Калісьці маленькі Міхась, разглядваючы геаграфічную карту, марыў пра далёкія краіны і кантыненты. Ён хацеў адзначыць на ёй як мага больш мясцінаў, якія наведаны ім. Сярод лесу, на хутары, прайшло яго дзяцінства. Бацька-ляснік з маленства прывучаў яго да роднай зямлі, вучыў бачыць яе прыгажосць і непаўторнасць. Прайшло шмат часу, хлапчук вырас, і цяпер ён - археолаг, дацэнт кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін гістарычнага факультэта БДУ, кандыдат гістарычных навук Міхаіл Міхайлавіч Чарняўскі.
Сёння на геаграфічнай карце, напэўна, няма таго месца ў Беларусі, дзе не ступала яго нага. Ён сапраўдны вандроўнік, адкрывае і дасканала вывучае археалагічныя помнікі Беларусі. Некаторыя з іх у Мастоўскім раёне, уключаныя ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, адкрыты і вывучаны гэтым навукоўцам. Ён правёў першыя ў гісторыі раёна раскопкі першабытных паселішчаў каля вёсак Выгода і Пескі.
Навуковец з задавальненнем наведвае Мастоўскі раён, бо ўпэўнены, што ў нас ёсць цікавыя гістарычныя помнікі. У сярэдзіне верасня разам з супрацоўнікамі музея і прадстаўнікамі Мастоўскага лясніцтва былі наведаны стаянка, курганны могільнік і гарадзішча в.Рыбакі. Як лічыць М. М. Чарняўскі, гэта гарадзішча з’яўляецца адным з самых каштоўных помнікаў археалогіі на тэрыторыі нашага раёна. Гарадзішча выявіў у 1895 г. Ф.В.Пакроўскі, даследавалі ў 1958 г. Ф.Д.Гурэвіч, у 1973 г. - П.Ф.Лысенка, у 1984 г. - Я.Г.Звяруга. Захоўваць памяць продкаў дапамагае і мясцовы жыхар в.Рыбакі Уладзімір Мацвеевіч Аскірка, які з задавальненнем расказвае пра падзеі, звязаныя з роднымі мясцінамі. Прадстаўнікі Мастоўскага лясніцтва ўстанавілі ахоўныя знакі.
Мы ўпэўнены, што вывучэнне помнікаў археалогіі і культуры свайго раёна дапамагае зразумець, што мы можам страціць, калі застанемся абыякавымі да іх лёсу. Калі з палёгкай страціць пакой стагоддзяў, увасоблены ў помніках археалогіі, аднавіць яго будзе ўжо немагчыма. А над гэтым варта задумацца...
Т. МАРЦІНОЎСКАЯ, старшы навуковы супрацоўнік УК “Мастоўскі дзяржаўны музей “Лес і чалавек”
На здымках: археолаг М.М.ЧАРНЯЎСКІ; у час наведвання гарадзішча в.Рыбакі.
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад