Заря над Неманом Идет подписка О газете Контакты

Як у Лунна Яна славілі: лунненцы адзначылі прастольнае свята галоўнага храма мястэчка

Як у Лунна Яна славілі: лунненцы адзначылі прастольнае свята галоўнага храма мястэчка10 июля 2026 — 11:36

Сёмага ліпеня лунненцы апранулі лепшыя кашулі, спадніцы ды чаравічкі, каб адзначыць прастольнае свята праваслаўнага храма   Раства Яна Хрысціцеля.

Ян Хрысціцель ‒ адзін з найбольш славутых хрысціянскіх святых. Калі ў іншых свята адзначаецца ў дзень смерці пакутніка, то ў Яна Хрысціцеля наадварот ‒ у дзень яго нараджэння, як у Хрыста ды Багародзіцы. Падчас літургіі праваслаўныя вернікі ўспамінаюць, як у сям’і іудзейскага святара Захарыя і жонкі яго Лізаветы нарадзіўся будучы прарок, які прадказаў з’яўленне месіі ‒ Ісуса Хрыста, і таксама хрысціў яго ў водах ракі Іардан.

Прастольнае свята ‒ гэта адна з галоўных падзей у жыцці кожнага мястэчка, таму ў Лунна ў той дзень з’ехаліся з ўсяго наваколля: у храме можна было налічыць больш за паўсотні чалавек. Яшчэ адна нагода завітаць у храм 7 ліпеня ‒ візіт архібіскупа Гродзенскага і Ваўкавыскага Антонія, які і адслужыў у храме Божую літургію. Дапамагалі архіпастару протаіерэі Мікалай Лабынько і Віктар Каласоўскі, а таксама іерэй Аляксандр Свістун, настаяцель прыхода лунненскага храма.

Што ні кажы, але царкоўныя свята захавалі сваю, асаблівую атмасферу на працягу стагоддзяў. Нягледзячы на ўзрост, усё роўна ўспомніш бабуль, дзядуль ці бацькоў, якія вадзілі нас, малых ды някемных, у храм кожную нядзелю. Гэтыя ўспаміны і думкі праносяцца ў галаве пад акампанемент спеваў мясцовага хору. Узначальвае яго Іна Аскірка. У руках жанчына трымае маленькі камертон, каб наладзіць сябе і хор на патрэбную ноту.

Пасля літургіі архібіскуп узнагародзіў пяцярых лунненцаў медалямі “Каложская Адзігітрыя” III ступені ‒ Браніслава Хаванскага, Валянціну Дубіцкую, Марыю Сідар, Марыю Лук’янаву і Руслана Семенчука. Таксама архірэйскія граматы атрымалі Валянціна Трафімчык, Васіль Раманькоў, Ніна Воран, Людзміла Паўшок, Кацярына Барадаўка і Алена Якубеня.

‒ Жыццё Яна Хрысціцеля ‒ гэта прыклад для ўсіх нас, якому чалавеку адкрываецца Бог. Ён быў моцным і духам, і верай, і дакладна  паказаў на Ісуса Хрыста як на Збаўцу нашага. Не вышэйшыя сілы, а адзін з нас, простых людзей. І шмат хто лічыў Яна Хрысціцеля месіяй, але ён заўсёды адказваў: “Пасля мяне будзе той, чыіх сандалій я няварты развязаць”, ‒ звярнуўся ў сваёй пропаведзі да прыхажан архібіскуп Антоній.

‒ Жыццё Яна Хрысціцеля ‒ гэта прыклад для ўсіх нас, якому чалавеку адкрываецца Бог. Ён быў моцным і духам, і верай, і дакладна  паказаў на Ісуса Хрыста як на Збаўцу нашага. Не вышэйшыя сілы, а адзін з нас, простых людзей. І шмат хто лічыў Яна Хрысціцеля месіяй, але ён заўсёды адказваў: “Пасля мяне будзе той, чыіх сандалій я няварты развязаць”, ‒ звярнуўся ў сваёй пропаведзі да прыхажан архібіскуп Антоній.

Таксама напрыканцы свята архібіскуп узначаліў хрэсны ход і падзяліў трапезу з прыхажанамі лунненскага храма.

Віктар МОХАНЬ

Фота аўтара

 

 

 

 


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».

Назад
Идет подписка О газете Контакты