Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноНаука и образованиеНаука и образование

Фарбы школьнай ярмаркі

Фарбы школьнай ярмаркі06 декабря 2016 — 10:41

 

Ва ўсе гады ў нашым Мілявіцкім дзіцячым садзе-сярэдняй школе гучалі пазыўныя асенняй ярмаркі. Не стаў выключэннем і гэты навучальны год. Па традыцыі арганізавала ярмарачны дзень педагог-арганізатар нашай школы Алена Іосіфаўна Русак. Зрабіла аб‘яву, правяла маніторынг прадавецкай і пакупальніцкай здольнасцей вучняў, настаўнікаў, гасцей і адкрыла свята. Спачатку нас захапіла ў свой палон праграма з песнямі і хараводамі, потым праводзіліся шматлікія гульні і конкурсы. Бяспроігрышная латарэя таксама была праведзена вельмі займальна. У якасці выйгрышаў удзельнікі атрымлівалі і моркву, і заколкі, і блакноты, і цукеркі…


А потым пачалося самае чароўнае дзейства - гандаль, калі новыя капеячкі толькі звінелі ў руках наваспечаных камерсантаў. Вось хлопцы бойка прадаюць сплеценыя з лазы кошыкі (гэта, канечне, Дубатоўкі)! Вось нахвальваюць сваю выпечку Патаповічы, Сніткі, Нагуй! А тут гандлююць грэцкімі арэхамі, арбузнымі семячкамі! Здаецца, ну што тыя яблыкі ў сёлетні багаты на ўраджай год! Але і іх купляюць нарасхват! Па калідоры разносіцца водар ад лекавага збору, што прынесла настаўніца Вера Уладзіміраўна Пашкевіч.

Разбягаюцца вочы і ад лаўкі, якую накрыла Святлана Валянцінаўна Хурса са сваімі падапечнымі: чырвоныя і жоўтыя перцы, насенне агародніны, выпечка, бутэрброды… Сапраўдны кафетэрый арганізавала класны кіраўнік 5 класа Ірына Уладзіміраўна Гардзейка са сваімі дзецьмі. Вучні 8 класа прадавалі часнок, цыбулю, моркву, капусту. Адзінаццацікласнікі былі апрануты ў народныя вопраткі і прадавалі яны венікі.


Побач з гандлёвымі радамі размясцілася выстава з агародніны: тут і вужакі, і сабачкі, і іншапланетны карабель, і снежная баба, і пінгвіны.


Ярмарка дала дзецям вельмі многае: час зносін і вяселля, развіццё сваіх творчых здольнасцей, прыступку да будучай прафесіі.
Ярмарку наведаў і дырэктар школы Дзмітрый Уладзіміравіч Малец. Ён быў захоплены ёю, зрабіў многа пакупак, хваліў нас, дзяцей. А нам гэта так важна!


За кожнае гандлёвае месца прадаўцы плацілі 50 капеяк. Сабраныя грошы ад шчырага сэрца мы пералічваем на рэспубліканскую акцыю “Наша піянерская праца табе, Айчына” .
Да пабачэння, цудоўны дзень і цудоўнае свята!

Д. АСІНОЎСКАЎ,
вучань 9 класа,
член гуртка “Юныя журналісты”


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио