Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноГод исторической памятиГод исторической памятиНовости МостовщиныНаш крайЛюди нашей МостовщиныЛюди нашей Мостовщины

Дзякуй за Перамогу!

Дзякуй за Перамогу!25 апреля 2019 — 16:55

        2019 год знакавы для Беларусі: 75 гадоў назад наша краіна была паступова вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Цяжка знайсці сям’ю, якую абмінула вайна сваім жорсткім крылом. Яна пераіначыла жыццё людзей на свой лад, заставіла дзяцей без пары стаць дарослымі.

У вёсцы Агароднікі Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці жыве простая, душэўная жанчына – Клаўдзія Віктараўна Мельнічак. Сёлета ёй споўніўся 91 год. А ў далёкім 1941 годзе яна жыла на Урале, у горадзе Арцёмаўскі Свярдлоўскай вобласці. Вайна для Клаўдзіі Віктараўны пачалася ў 14-гадовым узросце, калі яна, дзяўчынка-падлетак, пачала працаваць на ваенным заводзе, які вырабляў баявыя снарады і камплектуючыя для ўстановак “Кацюша”. Дзяўчынка асвоіла прафесію токара. У памяці жанчыны захаваўся такі эпізод: завод, на якім яна пачала працаваць быў эвакуіраваны, прыбыўшыя станкі манціравалі пад адкрытым небам, выпускаць першую неабходную фронту прадукцыю давялося без даху над галавой. Працаваць даводзілася па 12-14 гадзін у суткі, хлеба выдавалі па 500 грамаў. Ідучы дамоў, зробленыя дэталі часткова адносілі на склад. Было цяжка, людзі адчувалі стому і голад, але ніхто не скардзіўся і не пакідаў свайго рабочага месца, бо кожны разумеў, што сваёй працай набліжае Перамогу. Пераадольваючы цяжкасці і ліхалецце, Клаўдзія Віктараўна разам з іншымі людзьмі да самай Перамогі стаяла за такарным станком. За самаахвярную працу ў тыле ў гады Вялікай Айчыннай вайны яна была ўзнагароджана памятным знакам “Ветэран вайны 1941 – 1945 гг”, медалем “За перамогу над фашысцкай Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне” і іншымі юбілейнымі медалямі.

Пасля Перамогі Клаўдзія Віктараўна яшчэ 10 гадоў працавала токарам, была перадавіком вытворчасці, яе партрэт быў размешчаны на Дошцы гонару.Лёс распарадзіўся так, што ў 1954 годзе яна пазнаёмілася з беларускім хлопцам, выйшла за яго замуж і ў1955 годзе пераехала ў Беларусь. На новым месцы жыхарства прафесію токара прыйшлося змяніць на сельскагаспадарчую. Сумленна працавала жывёлаводам ў калгасе, карысталася павагай сярод людзей.

У сям’і Клаўдзіі Віктараўны вырасла чацвёра дзяцей, у яе ёсць дзевяць унукаў, шэсць праўнукаў і адзін прапраўнук. У святы дружная сям’я збіраецца за вялікім сталом, каб пагутарыць, абмеркаваць падзеі, падзяліцца радасцямі і поспехамі і яшчэ раз паслухаць аповед аб гераічным і цяжкім лёсе дарагой і любімай мамы, бабулі. Мы ганарымся нашай слаўнай жанчынай. Жадаем ёй здароў’я і даўгалецця, гаворым ёй і ўсім тым, хто набліжаў светлыя дні: “Дзякуй за Перамогу !”

 

 

 

Мельнічак Зінаіда Міхайлаўна, 

бібліятэкар дзяржаўнай установы адукацыі “Путрышкаўская сярэдняя школа”


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио