
З глыбокай старажытнасці – спрадвеку,
каб з плеч сагнутых скінуць гнёту груз,
Каб мову мець, каб звацца Чалавекам,
цягнуўся да асветы беларус.
М. Федзюковіч
Дзень беларускага пісьменства праводзіцца штогод у першую нядзелю верасня.
Канцэпцыя свята прадугледжвае паказ адзінства беларускага друкаванага слова з гісторыяй і культурай беларускага народа, адлюстраванне гістарычнага шляху пісьменства і друку ў Беларусі.
Традыцыйна Дзень беларускага пісьменства праходзіць у гарадах, якія з'яўляюцца гістарычнымі цэнтрамі культуры, навукі, літаратуры і кнігадрукавання.
Гэтае свята стала сапраўды народным, сімвалам адзінства славян, умацавання духоўных каштоўнасцей, якія вучаць памятаць пра свае вытокі, шчыра любіць родны край i паважаць продкаў. Менавіта пісьменства з’ядноўвае мінулае, цяперашняе і будучыню, зберагаючы, як найвялікшы скарб, сувязь пакаленняў.
Непахісная вера, багатая культурная спадчына i шчырае, таленавітае, праўдзівае слова здольны захаваць згоду між народамі i дараваць yciм надзею на лепшае. У гэтым перш за ўсё найвялікшае прызначэнне Дня беларускага пісьменства.
Ідэя свята з'явілася ў Міністэрстве культуры і друку Беларусі пасля святкавання 500-годдзя з дня нараджэння Францыска Скарыны. Пасля ўзгаднення з Саветам Міністраў і Вярхоўным Саветам Рэспублікі Беларусь 25 мая 1994 года з'явілася пастанова аб заснаванні свята Дня беларускага пісьменства. Першапачаткова дата святкавання была прымеркавана да дня выдання першай друкаванай беларускай кнігі – 6 жніўня 1517 года. З 1998 года дата святкавання ўсталявана ў першую нядзелю верасня.
У рамках свята праходзяць навукова-асветніцкая экспедыцыя, фестываль кнігі і прэсы, уручэнне Нацыянальнай літаратурнай прэміі, навукова-практычная канферэнцыя, круглыя сталы з удзелам літаратараў, работа выставак і творчых пляцовак і г.д.
Падчас адкрыцця свята пісьменства ў Лідзе адбудзецца ўзнагароджванне пераможцаў рэспубліканскага конкурсу. Літаратурную нацыянальную прэмію Беларусі атрымаюць самыя лепшыя творы пісьменнікаў. Сярод намінантаў –творы сямі аўтараў з Гродзенскай вобласці. З іх два маюць непасрэднае дачыненне да Мастоўскай зямлі.
Мікалай Іваноўскі, які скончыў Гудзевіцкую сярэднюю школу, з’яўляецца членам Саюза пісьменнікаў Беларусі з 2019 года. На конкурс прадстаўлена кніга “Адгалоскі саракавых”. Гэта шчымлівы рэквіем па спаленых вёсках усёй Беларусі. У ёй ён аддаў даніну пашаны подзвігу воінаў-вызваліцеляў, ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, мужнаму і не скаронаму ворагам народу, матывам перамогі, непарыўнай сувязі часоў і вечна жывой памяці народнай.
Тамара Мазур нядаўна набыла дом у нашым горадзе Масты, неаднаразова праводзіла паэтычныя сустрэчы з чытальнікамі ў раённай бібліятэцы. Таксама з’яўляецца члемам Саюза пісьменнікаў Беларусі. На конкурс прадстаўлена кніга “Васількі на світанні”. Гэты зборнік паэзіі – песня радасці і трывогі, малітва за шчасце людзей, развітальны акорд незваротна пражытых сюжэтаў жыцця. У кожным радку – матывы рамантыкі, меланхоліі і светлай журбы.
Дарэчы гэтыя кнігі знаходзяцца ў Мастоўскай раённай бібліятэцы з аўтографамі аўтараў.
Дзeнь бeлapycкaгa пicьмeнcтвa – cвятa, якoe ўвaйшлo ў шэpaг нaйбoльш шaнaвaныx y нaшaй кpaiнe. Koжны гoд cвятa пaкaзвae, штo Бeлapycь зaўcёды былa i зacтaeццa кpaiнaй з выcoкaй кнiжнaй кyльтypaй, штo нaшы выдaўцы зpaбiлi нeaцэнны ўклaд y paзвiццё cycвeтнaгa кнiгaдpyкaвaння. Гicтopыя бeлapycкaй кнiгi нaлiчвae тaкoe мнocтвa cycвeтнa вядoмыx iмёнaў, якiм нaўpaд цi мoжa пaxвaлiццa нeйкaя iншaя кpaiнa.
Гарады Гродзенскай вобласці, у якіх адзначаўся Дзень беларускага пісьменства:
- 1996 —
Навагрудак (6 жніўня)
- 2002 —
Мір (1 верасня)
- 2009 —
Смаргонь (6 верасня)
- 2015 —
Шчучын (6 верасня)
- 2019 —
Слонім (1 верасня)
- 2025 —
Ліда (6-7 верасня)
Ірына БОЧКО
Тамара Мазур
ДА РОДНАЙ МОВЫ…
Да роднай мовы – як да Бога,
і гэта ўжо не навіна.
Ідзі туды сваёй дарогай,
ідзі… Адна?
Без сябра, брата ці сястрыцы,
хаця душа без іх баліць.
І не забудзься памаліцца,
каб іншай мэты не набыць.
О, Божа! Мова стала мэтай,
штрыхом на белым палатне,
наканаваннем і сакрэтам,
што выпрабоўваюць мяне.
О, Божа! Гэтая дарога –
святая памяць землякоў.
Аб камяні збіваю ногі,
і рада, што няма акоў.
Я чую ціхі голас продкаў
праз пласт стагоддзяў і масты:
– Да роднай мовы аднагодкаў
яшчэ вярнуць павінна ты.
Яшчэ раскажаш праўду дзецям,
што болем пішаш кожны верш.
Прыблудаў больш і больш на свеце,
а беларусаў менш і менш.
Мікалай ІВАНОЎСКІ
Спадчына
– Што-небудзь напішы і ты
Нам пра Мастоўшчыну, Масты, –
Прасілі нейк сябры за кавай, –
Мясцінам нашым будзе слава.
Нас павяла дарожка-сцежка
Туды, дзе крочыла Ажэшка.
Дзе Цётчын спеў ляціць праз леты,
Забыць не змогуць людзі гэта.
Тут Явара бадзёры кліч –
Чытае вершы з Мінявіч.
Прыпомняць справы людзі, продкі,
Зямелькі талент – самародкі.
Хоць Нёман шмат нясе вады,
Ларысы Геніюш сляды
Не затаптаны, не замыты,
Зямлёй Мастоўскай апавіты.
Кружыў Міхась Арол над Стругай,
Калі барозны сошкі, плуга
Давалі грамату часцей,
Вучыў ён мове тут дзяцей.
У “Нашай ніве”, як Купала,
Ён друкаваўся і нямала.
І Багдановіч, крытык першы,
Цаніў ягоны песні, вершы.
Сабраны ў “прыгаршчы Айчыны”
І скарбы са Стральцоў Ірыны.
Магутны Нёман іх рукою
Пісаў ім творы, непакоіў.
Мастак наш, Іваноўскі Дзіма,
Тварыў палотны пра Радзіму.
Прайшоў ён Гудзевічаў школу –
Млына Мастоўскага памолу.
Мастоўшчына знаходзіць скарбы,
Псаваць не трэба нават фарбы,
Яны зіхцяць, таленавіты,
Бо люд зямелькі даравіты.
Дзялюся слушна вам, з дакорам,
Пісаць лепш за іх – мне брыдка, сорам.
Гукаць паэтам – Бога голас.
Я ж не Купала і не Колас.
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад