Жыхарка Галубоў Марыя Піліпаўна Страцейчук у мясцовы магазін заходзіць з задавальненнем, асартымент прадуктаў у ім амаль такі ж, як у райцэнтры. Па ўзросту яны з мужам ужо на пенсіі, здароўе не дазваляе трымаць вялікую гаспадарку, таму амаль усе неабходныя прадукты даводзіцца купляць у магазіне. Тут ёсць усё, пачынаючы ад хлеба і канчаючы заморскімі фруктамі. Адных каўбас бывае да дзесяці гатункаў, на любы густ і кашалёк, пастаянна ў продажы ёсць куры, рыба і нават марожанае. Уся гэтая смаката раскупляецца імгненна. Чаго няма ў магазіне райспажыўтаварыства, тое можна набыць у прыватным магазіне і наадварот. Як былы медыцынскі работнік, Марыя Піліпаўна сцвярджае, што сёння вяскоўцы сталі харчавацца лепш, чым , скажам, гадоў дваццаць назад. Дабрабыт вясковых жыхароў палепшыўся , спажывецкі кошык пацяжэў.
Прыкладна гэтак жа думае пераважная большасць жыхароў Галубоў і іншых вёсак, што размешчаны на тэрыторыі сельсавета. Спажывецкі попыт вяскоўцаў сёння павялічыўся. Яны ў магазіне купляюць не толькі хлеб, але і розную смакату ў дадатак да хлеба штодзённага. Ахвотна набываюць сяльчане і малочныя прадукты. Яны завозяцца ў магазін два разы на тыдзень і на прылаўках не залежваюцца. У мінулым годзе таваразварот толькі Галубоўскага магазіна склаў 324 мільёны рублёў. Кожны вясковец у сярэднім набыў у магазіне тавараў на 1414,8 тысячы рублёў.
Аб рабоце аб’ектаў гандлю і задавальненні патрэб сельскага насельніцтва ў таварах і паслугах ішла размова на апошнім пасяджэнні Галубоўскага сельвыканкама.
Зараз на тэрыторыі сельсавета працуюць два магазіны райспажыўтаварыства, а ў Галубах працуе прыватны магазін Б.І. Чарнеца. Канкурэнцыя паміж прыватным гандлем і магазінамі райспажыўтаварыства толькі на карысць мясцоваму насельніцтву.
Жыхароў аддаленых вёсак два разы ў тыдзень абслугоўвае аўтамагазін, які дастаўляе ім тавары першай неабходнасці. Без хлеба, малака, круп і іншых прадуктаў вяскоўцы ніколі не застаюцца, а іншыя тавары першай неабходнасці, у тым ліку і нехарчовыя, можна папярэдне заказаць у прадаўцоў аўтамагазіна. Для пажылых людзей (а ў аддаленых вёсках большасць такіх) гэта выгадна і зручна.
Гандлёвы стандарт на тэрыторыі Галубоўскага сельсавета крыху азмрочвае той факт, што з-за адсутнасці прадаўца часова не працуе магазін у Рудзе Ліпічанскай. У магазінах у Галубах і Стукалах неабходна правесці рамонт і навесці парадак на тэрыторыі вакол будынкаў. Загадчыкі магазінаў А.А. Санюкевіч і Т.С. Парфіновіч і на будучае павінны павышаць культуру абслугоўвання, выкарыстоўваючы новыя формы і метады работы.
Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧ
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад