Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноСпорт и ТуризмСпортивная жизнь МостовщиныБлоги наших журналистовСтанислав ЗверовичНовости МостовщиныНовости МостовщиныЮбилейные датыМостовский район — юбилей 8.0.

Француз з мастоўскімі каранямі стварыў фільм пра веславальшчыкаў

Француз з мастоўскімі каранямі стварыў фільм пра веславальшчыкаў22 января 2020 — 08:34

Паглядзець  фільм пра мастоўскіх спартсменаў-веславальшчыкаў прыйшло столькі людзей, што кінатэатр “Сучаснік” быў запоўнены цалкам. Гледачы нават сядзелі на прыстаўных крэслах.

 

Гэта незвычайная дакументальная кінастужка. У кінатэатры не было звыклай у такі час  цішыні. Дзеці і дарослыя выказвалі свае эмоцыі воплескамі ў далоні, воклічамі “Маладзец!”, “Выдатна!”, “Давай-давай!”.

Стварыў фільм наш зямляк Дзмітрый Махамет. Нарадзіўся ён у Малых Азёрках, але потым з бацькамі пераехаў у Дубна. Вучыўся ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў і кінашколе “Лё Фрэнуа” у Францыі. Там і цяпер жыве і працуе, малюе карціны, стварае фільмы. Але часта прыязджае ў Беларусь. Кінастужкі  яго ўдзельнічалі і атрымлівалі прызы ў розных міжнародных кінафестывалях, у тым ліку ў французскім “Cinema  du Reel” і ў беларускім “Лістападзе”.

Як узнікла ідэя стварыць фільм пра мастоўскіх спартсменаў? – спыталі мы ў аўтара.

– Пераехаўшы ў Дубна, я некаторы час займаўся ў мясцовым філіяле Гродзенскага абласнога цэнтра алімпійскага рэзерву, які знаходзіцца ў Мастах. Мне вядома, што яго выпускнікі на міжнародных спаборніцтвах станавіліся чэмпіёнамі свету, Еўропы, уладальнікамі Кубка свету. Можна ўзгадаць Надзею Кавалевіч, Здзіслава Сароку, якія выступалі яшчэ за зборную Савецкага Саюза. Зараз у склад зборнай Беларусі ўваходзяць Алег Юрэня і Дзмітрый Лапата.

З іншага боку, мы мала ведаем, як становяцца чэмпіёнамі, якая праца за гэтым стаіць у дзіцячай спартыўнай школе, як у юначым узросце закладваецца аснова для будучых перамог.

 

У фільме мы бачым выхаванцаў школы, іх кіраўніка і трэнераў на працягу аднаго года. З хваляваннем сочым за тым,  як яны трэніруюцца, спаборнічаюць, адпачываюць, што іх клапоціць і аб чым мараць…

 

– Мне здаецца, што ўсё гэта цікава для гледача. Героямі фільма з’яўляюцца падлеткі 15-16 гадоў Цімафей Парфёнаў, Мікіта Арцішэўскі, Мікалай Астапчык, Аляксей Абрамчык і іншыя, кіраўнік Цэнтра алімпійскага рэзерву Пётр Рудзевіч, трэнер Уладзімір Парфіновіч і іх калегі. Іх у Мастах ведаюць многія, а вось тое, якой важнай і цікавай справай займаюцца, бачыць давялося не кожнаму.

Мой фільм не толькі і не столькі пра спорт, колькі пра вельмі няпростае, поўнае хваляванняў і перажыванняў, жыццё падлеткаў, якія жывуць у інтэрнаце, адарваны ад сваёй сям’і. Пра тое асяроддзе, у якім знаходзяцца навучэнцы. Я хацеў паказаць іх маленькія драмы, перамогі, увесь спектр пачуццяў, які яны адчуваюць на сваім няпростым шляху, як вучацца  быць моцнымі, жыць, перамагаць. Як цярпліва і настойліва ім перадаюць дарослыя спартыўнае майстэрства і жыццёвыя каштоўнасці. Адначасова вучаць, як пераадолець сябе і дасягнуць вышынь. Я паказаў, як трэнер дапамагае падлеткам сталець, пазнаваць свет, раскрыць свае здольнасці, як кажуць, стаць на крыло.  У канцы фільма гледачы бачаць, як змяніліся за год выхаванцы Цэнтра алімпійскага рэзерву, як узмужалі, якімі сталі іх жыццёвыя каштоўнасці і мэты.

З фільма  нашага земляка Дзмітрыя Махамета глядач, магчыма, упершыню даведаўся, як нараджаецца будучыня беларускага спорту. Вельмі добра, што ён быў завершаны напярэдадні 80-годдзя Мастоўскага раёна, бо Цэнтр алімпійскага рэзерву па веславанні  ўпісаў не адну слаўную старонку ў яго гісторыю. Ён рыхтаваў і рыхтуе спартсменаў высокага класа.

– Фільм добры, паказвае, як фарміруецца асоба спарстмена, яго любоў да веславання і жаданне перамагаць, – сказаў пасля прагляду дырэктар Гродзенскага  абласнога  цэнтра алімпійскага рэзерву Пётр Рудзевіч. – Мастаўчане  ўбачылі, якім няпростым з’яўляецца шлях да перамогі. Прыемна, што на працягу ўсяго фільма гледачы вельмі хваляваліся за нашых выхаванцаў.

 

С.ЗВЯРОВІЧ

Фота аўтара

 


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио