Чарговая прамая лінія, у якой узяла ўдзел карэспандэнт газеты «Звязда», адбылася ў Мастах. На пытанні насельніцтва адказваў старшыня Мастоўскага райвыканкама Юрый ВАЛЯВАТЫ.
Першы званок прагучаў нават раней за прызначаны час. Тэлефанавала Зоя Якаўлеўна, якая жыве ў адным з дамоў па вуліцы Станцыённай. Жанчына падняла пытанне добраўпарадкавання вуліцы.
— Юрый Мікалаевіч, мужу-інваліду — 88 гадоў, мне — 86. На вуліцы няма ні ліўнёўкі, ні каналізацыі, узровень грунтовых вод вельмі высокі, вада стаіць у двары, — звярнулася яна да старшыні райвыканкама. — Ямы на дарозе такія, што ногі можна зламаць. Што ўжо казаць пра машыны...
— Я ведаю гэтую праблему. Што датычыцца вашай вуліцы, сёлета ажыццявім ямачны рамонт. Калі казаць пра арганізацыю ліўневай каналізацыі, пакуль няма праектна-каштарыснай дакументацыі, я нічога зрабіць не магу.
Але старшыня райвыканкама прапанаваў часовую дапамогу і тут жа, не перарываючы размовы з Зояй Якаўлеўнай, патэлефанаваў начальніку раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Апошні, у сваю чаргу, паабяцаў неўзабаве выехаць і адпампаваць застаялую ваду. Аб гэтым Юрый Валяваты паведаміў мясцовай жыхарцы і напрыканцы размовы пацікавіўся станам здароўя мужа, а таксама тым, ці ў поўнай меры інваліду аказваецца медыцынская дапамога.
Не паспеў старшыня пакласці трубку, як на сувязь выйшла Данута Яўгенаўна Радзінская. Жанчына, якая жыве ў вёсцы Масты Правыя, пацікавілася ў кіраўніка раёна, ці атрымае яе муж у канцы месяца заробак.
— А ёсць сумненні, што можа не атрымаць? — удакладніў Юрый Мікалаевіч.
— За студзень атрымаў. А як далей будзе, не ведаю, — пачулі на тым канцы проваду.
— Калі ваш муж у мінулым месяцы добрасумленна працаваў, вядома, ён атрымае заробленыя ім грошы.
Пакуль чакалі чарговага званка, старшыня Мастоўскага райвыканкама расказаў, што прамая лінія супала з прыёмным днём. Прычым ён ужо паспеў выслухаць некалькі чалавек. У прыватнасці, аднаго з мастаўчан у раённую адміністрацыю прывяло сумненне ў замене газавай пліты. Тэрмін дзеяння, які дазваляе карыстацца газавай плітой, у мясцовага жыхара скончыўся. Супрацоўнікі службы газу папярэдзілі, што, калі той не заменіць пліту, яны адключаць газазабеспячэнне.
— Ніхто не растлумачыў гэтаму чалавеку, навошта ён абавязаны памяняць газавую пліту, — заўважыў Юрый Валяваты. — Я паспрабаваў яму данесці, што ў першую чаргу гэта трэба зрабіць у мэтах бяспекі. Хацеў ён мяне пачуць ці не — гэта ўжо іншае пытанне.
Звініць тэлефон. На сувязі — Лізавета Пятроўна. Жанчыну турбуе стан дарогі ў вёсцы Харціца. Уважліва выслухаўшы просьбу, старшыня райвыканкама паведаміў, што запланавана грэйдзіраванне дарожнага палатна, але ўдакладніў, што патрэбна пачакаць добрых умоў: пры вільготным надвор’і дарожныя работы якасных вынікаў не дадуць.
— Тут яшчэ праблемны з’езд, — дадала жанчына.
— Той з’езд, пра які вы кажаце, несанкцыянаваны. Санкцыянаваны з’езд знаходзіцца ў нармальным стане, — адказаў старшыня.
— А ці будзе ажыццёўлены рамонт па суседняй вуліцы? — жыхарка Харціцкага сельскага Савета вырашыла агучыць усе набалелыя пытанні.
— Абавязкова!
— Тады добра. Дзякуй!
Усяго падчас прамой лініі старшыні Мастоўскага райвыканкама патэлефанавалі тры чалавекі. Калі ўлічыць амаль дзясятак заяўнікаў, якія ў той жа дзень сустрэліся з кіраўніком раёна асабіста, наўрад ці можна казаць аб невысокай актыўнасці насельніцтва.
— Асноўная прычына невялікай колькасці званкоў — штодзённая работа спецыялістаў райвыканкама, — перакананы Юрый Валяваты. — Кожны дзень нехта з маіх намеснікаў вядзе прыём грамадзян, рэгулярна працуем з людзьмі ў межах дня інфармавання, 24 гадзіны ў суткі можна патэлефанаваць дзяжурнаму. Амаль штодзень я дзесьці бываю: ці гэта прамысловае, ці будаўнічае прадпрыемства, або выязджаю ў вёску, дзе заўсёды можна задаць надзённае пытанне. Дзверы майго кабінета заўжды адчынены, незалежна ад таго, вяду я сёння прыём грамадзян ці не. Напэўна, трэць насельніцтва раёна ведае мой нумар тэлефона. Прынцып работы — быць заўсёды на сувязі.
Як расказаў старшыня райвыканкама, у апошні час найбольш людзей хвалюе пытанне працаўладкавання. Кожнаму ахвотнаму прапаноўваюць вартае працоўнае месца. Іншае пытанне, хоча чалавек працаваць ці не.
В. КАНЮТА, «Звязда»
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад