Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноПроисшествия и безопасностьПравопорядок

«Дзякуй Вам за сына!»

«Дзякуй Вам за сына!»18 марта 2013 — 10:00

Кожнай маці прыемна пачуць добрыя словы пра сваіх дзяцей. На мінулым тыдні яны прагучалі ад імя начальніка Мастоўскага РАУС маёра міліцыі В.М. Трубянка для педагога-псіхолага ясляў-сада №6 г. Масты Я.Р. Біліды.“Адказная і трывожная служба патрабуе ад кожнага супрацоўніка міліцыі мужнасці і стойкасці, смеласці і дасціпнасці, вышэйшай культуры ў адносінах з грамадзянамі, гатоўнасці ў любы момант прыйсці на дапамогу чалавеку, што трапіў у бяду, абараніць дзяржаўную і ўласную маёмасць. Менавіта такімі якасцямі валодае Ваш сын Аляксандр Біліда. Кіраўніцтва Мастоўскага РАУС ганарыцца такім супрацоўнікам”, — зачытвае словы падзякі намеснік начальніка РАУС па ідэалагічнай рабоце і кадраваму забеспячэнню Станіслаў Феліксавіч Хвайніцкі.

На вачах у Яўгеніі Рыгораўны з’яўляюцца слёзы радасці. Шчырымі апладысментамі вітаюць добрую навіну калегі-жанчыны, супрацоўнікі ясляў-сада №6.

— У нашым калектыве ўсе паважаюць Яўгенію Рыгораўну, прыслухоўваюцца да яе мудрых парад. Яна заўсёды падбадзёрыць, падкажа, дапаможа, — адзначае загадчыца дашкольнай установы Людміла Уладзіміраўна Оцева. – Вельмі рады за яе і за сына, які з’яўляецца апорай і надзеяй для маці.

— Саша амаль год працуе оперупаўнаважаным аддзялення крымінальнага вышуку, — расказвае яго калега старэйшы оперупаўнаважаны Іван Стахавіч Сыч. – Вельмі старанны і адказны работнік, тактоўны, мэтанакіраваны, працалюбівы, не лічыцца з уласным часам, калі трэба затрымацца,  вучыцца ў больш вопытных супрацоўнікаў, стараецца “дакапацца” да сутнасці, і гэта яму ўдаецца.

— Я вельмі кранута такой увагай, вялікі дзякуй. Спадзяюся, што і ў будучым Саша не падвядзе сваіх таварышаў, калег, будзе бездакорна выконваць свой службовы абавязак, — бярэ слова Яўгенія Рыгораўна. – Як сын, ён у мяне вельмі клапатлівы. Любіць мяне, турбуецца, заўсёды знойдзе хвілінку, каб патэлефанаваць, пацікавіцца, як справы, а то нават пасля дзяжурства і заедзе да мяне на працу.“ Мама, мамка, мамулёчак”, — так ласкава называе блізкага чалавека любячы сын.

— Саша заўсёды стараецца да святаў падрыхтаваць мне сюрпрыз, — працягвае свой расказ жанчына. – Летась, напрыклад, ён патэлефанаваў напярэдадні 8-га Сакавіка з Мінска,  павіншаваў, а праз сябра перадаў букет ружаў… Што можа быць прыемней для маці?.. Гэта і ёсць шчасце…

У свой час Яўгенія Рыгораўна 30 гадоў адпрацавала ў аддзеле адукацыі райвыканкама, дзе курыравала пытанні да-школьнай і пачатковай адукацыі. Ёй, як нікому, вядомы сучасныя праблемы бацькоў і дзяцей. Таму сваім вопытам яна шчодра дзеліцца з бацькамі сваіх цяперашніх выхаванцаў.

— У гэтыя вясеннія  дзянькі хочацца пажадаць усім жанчынам добрага настрою, прыгожых кветак, прыемных сюрпрызаў і каб побач з імі заўсёды былі надзейныя, любімыя і здольныя дзеля іх на сапраўдныя ўчынкі мужчыны, — пажадала на развітанне Я.Р. Біліда.

Н.ШЭЎЧЫК


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио