Свята свайго населенага пункта нядаўна адсвяткавалі жыхары аграгарадка Пескі.
Родны край, зямля бацькоў... Яна заўсёды мае асаблівую прывабнасць і гаючую сілу. Усё тут люба і блізка сэрцу. І так чамусьці адбываецца, што чым далей адыходзіць дзяцінства, тым больш дарагімі становяцца тыя мясціны, дзе нарадзіўся, спазнаў радасць сяброўства і першага кахання, навучыўся цаніць дабро, людскую шчодрасць і шчырасць. Менавіта такія пачуцці перажылі ўдзельнікі святочнага мерапрыемства, што ладзілася ў мясцовым клубе.
Вёска Пескі мае багатую і слаўную, а часам, трагічную гісторыю, якая бярэ пачатак з 16 стагоддзя. Вядома, што ў 17 стагоддзі паселішча належала магнатам Сапегам, а напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны тут жыло каля дзвюх тысяч яўрэяў, што займаліся рознымі промысламі і рамёствамі.
У 2009 годзе вёска набыла статус аграгарадка. Зараз тут пражываюць 607 чалавек, працуюць рамонтны завод, урачэбная амбулаторыя, дзіцячы сад сярэдняя школа, клуб і бібліятэка, лясніцтва, комплексны прыёмны пункт,аддзяленне сувязі і магазіны.
Нягледзячы на асаблівасці глебы, а яна ў наваколлі вёскі, у асноўным, пясчаная, мясцовыя краявіды заварожваюць: гаманлівыя лясы, што чаргуюцца з дагледжанымі палямі і лугамі, звілістая стужка ракі Зяльвянка, якая бяжыцьспяшаеццца на сустрэчу з волатам Нёманам.
Пра падзеі мінулых дзён аграгарадка можна распытаць у доўгажыхарак, якія шмат чаго перажылі і пабачылі за свой доўгі, амаль у стагоддзе, век. Гэта Вера Ігнацьеўна Дубаневіч, Ніна Паўлаўна Лісіца, Ганна Іосіфаўна Паўлоўская, Надзея Савельеўна Варановіч, Зінаіда Аляксандраўна Бубновіч.
Многія гады ўзначальвала апаратны цэх ААТ «Беллакт» Таццяна Іванаўна Клімчук. Яна памятае вёску ў тыя гады, калі яна актыўна развівалася, будавалася і поўнілася моладдзю. Зараз гэта ўжо сталыя людзі, якія выбралі свой жыццёвы і прафесійны шлях, сталі дастойнымі грамадзянамі краіны. На навуковай ніве праслаўляюць сваю малую радзіму Юрый Канстанцінавіч Дабрыян – старшы выкладчык кафедры вышэйшай матэматыкі Беларускай політэхнічнай акадэміі, Іна Юр’еўна Казлоўская – кандыдат тэхнічных навук і многія іншыя ўраджэнцы Песак.
Ёсць надзея, што маладое пакаленне аграгарадка прадоўжыць справу сваіх бацькоў, дзедаў і прадзедаў. Пакуль што самымі юнымі жыхарамі тут з’яўляюцца Глеб Макар, Уладзіслаў Сырадой, Алеся Тоўсцік, Варвара Тарыма, Соф’я Бязмен.
Добрыя, шчырыя зычэнні і душэўныя песні падчас святочнага мерапрыемства гучалі ад загадчыцы сельскага клуба Веры Іванаўны Кейка, Максіма Мандзіка, Настассі Ярэма і ўдзельніц вакальнай групы. Дзве гадзіны ў прыемнай кампаніі артыстаў і аднавяскоўцаў прынеслі шмат хвалюючых успамінаў і прыемных уражанняў.
Н.ШЭЎЧЫК
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад