Заходзіш у кабінет начальніка аддзела статыстыкі Мастоўскага раёна Яўгеніі Аляксандраўны Плотнікавай і застываеш у здзіўленні, трапляючы ў зялёнае царства кактусаў, фікусаў, драцэн, лілій, пальмаў, амандраў, адыянтумаў… Пяшчотныя філіялкі на падаконніках нагадваюць фестывальную карусель: блакітныя, сінія, фіялетавыя, белыя, ружовыя і ярка-малінавыя... Яны, як на парадзе нявесты. І адразу ж хочацца выказаць словы захаплення гаспадыні гэтага цудоўнага кветкавага царства. Яўгенія Аляксандраўна лічыць, што кветкі -- добрыя памочнікі ў рабоце і творчасці. Як інжынер-эканаміст, яна ўмела аперыруе лічбамі, як начальнік -- спраўна кіруе работай калектыву. За паспяховую работу неаднаразова адзначалася Ганаровымі граматамі. З рук Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі Яўгенія Аляксандраўна Плотнікава атрымала медаль “За працоўныя заслугі”.
І эканоміка, і статыстыка, і пасада кіраўніка арганічна спалучаюцца ў асобе Яўгеніі Аляксандраўны. Але яна і на начальніцкай пасадзе застаецца разважлівай і разумнай гаспадыняй, па-жаночаму мудрай.
Любая жанчына ў душы яшчэ і рамантык. А калі ў рабочым кабінеце побач знаходзяцца любімыя фіялкі, то яны гаспадыню натхняюць на творчасць. Яўгенія Аляксандраўна на нейкі момант адкладвае ўбок статыстычныя справаздачы і спрабуе сябе ў музыцы, паэзіі. Да розных свят і юбілеяў калег яна ўласнаручна піша вершаваныя віншаванні, ёю напісана нават паэма, прысвечаная статыстыцы.
Самыя шчырыя паэтычныя радкі пішуцца, вядома ж, не ў кабінеце, а ў хвіліны, калі душа нечым узрушана, спявае ці, наадварот, плача ад болю і роспачы. Оградите от бед, Помолитесь мне вслед. Я уйду—Вы свечу не гасите. Обнажите душу и сдержите слезу, Мне стихи о любви напишите....Чытаеш яе вершы пра каханне, пра лёс жаночы, і сэрца перапаўняецца ўсплёскам пачуццяў.
Шчасцем поўняцца вочы Яўгеніі Аляксандраўны, калі гаворка заходзіць пра дачушку Вольгу, якая пераняла ад маці любоў да кветак, да прыгожага. Маці і дачка дапаўняюць адна другую. Вольга скончыла каледж мастацтваў. А зараз яна студэнтка трэцяга курса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў факультэта традыцыйнай культуры і сучаснага мастацтва. Яна займаецца харэаграфіяй. Любоў да народнага танца прывяла дзяўчыну ў народны ансамбль танца “Вясёлка” Палаца культуры прафсаюзаў у Мінску. Вось так маці і дачка Плотнікавы робяць жыццё прыгажэйшым, творчым і ўзнёслым.
Т. КУЛЬ, жыхарка г. Масты
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад