Дванаццаць пажаўцелых ад часу лістоў невялікага памеру (напалову школьнага сшытка), сшытых уручную грубай ніткай. Загнутыя і надарваныя старонкі. Запісы, зробленыя простым алоўкам даволі разборлівым почыркам…
Як запісная кніжка партызана трапіла да супрацоўнікаў Мастоўскага раённага музея “Лес і чалавек” і пра што расказвае ўнікальны экспанат – чытайце ў нашым матэрыяле.
Літаральна дакрануцца да гісторыі, адчуць яе подых праз старонкі дзённіка, патрымаць ў руках эксклюзіўную рэч, якая вяртае нас ў гады ваеннага ліхалецця, разабрацца ў запісах і ўявіць, як жылі народныя мсціўцы, якія дастаўлялі ворагу нямала клопатаў, – гэта, несумненна, журналісцкае шанцаванне. Такое выпадае даволі рэдка, але менавіта з такіх памятных падзей і складваецца прафесійнае жыццё карэспандэнта газеты.
– Запісную кніжку прынёс у музей мастаўчанін Анатоль Воўк, – расказвае захавальнік фондаў Таццяна Чарняк. – Спачатку мы і не зразумелі, што ў гэтых запісах – частка жыцця і лёсу партызана. Дзённік беражліва, як самую каштоўную рэч, захоўвала маці Анатолія Міхайлавіча – Зінаіда Максімаўна. Невялікая самаробная кніжыца – памяць аб браце Вікенціі Тоўсціку, які ў гады Вялікай Айчыннай вайны быў удзельнікам партызанскага руху на Мастоўшчыне.
Дарэчы, некаторыя запісы, нягледзячы на тое, што многае ад часу сцёрлася, можна лёгка разабраць. Вось што чытаем на адной са старонак (у тэксце захаваны стыль, арфаграфія і мова арыгінала):
“Диверсия №4 на 19 III 44 г. Небольшое количество подрывников в количестве 7 человек, и именно Копылович И, Дравица Н, Мещетович Н, Товстик В, Жук П, Булак М, Веробей Ник. взорвали вражеский эшелон шедший на восток с военным грузом со станцы Зельва Вороничы, уничтожены паровоз и 4 плащатки …”.
А вось запіс на другой старонцы дзённіка:
“Актив комсомольской организации в 3 взводе проводят тов. Тарарук, Дравица В и ряд других комсомольцев. Они борются со всеми недостатками, которые происходят в лагере, стараются обяснить вновь прибывшим товарищам как нужно правильно нести караульную службу…”.
Разам з выключна ўнікальным экспанатам А. Воўк перадаў ў музей архіўную даведку пра сваіх сваякоў, якія загінулі ад рук фашысцкіх акупантаў, і характарыстыку маці, дадзеную ёй выканаўчым камітэтам Курылавіцкага сельскага Савета дэпутатаў працоўных. Паведаў Анатоль Міхайлавіч і трагічную гісторыю сям’і сваёй маці. Самой жанчыне лёсам наканавана было выжыць і перадаць гэтую пякучую ад слёз і болю праўду нашчадкам.
Восем чалавек з вялікай сям’і Тоўсцікаў – бацька, маці і шасцёра дзяцей, у тым ліку немаўля да трох гадоў, што жылі ў вёсцы Курылавічы, былі расстраляны фашыстамі ў снежні 1942 года. Карная аперацыя была накіравана на знішчэнне сям’яў партызан. Якімсьці чынам фашыстам стала вядома, што старэйшыя сыны Фёдар і Вікенцій Тоўсцікі ваявалі ў той час ў партызанскім атрадзе, які базіраваўся ў Ліпічанскай пушчы. І гэта стала падставай, каб знішчыць увесь род.
Аднак цудам засталіся ўжывых сёстры Марыя і Зіна. Ёсць меркаванне, што так як на расстрэл прывялі шмат людзей, дзяўчынак проста прыкрылі ад куль дарослыя. Некаторы час пасля трагедыі яны жылі ў партызанскім атрадзе, а потым – у разбуранай бацькоўскай хаце. Пазней Марыя пераедзе ў Масты, будзе працаваць на дрэваапрацоўчым заводзе.
Старэйшы Вікенцій, запісную кніжку якога захоўвала Марыя Максімаўна, загінуў у партызанах, а Фёдар ў 1944 годзе быў прызваны ў Чырвоную армію і склаў сваю галаву на фронце.
Вось так у сям’і мастаўчан жыла памяць аб блізкіх, якія аддалі сваё жыццё за Перамогу і сённяшні мірны дзень. І будзе жыць далей. Зараз у музеі. А запісы ў кніжцы партызана Вікенція Тоўсціка супрацоўнікі і наведвальнікі будуць яшчэ не раз чытаць, як напамін аб важным – аб міры і тым, якую высокую цану заплацілі за яго нашы продкі.
Наталля ШЭЎЧЫК
Фота аўтара
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад