28 июля 2026 — 10:20
Калі вы раптам пажадаеце адчуць подых даўніны, якая поўніцца традыцыямі ды прыгажосцю, калі ласка, завітайце ў Гудзевічы. Дакладна ‒ на тэкстыльны фэст, які ладзяць у аграгарадку кожны год.
Цяжка звыкнуцца з думкай, што зараз ткацтва ‒ гэта амаль што музейная справа. У побыце беларусак яно пачало знікаць напрыканцы мінулага стагоддзя. Прайшло некалькі дзясяткаў год ‒ і цяпер дываны, рушнікі ды паясы, якія стваралі залатыя рукі нашых майстрых, займаюць сваё месца ў пакоях толькі ў якасці экспанатаў. А калісьці кросны ці ткацкія станкі стаялі ў куточку кожнай хаты, і не проста збіралі пыл ‒ на іх ткалі амаль штодзённа.



Зараз на Гродзеншчыне захоўваюць традыцыйнае ткацтва ‒ калі не ў побыце, то ў дамах культуры і музеях. Адзін з такіх сродкаў ‒ Гудзевіцкі тэкстыльны фэст, на якім збіраюцца і майстры, і жыхары вёскі, і творчыя калектывы ‒ усіх неабыякавых да беларускага людзей.
Завіталі на мінулых выхадных у Гудзевічы і майстры-ткачы з суседніх раёнаў. Галоўнай зоркай фэсту павінна была стаць Вера Ігнатаўна Белакоз ‒ легендарная асоба не толькі ў межах раёна, але і вобласці. Са сваім мужам Алесем Мікалаевічам яна паўстагоддзя таму стварыла дзіцячы ткацкі гурток. Дзеці там нават ткалі на юбілейныя даты пісьменнікаў іменныя гальштукі. Гэты прадмет гардэроба з Гудзевіч мелі Уладзімір Караткевіч, Ніл Гілевіч, Васіль Быкаў і іншыя знакамітыя творцы. Потым перанялі ў адэльскай майстрыхі Ядвігі Райскай тэхналогію падвоенага ткацтва, і ўжо ў 2011 годзе гэтае рамяство ўключылі ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
На жаль, яна не змагла паўдзельнічаць у фэсце з-за стану здароўя, аднак на свята прыехала яе дачка Марына Камінская, якая таксама пранесла ткацтва праз усё сваё жыццё. Спадчынніца ткацкіх традыцый, яна зараз працуе выкладчыкам у ткацкім гуртку ў Гродне ‒ як некалі яе маці.

Суседзі-майстры таксама не абмінулі свята ў Гудзевічах, яны прыехалі з Адэльска і Квасоўкі. Майстар Вадзім Гняцецкі з Адэльскага дома культуры займаецца ткацтвам амаль з дзяцінства, таму яго сапраўды можна назваць захавальнікам традыцый.

Ягоная калега з Квасоўкі Яўгенія Станіна таксама тчэ ўсё сваё жыццё. Нават на свяце яна займалася сваёй працай: павольна стварала невялічкі габелен ‒ зімародак у кветках.
‒ Габелен увогуле магнацкая справа: буйная шляхта ўпрыгожвала свае маёнткі не толькі жывапісам, але і тканымі дыванамі. Працавалі над габеленам вельмі доўга: заўсёды патрабавалі перадаплату, бо замоўца мог і нябожчыкам стаць за тыя два гады, што ткаўся габелен. Нават я на гэты невялічкі малюнак патрачу больш за месяц, ‒ расказвае нам Яўгенія, павольна працягваючы ткаць.
Усіх майстроў узнагародзілі падзякамі за ўдзел у фэсце і захаванне ткацкіх традыцый Гродзеншчыны. Уручылі іх падчас урачыстага адкрыцця фэсту намеснік райвыканкама Марына Давыдзік і намеснік дырэктара ДУК “Гродзенскі абласны метадычны цэнтр народнага мастацтва” Наталля Рамановіч.
Аднак не адным ткацтвам і майстар-класамі поўнілася свята! Душа на гэтых падзеях патрабуе песень і плясак, і было іх хоць дарма аддавай. Але перш за ўсё ‒ пачуццё прыгожага: для гледачоў падрыхтавалі сапраўднае дэфіле ў народных беларускіх строях. У якасці мадэлей на імправізаваную сцэну выходзілі супрацоўнікі краязнаўчага музея і артысты мясцовага дома культуры.




Яны ж і адкрывалі музычную частку свята, а дапамагалі ім артысты з суседніх аграгарадкоў і вёсак ‒ Курылавіч ды Стральцоў, што таксама завіталі на свята.












Беларускія святы жывуць па няхітрых законах: калі стаміўся пець, то танцуй, а калі замучыўся выкідваць каленцы ‒ спявай. Таму эстафету ад артыстаў прымалі ўдзельнікі народнага тэтральнага калектыву РЦК, якія правялі для ўсіх жадаючых майстар-класы па побытавых танцах, а ў вольны час проста танчылі пад песні артыстаў.




Калі ж стаміўся ты спяваць і гойсаць, то самы час падсілкавацца, і аб гэтым паклапаціліся арганізатары фэсту. Дзякуючы гаспадарцы ЗАТ “Гудзевічы”, госці і ўдзельнікі свята атрымлівалі асалоду ад беларускіх страў і напояў.







Віктар МОХАНЬ
Фота аўтара
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад