Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноНовости МостовщиныНовости Мостовщины

Галоўная ёлка расла

Галоўная ёлка расла19 декабря 2012 — 10:00

Мы яшчэ толькі думаем, дзе набыць галоўны атрыбут Новага года і Каляд—ёлку ці хвойку, а ў  магазінах  райцэнтра ўжо  ва ўсю гандлююць навагодняй атрыбутыкай. І ёлкі, праўда, штучныя, зіхацяць агнямі,  ствараючы асаблівы настрой, нагадваючы ўсім нам, што святы не за гарамі.Неўзабаве  ўпрыгожаныя ёлкі з’явяцца на плошчах райцэнтра і будуць радаваць мастаўчан.  Тры ёлкі вышынёй каля пятнаццаці метраў работнікі РУП ЖКГ аблюбавалі на тэрыторыі Курылавіцкага лясніцтва. Прыгажуні раслі ў лясным масіве  паблізу  вёсак Задвор’е і Макары. Аб гэтым  паведаміў памочнік ляснічага Курылавіцкага лясніцтва А.С. Новік.

  —Пасля дваццатага снежня  пачнем прадаваць ёлкі, якія выраслі на спецыяльных плантацыях, насельніцтву навакольных вёсак. У мінулым годзе мы прадалі больш за сотню навагодніх дрэўцаў. У выхадныя дні я з дочкамі пайду на  ёлачную плантацыю, дзе дзяўчынкі выберуць ёлачку на свой густ, а заадно і   палюбуюцца  прыгожым зімовым лесам,— дзеліцца навагоднімі турботамі Андрэй Сцяпанавіч.— Для мяне Новы год яшчэ з дзяцінства асацыіруецца з пахам лясной ёлкі і заморскіх мандарынаў. Ёлку, каб даўжэй стаяла і не скідвала іголкі, мы ставім  у вядро з вільготным пяском, -- працягвае А.С. Новік.

   Самы вялікі ёлачны кірмаш, як заўсёды, мяркуе арганізаваць Мастоўскае лясніцтва.  Як рассказала памочнік ляснічага С.Ч. Тамашэвіч, навагоднія дрэўцы— ёлкі і  хвойкі,  з 22 снежня пачнуць прадаваць на тэрыторыі лясніцтва. Дрэўца вышынёй да   аднаго метра можна набыць  за 24 900 рублёў, да двух метраў—за  30 900, да трох метраў—за 47 400, да чатырох метраў —за  71 100, да пяці метраў— за 106200 рублёў.  Ёлка вышынёй больш  за пяць метраў каштуе  326 400 рублёў.

У мінулым годзе ў лясніцтве было рэалізавана насельніцтву больш за 5 тысяч  ёлак і хвоек, ёлак было прададзена больш.  Не менш навагодніх дрэваў  плануюць прадаць   і сёлета.

  Сёння многія аддаюць перавагу  штучным  ёлкам, па сваёй прыгажосці  яны нічуць не ўступаюць натуральным, з імі  менш турбот, але  не адчуваецца пах свята. Штучную ёлку сярэдніх памераў можна набыць за  450-500 тысяч рублёў.

  —Я аддаю перавагу хвойцы, яна моцна пахне і больш доўгавечная, — прызнаецца Святлана Чаславаўна Тамашэвіч.  І яшчэ папярэджванне тым, хто мяркуе сэканоміць на галоўным атрыбуце Новага года: за самавольную  вырубку навагодняга дрэва ў лесе  пагражае штраф у памеры  50 базавых велічынь. Сёння выгадней быць законапаслухмяным і не рызыкаваць.                           Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧ


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио