Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноМестное управление и самоуправлениеГод малой родиныГод малой родиныСоциумОбщественная жизньГод исторической памятиГод исторической памятиБлоги наших журналистовНаталья ШевчикЛюди нашей МостовщиныЛюди нашей Мостовщины

Дзякуй за Перамогу, Мікалай Міхайлавіч! Работнікі сацыяльнай абароны і валанцёры павіншавалі ветэрана з Днём абаронцаў Айчыны

Дзякуй за Перамогу, Мікалай Міхайлавіч! Работнікі сацыяльнай абароны і валанцёры павіншавалі ветэрана з Днём абаронцаў Айчыны19 февраля 2020 — 08:24

На працягу сёлетняга юбілейнага года работнікі цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Мастоўскага раёна рэалізуюць акцыю “Ветэран жыве побач”. На бягучым тыдні яе актыўныя ўдзельнікі пастукаліся да ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Мікалая Бабко.

 

Мікалай Міхайлавіч, як і заўсёды, сустракаў гасцей у добрым настроі і пры поўным парадзе: у белай кашулі, касцюме і гальштуку, з узнагародамі на грудзях. Будучы па натуры чалавекам вельмі сціплым і ў той жа час тактоўным, ён на працягу паўгадзіны не дазволіў сабе нават прысесці, каб выслухаць пажаданні з надыходзячым святам – Днём абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь – і падрыхтаваны музычны падарунак. Тым больш, што павіншаваць ветэрана і выказаць яму словы падзякі за жыццё пад мірным небам прыйшлі адны жанчыны.

Быць мужчынам, абаронцам, апорай у любой сітуацыі – гэта насампрэч пра Мікалая Міхайлавіча, якому лёс падараваў доўгае і складанае жыццё і моцнае здароўе: у свае 94 гады ён выглядае малайцом. І гэта пры ўсім тым, што яму давялося перажыць. У шаснаццацігадовым узросце ён быў вывезены на прымусовыя работы ў Германію. Там жа ў 1944 годзе ветэран пачаў свой баявы шлях як воін 348-га стралковага палка. І зараз успамінае страшныя баі, калі пасля варожай бамбёжкі ці артабстрэлу не далічваліся соцень, тысяч салдат. Затым ваяваў у Японіі, а завяршыў службу на Камчатцы, на паўвостраве Анадыр. Пасля вайны працаваў ахоўнікам на чыгуначнай дарозе.

– Паважаны Мікалай Міхайлавіч, Вы для нашага пакалення з’яўляецеся прыкладам не толькі смеласці, мужнасці, адданасці роднай зямлі, працавітасці, але і прагі жыць поўным жыццём, аптымізму, актыўнай грамадскай пазіцыі, уменнем пазітыўна глядзець на свет, – падкрэсліла загадчык аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Святлана Герасімчык. – Дзякуй Вам вялікі за Перамогу, за наш сённяшні мірны дзень. Усё, што мы зараз маем і чым ганарымся, гэта заслуга Вашага пакалення, пакалення Пераможцаў.

Прыемны камплімент у выглядзе душэўных песень прагучаў для мужнага абаронцы Айчыны ад салістаў вакальнай групы “Спяваючыя сэрцы” аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ЦСАН Алены Аляхновіч і Валянціны Буча пад акампанемент Ліліі Габрусевіч. Акрамя таго, жынчыны з’яўляюцца валанцёрамі праекта “Формула памяці”, які рэалізуецца на тэрыторыі наша раёна сіламі Мастоўскай раённай арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа пад кіраўніцтвам старшыні Наталлі Карповіч.

Пажаданні моцнага здароўя, крэпасці духу і сямейнага дабрабыту прагучалі таксама і для жонкі ветэрана Валянціны Рыгораўны, разам з якой яны ідуць па жыцці ужо 64 гады. За гэты час шмат чаго давялося перажыць, былі і радасныя імгненні, і трагічныя, але Мікалай Міхайлавіч і Валянціна Рыгораўна змаглі зберагчы свае пачуцці і разам пераадолець усе выпрабаванні лёсу – і  гэта таксама прыклад нам, маладым. Ужо два гады сямейнай пары ў іх хатніх клопатах дапамагае сацыяльны работнік Аксана Несцерава, якая стала для іх не проста памочнікам, а амаль што родным чалавекам.

 

Развітваліся мы з Мікалаем Міхайлавічам з надзеяй на хуткую сустрэчу ўжо напярэдадні Дня Перамогі, узяўшы з яго абяцанне абавязкова ў добрым здароўі паўдзельнічаць у мерапрыемствах з нагоды 75-годдзя Вялікай Перамогі.

Наталля ШЭЎЧЫК

Фота аўтара


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио