
У мінулую суботу ў Вялікіх Азёрках падарожнічалі “Па сцежках спадчыны” і вучыліся танцаваць беларускія народныя танцы. Брэндавым мерапрыемствам “Свята кадрылі” ў Мастоўскім раёне распачаўся Тыдзень традыцыйнай культуры.
Што мы ўкладваем у сэнс словазлучэння “наша спадчына”? Гэта родная зямелька і цёплае сонейка над ёю. Гэта нашы бацькі, дзядулі і бабулі, а таксама таленавітыя людзі, майстры, якія працягваюць справу продкаў і далучаюць да яе моладзь. Гэта народныя песні, байкі, танцы, звычаі і традыцыі, якія нас аб’ядноўваюць і якімі мы моцныя.
У Вялікіх Азёрках ужо шэраг гадоў у пачатку лета ладзіцца надзвычайнае падарожжа “Па сцежках спадчыны” – свята беларускага фальклору, песень, танцаў і добрага настрою. Сёлета да вяскоўцаў завіталі шматлікія творчыя танцавальныя калектывы з Навагрудка, Шчучына, Зэльвы і нават Мінска.
Загадчык сектара культуры райвыканкама Анастасія Палуйчык і дырэктар Мастоўскага раённага цэнтра культуры Анастасія Купрыян падзякавалі гаспадарам свята – КСУП “Азяранскі”, Азёркаўскай сярэдняй школе, Азёркаўскаму цэнтру вольнага часу і культуры – за падрыхтоўку і цёплы прыём і прывіталі ўдзельнікаў, артыстаў і гасцей аграгарадка. А трэба адзначыць, што колькасць жыхароў гэтага населенага пункта павялічылася ў некалькі разоў за кошт хлопчыкаў і дзяўчынак, што прыехалі да бабуль і дзядуль на канікулы. Салодкая вата і ліманад, батут, цікавыя дробязі, гульні і забавы – прыемныя ўражанні малодшым жыхарам і гасцям Вялікіх Азёрак былі забяспечаны.
Ды і старэйшаму пакаленню было з чаго падзівіцца. Хоць бы творчаму прадстаўленню брэндавых мерапрыемстваў, што ўжо не першы год ладзяцца на Мастоўшчыне на працягу лета. А іх у нас – нямала. Гэта, акрамя Свята кадрылі, Струбніцкі фэст, Глядавіцкія цуды, арт-пікнік “На хвалях Нёмана”, народныя гулянні ў Курылавічах і Харціцы, свята з нагоды ўшанавання Святой Ганны ў Пацавічах і інш.
Упрыгожваннем сёлетняга мерапрыемства ў Вялікіх Азёрках сталі яркія, надзвычай эмацыянальныя і творчыя выступленні нашых таленавітых суседзяў. Сказаць папраўдзе, ногі самі прасіліся ў скокі, гледзячы на народны ансамбль песні і танца “Свіцязь” Навагрудскага раённага цэнтра культуры, які прэзентаваў “Масцішчынскую кадрылю”.
Шчырымі і дружнымі апладысментамі гледачы аддзячылі юных выканаўцаў “Дэмбраўскай кадрылі” – узорны фальклорны калектыў “Скарбоначка” філіяла “Дэмбраўскі сельскі дом фальклора” Шчучынскага цэнтра культуры і народнай творчасці.
Свае характэрныя адметныя рысы мае і “Грабаўская кадрыля”, якую з задавальненнем танцуюць удзельнікі ўзорнага танцавальнага ансамбля “Зальвяначка” Зэльвенскай дзіцячай школы мастацтваў. Колькі пазітыву – у кожным поглядзе, колькі тэмпераменту, энергічнасці і жывасці – у кожным руху!
Хвіліны творчага захаплення і добры настрой забяспечыў гледачам і фальклорны клуб “Мінская кадрыля” з г. Мінска, які прадставіў праграму “Танцы Міншчыны”. Пасля такіх весёлых, выразных, з запалам і іскрыстым народным гумарам пераплясаў ніякі фітнэс не патрэбны!
А колькі прыемных момантаў падарыў мясцовай публіцы фальклорны гурт “Крынічка” з брэндам Мастоўскага раёна – танцам “Котчынская кадрыля”! Як правільна зазначыла загадчыца Азёркаўскага цэнтра вольнага часу і культуры і кіраўнік калектыву Ірына Шэлястовіч, “гэта наш скарб, якім мы ганарымся і які беражліва захоўваем, перадаём, як казалі раней, з нагі ў нагу”.
Сёння гэты вясёлы танец развучвае ўжо шостае пакаленне мясцовых жыхароў. Ад старэйшых вяскоўцаў ён пераходзіць да іх дзяцей і ўнукаў. Трэба нямала пастарацца, каб запомніць, а пасля паўтарыць усе 20 элементаў, ці “кален” танца: “шэн”, “мышка”, “полька”, “мостык”, “ручай” і інш. Танец разгортваецца як сцэнарый: кожная пара, кожны ўдзельнік па чарзе паўтараюць рухі па прынцыпе “ўсе за ўсімі”.
Зазначым, што мясцовы танцавальны стыль “Котчынская кадрыля” ў 2010 годзе быў уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як узор нематэрыяльнай культуры. Ён з’яўляецца жамчужынай народнай танцавальнай культуры Панямоння.
Атрымаўшы пазітыўны запал ад танцораў, госці свята засяродзіліся на выступленні фальклорнай групы “Рэчанька” і анімайцыйнай праграме “Гульні Сымоніхі і Лявоніхі”, якія прапанаваў Гудзевіцкі цэнтр вольнага часу і культуры і яго таленавітыя артысты.
Парадаваў гледачоў сваёй творчасцю і народны ансамбль народнай песні “Ярыца”. А даведацца пра турыстычны патэнцыял Мастоўшчыны госці змаглі з дапамогай супрацоўнікаў раённага турінфацэнтра ў рамках рэспубліканскай турыстычнай акцыі “Вандруй. Адчуй. Натхняйся”.
Масавым, вясёлым і надзвычай жыццесцвярджальным стаў майстар-клас па кадрылях. Трэба сказаць, што сёння кадрыля перажывае стан развіцця: танец танцуюць як малодшыя, так і старэйшыя прыхільнікі жывой беларускай традыцыйнай культуры. Так працуе механізм перадачы культурнага вопыту ад пакалення да пакалення. Гэта як генетычная памяць продкаў, што яднае нас.
Развітваліся ўдзельнікі свята з Вялікімі Азёркамі на пазітыве і, як кажуць у свеце музыкі, на добрай ноце. Усіх аб’яднала любоў да роднай зямлі і народнай творчасці, да нашых вытокаў, з якіх мы чэрпаем сілы, талент і натхненне.
ПАЗІЦЫЯ
Алена КАЛІНОЎСКАЯ, выкладчык Школы традыцыйнага мастацтва, кіраўнік фальклорнага клуба “Мінская кадрыля” г. Мінск:
– На жаль, горад Мінск не стварыў пакуль такога танца, як кадрыля, і назва нашага клуба “Мінская кадрыля” – гэта мэта. Бо ёсць шмат людзей, якія хочуць навучыцца танцаваць беларускія кадрылі і іншыя танцы і нястомна гэтым займаюцца.
Школа традыцыйнага мастацтва дзейнічае ўжо 13 год. І штогод у яе прыходзяць усё новыя і новыя ўдзельнікі, як малыя, так і сталыя людзі. Мы з задавальненнем наведваем самыя разнастайныя фестывалі, святы, абрады і падзеі па ўсёй краіне. Сёння з радасцю прыехалі да вас, на Мастоўскую зямлю, каб навучыцца “Котчынскай кадрылі”.
Мне, як ураджэнцы Гродзеншчыны, вельмі прыемна, што менавіта мясцовая кадрыля стала першым танцам, які атрымаў статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі. Вельмі ганарова, што менавіта Гродзенская вобласць мае ўжо дзве кадрылі з такім статусам – гэта “Котчынская” і “Дэмбраўская”.
Наша задача – падтрымаць гэтую цікавасць, гэтае захапленне, якое дазваляе нам быць разам, радавацца нашым традыцыям, святу, якое мы аднаўляем зноў і зноў, і ў Вялікіх Азёрках у першую чаргу.
Наталля ШЭЎЧЫК
Фота аўтара
Танцавальнае свята Мастоўшчыны
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад