Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноНовости МостовщиныНаш край

Гарадзішча каля вёскі Рыбакі зацікавіла археолага

Гарадзішча каля вёскі Рыбакі зацікавіла археолага19 октября 2011 — 10:00

Калісьці маленькі Міхась, разглядваючы геаграфічную карту, марыў пра далёкія краіны і кантыненты. Ён хацеў адзначыць на ёй як мага больш  мясцінаў, якія  наведаны ім. Сярод лесу, на хутары, прайшло яго    дзяцінства. Бацька-ляснік з маленства прывучаў яго да роднай зямлі, вучыў бачыць яе прыгажосць і  непаўторнасць. Прайшло шмат часу, хлапчук вырас,  і цяпер  ён  - археолаг,  дацэнт кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін гістарычнага факультэта БДУ, кандыдат гістарычных навук Міхаіл Міхайлавіч Чарняўскі.

Сёння на геаграфічнай карце,  напэўна, няма таго месца ў  Беларусі, дзе не ступала яго нага. Ён сапраўдны вандроўнік,  адкрывае і дасканала вывучае   археалагічныя  помнікі  Беларусі. Некаторыя з іх у Мастоўскім раёне, уключаныя ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей  Рэспублікі Беларусь, адкрыты і вывучаны  гэтым навукоўцам. Ён правёў першыя ў гісторыі  раёна раскопкі першабытных  паселішчаў каля вёсак Выгода і Пескі.

Навуковец з  задавальненнем  наведвае  Мастоўскі раён, бо ўпэўнены, што ў нас ёсць  цікавыя  гістарычныя помнікі. У сярэдзіне  верасня  разам з супрацоўнікамі музея і  прадстаўнікамі Мастоўскага лясніцтва былі  наведаны  стаянка, курганны могільнік і гарадзішча в.Рыбакі.  Як лічыць М. М. Чарняўскі, гэта гарадзішча з’яўляецца адным з самых каштоўных помнікаў археалогіі на тэрыторыі нашага раёна. Гарадзішча выявіў у 1895 г. Ф.В.Пакроўскі, даследавалі ў 1958 г. Ф.Д.Гурэвіч, у 1973 г. - П.Ф.Лысенка, у 1984 г. - Я.Г.Звяруга. Захоўваць памяць продкаў   дапамагае і мясцовы жыхар в.Рыбакі  Уладзімір Мацвеевіч Аскірка, які з задавальненнем расказвае пра падзеі, звязаныя з роднымі мясцінамі. Прадстаўнікі Мастоўскага лясніцтва  ўстанавілі ахоўныя знакі.

Мы ўпэўнены, што вывучэнне помнікаў археалогіі і культуры свайго раёна дапамагае зразумець, што мы можам страціць, калі застанемся абыякавымі да іх лёсу.  Калі з палёгкай страціць пакой стагоддзяў, увасоблены ў помніках археалогіі, аднавіць  яго будзе ўжо немагчыма. А над гэтым варта задумацца...

Т. МАРЦІНОЎСКАЯ, старшы навуковы супрацоўнік УК “Мастоўскі дзяржаўны музей “Лес і чалавек”

На здымках: археолаг М.М.ЧАРНЯЎСКІ; у час наведвання гарадзішча в.Рыбакі.


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио