У аграгарадку Мікелеўшчына і навакольных вёсках добра ведаюць і паважаюць загадчыцу Мікелеўшчынскага фельчарска-акушэрскага пункта Алу Аляксандраўну Богдзель. Амаль што трыццаць гадоў яна аказвае медыцынскую дапамогу вяскоўцам, якія, у сваю чаргу, удзячны ёй за клопат, увагу і прафесіяналізм.
-- У абслугоўванні ў мяне 554 чалавекі, што пражываюць у васьмі населеных пунктах. Наўрад ці сярод іх знойдзецца чалавек, які хаця б аднойчы не звяртаўся за медыцынскай дапамогай. За столькі гадоў працы на адным месцы з кожным даводзілася сустракацца, гутарыць, безумоўна ж, аказваць дапамогу ў захаванні і ўмацаванні здароўя, -- расказвае загадчыца Мікелеўшчынскага ФАПа Ала Аляксандраўна Богдзель. У наступным годзе будзе роўна трыццаць гадоў, як яна пасля заканчэння Слонімскага медыцынскага вучылішча пачала свой прафесійны шлях.
Аказанне першай медыцынскай дапамогі насельніцтву, вядзенне амбулаторнага прыёму хворых, выкананне працэдурных назначэнняў, выклікі на дом, патранажнае наведванне дзяцей, цяжарных жанчын і адзінокіх састарэлых грамадзян – такімі прафесійнымі абавязкамі напоўнены працоўны графік сельскага фельчара. Да таго ж, спецыфіка работы на вёсцы абавязвае быць гатовым да таго, што за дапамогай могуць звярнуцца і ноччу, і ў выхадны дзень. Хваробы ж, як і надзвычайныя выпадкі, не выбіраюць часу сутак і дзён тыдня.
І, безумоўна, Ала Аляксандраўна стараецца дапамагчы кожнаму, зрабіць усё магчымае, што ў яе сілах і кампетэнцыі. А як жа іначай, калі гэта твой абавязак і прызванне: аблягчаць пакуты і прыносіць вылечванне. Гледзячы на маму, слухаючы яе расказы і назіраючы за штодзённымі клопатамі пра хворых, медыцынай “захварэла” і дачка Вольга, якая зараз атрымлівае вышэйшую адукацыю ў Гродзенскім медыцынскім універсітэце.
У цэнтры асаблівай увагі загадчыцы ФАПа – дзіцячае насельніцтва аграгарадка Мікелеўшчына і навакольных вёсак.
-- Дзяцей да года ў мяне на ўчастку трое, маецца адна цяжарная жанчына. Акрамя таго, мясцовую школу-сад наведваюць 43 рабяты-школьнікі і 9 дашкольнікаў. Усе яны пад пільным наглядам, -- адзначае А.А.Богдзель.
Дарэчы, у школе яна таксама часты госць: вядзе прафілактычную работу сярод рабят, прапагандуе прынцыпы здаровага ладу жыцця, выступае з лекцыямі па папярэджванні наркаманіі, алкагалізму, курэння і іншых шкодных звычак і захворванняў, што могуць нашкодзіць здароўю і нават жыццю. З гэтай жа мэтай Ала Аляксандраўна бывае ў працоўных калектывах і на сельскіх сходах. Да меркавання фельчара прыслухоўваюцца, яе парады прымаюцца да дзеяння. Апошнім часам А. А. Богдзель вядзе актыўную прафілактычную работу, накіраваную на правядзенне вакцынацыі супраць грыпа. Гаворка аб прафілактычных прышчэпках ішла на мехдвары “Мікелеўшчына”, а таксама на малочна-таварным комплексе.
Н.ШЭЎЧЫК
Фота аўтара
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад