У музеі можна ... пачаставацца смачнымі блінамі, а ў бібліятэцы – пасябраваць з піратам і знайсці сапраўдны скарб. Здзіўлены? А вось рабяты, што часта наведваюць раённую дзіцячую бібліятэку і музей “Лес і чалавек”, могуць падцвердзіць, што гэта рэальны факт.
Зараз без крэатыўных ідэй, анімацыйных праграм і сучасных інтэрактыўных форм зносін з наведвальнікі ёсць шанц застацца ў адстаючых, упэўнены нашы субяседніцы – загадчык філіяла “Мастоўская раённая дзіцячая бібліятэка” Таццяна Ярашук і навуковы супрацоўнік установы культуры “Мастоўскі раённы музей “Лес і чалавек” Марына Жвірбля.
Знаёмства з бібліятэкай і добрай кнігай для Таццяны Збігнеўны пачалося з дзяцінства, бо яе маці Ніна Уладзіміраўна Ляскевіч працавала загадчыкам аддзела камплектавання і апрацоўкі раённай бібліятэкі.
- Мы з сястрой усе канікулы праводзілі ў бібліятэцы, чыталі і рамантавалі кнігі, дапамагалі матулі. Нам было гэта цікава. Безумоўна, усё гэта, а таксама прыклад мамы паўплывалі на рашэнне стаць бібліятэкарам, - расказвае Таццяна.
Цікава, што і свякроў нашай суразмоўцы, Вера Сцяпанаўна Ярашук, таксама работнік гэтай сферы, доўгі час працавала ў Дзенькаўскай сельскай бібліятэцы. А пасля там жа на працягу чатырнаццаці гадоў адточвала свае прафесійныя навыкі і Таццяна – такі вось жыццёвы кругазварот.
Апошнія дванаццаць гадоў Таццяна Збігнеўна працуе ў раённай дзіцячай бібліятэцы, з іх пяць гадоў – на пасадзе загадчыка.
- Мы імкнемся, каб нас ведалі, пазнавалі, таму з нашай гульнёвай пляцоўкай прымаем удзел ва ўсіх гарадскіх і раённых святах. Шмат займальных і адначасова пазнавальных мерапрыемстваў праводзім і ў сценах бібліятэкі. А ўсё дзеля таго, каб далучыць падрастаючае пакаленне да кніжнай мудрасці, навучыць іх любіць кнігу, роднае слова і свой край, - разважае Таццяна.
Немагчыма выхаваць сапраўдных патрыётаў сваёй радзімы і без ведання гісторыі краю, дзе нарадзіўся, зрабіў першыя крокі, дзе жывуць твае родныя і сябры. Гэтую задачу паспяхова вырашаюць музейныя ўстановы.
- Наш музей “Лес і чалавек” прапагандуе не толькі любоў да радзімы праз знаёмства з народнымі традыцыямі і побытам продкаў, але і акцэнтуе ўвагу на экалагічным выхаванні рабят, на разуменні сваёй ролі ў такой важнай справе, як ахова навалькольнага свету, - адзначае Марына Сяргееўна Жвірбля. - На гэта накіраваны шматлікія лекцыі, музейна-педагагічныя заняткі, экскурсы да выстаў, анімацыйныя праграмы, распрацоўкай якіх я займаюся. Добрая тэарэтычная падмога творчай працы – адукацыя гісторыка, якую атрымала ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы.
“Купалле”, “Гуканне вясны. Саракі”, “Масленіца”, “Музей у чамадане” і музей-бус, што прыцягваў увагу жыхароў і гасцей падчас свята горада Масты – вось далёка не поўны спіс крэатыўных форм, якія прапануе сёння музей сваім наведвальнікам. А наперадзе – новыя ідэі, цікавыя знаходкі і вышыні, якія трэба паспяхова пакарыць. Чаго мы шчыра і жадаем.
Н.БЯЙДУК
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад