Спакон вякоў на роднай зямлі беларускай жыве народ, які мае багатую спадчыну: рамёствы, жарты, загадкі, прыказкі, гульні. У музеі гімназіі мы распрацавалі план экскурсіі, каб падзяліцца гэтай багатай спадчынай з наведвальнікамі. Мяне завуць Надзея Ярац. Я вучаніца сёмага класа гімназіі, член савета гімназічнага музея, заўсёды ганаруся сваёй нацыянальнай адметнасцю, цікаўлюся беларускай культурай, рамёствамі і заўсёды ўдзельнічаю ў краязнаўчых мерапрыемствах і пошуковай рабоце музея. Падчас акцыі “Падары музею экспанат” я разам з татам, таксама таленавітым майстрам-сталяром, прывезлі ад маіх сваякоў цікавы этнаграфічны экспанат. Гэта цудоўная люлька, якая была дастаўлена ў музей з вёскі Пацавічы Мастоўскага раёна. Як удала яна сплецена з лазы для немаўляткі. Зрабіў гэты плецены цуд мой прадзед Іван Коцка, ён быў вельмі таленавітым народным майстрам. Рыхтуючыся да экскурсіі, я прачытала шмат літаратуры і даведалася, што лозапляценне – адно з самых старажытных рамёстваў, якое дайшло да нашых дзён, практычна не змяніўшыся. У Беларусі з лазы плялі розныя па форме і прызначэнні вырабы: узводзілі жыллё, гаспадарчыя пабудовы, рабілі загарадзі, кузавы санкаў, посуд і мэблю нават! Сплеценыя з дубца кошыкі, дзіцячыя калыскі, цацкі, мініяцюрныя карзіны, вазы, дарожныя скрыні, шкатулкі, мэбля многія гады служылі чалавеку, упрыгожваючы яго побыт.
А яшчэ тата мне расказваў, што мая прабабуля Алена Коцка любіла каля гэтага ложка спяваць калыханкі сваім дзеткам. Напэўна, гэтыя цудоўныя радкі.
Гушкі-гушкі, прыляцелi птушкі,
Селi на варотах у чырвоных ботах,
Сталi сакатацi: "Што сыночку дацi?
Ці гароху троху,
Ці ячменю жменю...
Дарэчы кажучы, матэрыял, з якога зроблена калыска, – гэта вярба. З канца лета і да пачатку руху соку вясной майстры ходзяць уздоўж рэк і азёр у пошуках лазы. Дубцы, прыдатныя для пляцення, павінны быць доўгімі, тонкімі, гнуткімі, мець роўную і гладкую паверхню. Каб зразумець, ці прыдатны прут, яго некалькі разоў абмотваюць вакол пальца. Калі дубец пры гэтым не ломіцца, то ён падыходзіць для пляцення. Каб лаза стала больш эластычнай, перад пачаткам працы яе на 30-40 хвілін замочваюць у вадзе і заварочваюць у вільготную тканіну, каб лаза падчас пляцення хутка не высыхала.
Хачу звярнуць ўвагу: у нашым музеі шмат вырабаў з лазы, у асноўным гэта кошыкі, але ёсць і прыгожая ваза. У Беларусі пляценне кошыкаў было даволі распаўсюджанай справай. Майстры плялі кошыкі розных формаў і памераў. Адным з самых вядомых вырабаў з лазы з'яўляецца двухлучковы кошык, які ў многіх краінах называюць «беларускім».
На працягу ўсёй гісторыі беларускі народ назапашваў і развіваў самабытную нацыянальную культуру, з якой мы сёння павінны знаёміцца бліжэй і перадаваць наступным пакаленням.
Надзея ЯРАЦ,
вучаніца гімназіі №1 г. Масты, член савета музея
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад