Заря над Неманом Идет подписка О газете Контакты

«…Гавары са мной па-беларуску»

«…Гавары са мной па-беларуску»22 февраля 2026 — 12:22

У гісторыі кожнага народа мова з’яўляецца чымсьці большым, чым проста сродкам зносін. Многія называюць яе душой народа, жывой ніткай, якая злучае пакаленні. І Міжнародны дзень роднай мовы, які адзначаецца штогод 21 лютага, – нагода яшчэ раз кожнаму задумацца пра лёс той, якую мы завём нацыянальнай і матчынай. Ці так ужо важна ведаць і выкарыстоўваць беларускую мову сёння? Без сумнення, так. Ведаць родную мову – значыць ведаць сябе, шанаваць сваіх продкаў і класці цаглінку ў падмурак будучыні. І нашы вучні гэта добра разумеюць.

Кожны год у ДУА “Сярэдняя школа № 2 г. Масты імя Героя Савецкага Саюза В. П. Жукава” напярэдадні Дня роднай мовы праводзіцца Тыдзень беларускай мовы і літаратуры. Праграма тыдня ў гэтым годзе была насычанай і разнастайнай. Яркім пачаткам стала літаратурная гасцёўня “Мелодыя роднага слова”. У госці да старшакласнікаў і вучняў беларускамоўнага 7 “В” класа завітала таленавітая паэтэса, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Тамара Мазур. Нядаўна яна стала лаўрэатам прэміі імя Аляксандра Дубко ў намінацыі “Пісьменнік года”, а годам раней перамагла ў першым літаратурным конкурсе рукапісаў імя Максіма Багдановіча. Як прызналася Тамара Міхайлаўна, піша яна свае творы на дзвюх мовах – беларускай і рускай, але перавагу аддае першай, паколькі “мае дар адчуваць мелодыю менавіта беларускай мовы”. Сустрэча прайшла ў цёплай, нязмушанай абстаноўцы: гучалі вершы, урыўкі з твораў, аўтар шчыра дзялілася сакрэтамі сваёй творчай майстэрні і разважала пра лёс беларускага слова.

Не менш цікавымі, крэатыўнымі і захапляльнымі былі і іншыя мерапрыемствы Тыдня.  Вучні пачатковай школы сталі актыўнымі ўдзельнікамі ўрока-гульні “Мова родная мая”, а пяцікласнікі праявілі свае веды ў конкурсе знаўцаў мовы “У ручнік мы словы роднай мовы ўплятаем”.  Для вучняў 6-х класаў была арганізавана гульня-падарожжа “Каб любіць Беларусь нашу мілую”. Праз цікавыя конкурсы і заданні шасцікласнікі пашыралі свае веды пра родны край, яго славутасці і традыцыі.

Сямікласнікі ж паказалі сябе сапраўднымі інтэлектуаламі падчас моўнага турніру пад красамоўнай назвай "Рускай мове дай разгрузку – гавары са мной па-беларуску". У спаборніцтве каманд нараджалася ісціна: валоданне дзвюма мовамі толькі ўзбагачае чалавека, а беларуская лексіка здольна дакладна і вобразна  перадаць тое, што часам нельга выказаць іншымі сродкамі. Цікава, што арганізатарамі такога моўнага турніру выступілі старшакласнікі.

Вучаніцы 10 “Б” класа Вольга Ненадовіч і Аляксандра Жук паказалі сваё добрае валоданне беларускай мовай, захопленасць  і цудоўныя арганізатарскія здольнасці. Віктарына “Скарбы роднай мовы” для вучняў 8-х класаў, лексічная гульня-квэст з дзесяцікласнікамі і іншыя мерапрыемствы таксама далі магчымасць акунуцца ў чароўнасць і непаўторнасць роднага слова.

На працягу ўсяго тыдня і вучні, і настаўнікі школы пастараліся стварыць асаблівую атмасферу шанавання роднага слова. Садзейнічала гэтаму і  адкрытая дыстанцыйная акцыя “Чытаем вершы на роднай мове”, да якой ахвотна далучаліся не толькі вучні розных класаў, але і настаўнікі, і выпуск інфармацыйных буклетаў, паштовачак на  роднай мове і многае іншае.  Сапраўднай крэатыўнай прасторай на час правядзення Тыдня беларускай мовы і літаратуры стала  школьная бібліятэка.

Экспазіцыя “Беларускія пісьменніцы” пазнаёміла чытачоў з творчасцю жанчын-аўтарак, якія пакінулі значны след у літаратуры. Асаблівая ўвага была нададзена сучасным пісьменніцам, што працягваюць традыцыі і адкрываюць новыя тэмы.

А ў час гульні “Найдзі пару ў беларускім арнаменце”  вучні пачатковых класаў спрабавалі знайсці адпаведныя ўзоры ў традыцыйных арнаментах.  Інтэрактыўная гульня дапамагла лепш зразумець сімволіку і эстэтыку народных узораў.

Асаблівым момантам Тыдня роднай мовы стала інтэрактыўная гульня са старажытнымі рунамі. Дзеці атрымалі таямнічае пасланне, зашыфраванае ў знаках, і павінны былі разгадваць яго, складаючы літары і словы. Крок за крокам яны адкрывалі сакрэт, пакуль не з’явілася галоўная думка: “Я беларус – мая мова  беларуская мова”. Дзеці адчулі сябе сапраўднымі даследчыкамі і археолагамі. Гульня дала магчымасць не толькі пазнаёміцца з сімволікай рун, але і асэнсаваць каштоўнасць роднай мовы.

Актыўны ўдзел прынялі вучні школы і ў рэспубліканскіх мерапрыемствах, прымеркаваных да Міжнароднага дня роднай мовы. Так, дзяржаўнай навуковай установай  “Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі” сумесна з навуковым і метадычным часопісам “Роднае слова” і каналам “Культура” быў арганізаваны рэспубліканскі конкурс навукова-даследчых работ “Васількоў шапатліваю моваю…”. Па выніках конкурсу вучаніца 9 “А” класа Меланія Гайдаш атрымала Дыплом ІІІ ступені. Урачыстае ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу адбылося 18 лютага ў Мінску. Меланія годна прадставіла нашу школу: у сваёй рабоце для сябе і для іншых яна змагла прыадкрыць некаторыя таямніцы мастацкай і моўнай творчасці. Шчыра віншуем Меланію з гэтай перамогай і жадаем ёй далейшых поспехаў!

Тыдзень роднай мовы праляцеў як адно імгненне, пакінуўшы пасля сябе цёплы след у сэрцах. Ён яшчэ раз нагадаў нам усім, што роднае слова жыве, пакуль яго чуюць, выкарыстоўваюць у зносінах, вывучаюць і ім захапляюцца. Кожны з удзельнікаў зразумеў: шанаваць, развіваць і выкарыстоўваць родную мову – гэта не толькі абавязак перад мінулым, але і інвестыцыя ў будучыню нашага народа. У сувязі з чым яшчэ раз згадваецца несмяротны заклік Францішка Багушэвіча “Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!”

Тамара НАВАГРОДСКАЯ, 

настаўнік беларускай мовы і літаратуры


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка О газете Контакты