешчаны на афіцыйным сайце раённага выдання, а пераможцы конкурсу – узнагароджаны.
Запрашаем да ўдзелу ў конкурсе ўсіх нашых землякоў: сталых, мудрых, з вялікім вопытам пражытых гадоў і зусім юных, тых, хто толькі пачынае пісаць сваю біяграфію.
За справу, сябры! Творчага ўсім натхнення, крэатыўных ідэй і цікавых сюжэтаў!
Наталля ШЭЎЧЫК
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад