Рэгіянальная прэса трывала займае самастойную нішу на інфармацыйным полі краіны. Яна мае вельмі высокую ступень даверу людзей і стабільна ўтрымлівае тыражы. Сучасны стан і перспектывы развіцця гэтага важнага сектара медыяпрасторы падрабязна прааналізаваны ў час выязнога рэспубліканскага семінара для галоўных рэдактараў дзяржаўных абласных, гарадскіх і раённых газет у Салігорску.
Міністр інфармацыі Беларусі А. Праляскоўскі падкрэсліў, што рэгіянальная прэса займае сваю нішу ў інфармацыйным полі Беларусі, выконваючы функцыю грамадска-палітычнага інфармавання грамадзян. Па папулярнасці рэгіянальная прэса займае вядучае месца ў краіне, падкрэсліў міністр, звярнуўшы ўвагу, што разавы тыраж рэгіянальных газет (991 тыс.) перасягнуў тыраж рэспубліканскіх. А па сукупным рэйтынгу раёнкі сапернічаюць з газетай «Советская Белоруссия».
Шмат увагі зараз удзяляецца раённым газетам, яны набылі добрую базу і сучаснае абсталяванне. Дала плён і пастаянная работа над якасцю — многія друкуюцца паўнацветам ці ў два колеры, павялічваюцца аб’ёмы выданняў. Дастаткова стабільнае і фінансава-эканамічнае становішча рэгіянальных СМІ — са 136 рэдакцый з прыбыткам сёлета спрацавалі 85. «Газета нясе дзяржаўную інфармацыю, і яе падтрымка была, ёсць і будзе. Некаторым яна не патрэбна, але дзяржава заўсёды будзе аддаваць належнае гэтым выданням», — заявіў А. Праляскоўскі.
Сярод першасных задач на перспектыву міністр інфармацыі вызначыў далейшую актыўную інфармацыйную работу ў накірунку кансалідацыі грамадства, павышэння тэхналагічнасці працэсу вытворчасці друкаванага прадукту і больш рашучага асваення інтэрнэт-прасторы. Што да апошняга, то ўжо зараз відавочна, што інтэрнэт-версіі, якія маюць усе газеты, надзвычай запатрабаваны, пра гэта сведчыць колькасць і геаграфія наведвальнікаў сайтаў.
У практычнай частцы семінара кіраўнікі рэгіянальных СМІ пазнаёміліся з методыкай сацыялагічнага даследавання аўдыторыі друкаваных выданняў. Цікавасць журналістаў выклікала і выстава газет з розных рэгіёнаў краіны.
Удзельнікі семінара наведалі шэраг аб’ектаў Салігорскага раёна, у тым ліку тыя, што непасрэдна выконваюць інфармацыйныя функцыі. Як адзначыў намеснік старшыні Мінаблвыканкама А. Юшкевіч, у работу СМІ сталічнага рэгіёна зараз актыўна ўкараняюцца самыя сучасныя тэхналогіі, мяркуецца, што ў хуткім часе яны дазволяць больш аператыўна і глабальна распаўсюджваць інфармацыю.
С. ЗВЯРОВІЧ
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад