21 ноября 2018 — 15:33
Як убачыць, падтрымаць, стымуляваць і развіваць дзіцячую і маладзёжную ініцыятыву, накіраваную на творчасць, фарміраванне асобы дзіцяці, пошук новых шляхоў супрацоўніцтва з дарослымі? Зацікаўлены дыялог, абмен думкамі і вопытам на гэты конт ішоў падчас абласнога семінара, што быў арганізаваны на базе Мастоўскага раёна.
Яго ўдзельнікамі сталі кіраўнікі метадычных аб’яднанняў педагогаў-арганізатараў, метадысты ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, а таксама раённых метадычных кабінетаў. У рабоце семінара, які ладзіўся на пляцоўках раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі і пятай гарадской школы, прынялі ўдзел намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі райвыканкама Іна Балтрукевіч, галоўны спецыяліст упраўлення Людміла Маскевіч, першы сакратар райкама БРСМ Павел Зябліцаў.

Як адзначыла метадыст аддзела ідэалагічнай і выхаваўчай работы Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Людміла Бірукова, выбар на Масты выпаў невыпадкова.

- Тут ёсць свой адметны почырк, маюцца свае погляды і цікавыя праекты, якія ўжо актыўна рэалізуюцца, - падкрэсліла Людміла Леанідаўна. Хутка прадстаўнікі метадычных служб вобласці ў гэтым змаглі пераканацца і самі.

Дзіцячыя і маладзёжныя ініцыятывы – гэта самыя розныя накірункі дзейнасці грамадскіх дзіцячых арганізацый, дзесяткі штогадовых мерапрыемстваў і мноства надзвычайных ідэй. Напрыклад, стварыць музей гісторыі першай пазашкольнай установы Мастоўскага раёна, які адчыніў свае дзверы ў раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі ў 2008 годзе. А праз некаторы час на яго базе арганізаваць этнаграфічны куток, экспанаты для якога сабралі гуркоўцы падчас этнаграфічных экспедыцый.

Ці, можа, разам з гудзевіцкімі рабятамі стаць удзельнікам сацыяльнага праекта па збору адпрацаваных батарэек. Або “вырасціць” Дрэва ідэй, як гэта зрабілі акцябраты і піянеры піянерскай дружыны Лунненскай сярэдняй школы імя Героя Савецкага Саюза Івана Шарамета. На яго “галінках” рабяты размяшчаюць свае ініцыятывы і пажаданні аб правядзенні акцый і мерапрыемстваў, расказваюць пра тое, што цікавага адбылося ў іх атрадзе ці пярвічцы.

Зірнуць па-новаму на юных жыхароў раёна дазволілі яркія, дынамічныя і эмацыяльныя выступленні агітбрыгад піянераў і членаў БРСМ гімназіі №1 і Лунненскай школы, творчая візітка “Мы – дзеці Мастоўшчыны”, піянерскі чарлідынг “Разам са сваёй краінай”.

Пасля творчых прэзентацый ўдзельнікі семінара былі запрошаны на форум ініцыятыў. Так, кемлівасць і лагічнае мысленне спатрэбіліся дзецям і дарослым, каб сумесна разгадаць рэбусы і прайсці этапы вэб-квэста “Заваявальнікі вяршынь”. Станоўчыя эмоцыі выклікала праграма “Збаўляльная магія” – перспектыўная методыка садзейнічання фізічнай і псіхічнай рэабілітацыі людзей з абмежаваннямі. Разам з валанцёрамі клуба ЮНЕСКА “Амега”, якія выкарыстоўваюць дадзеную методыку ў сваёй дзейнасці, ўсе на некаторы час сталі сапраўднымі фокуснікамі. Навыкі рукадзелля спатрэбіліся гасцям, каб разам з цімураўцамі сваімі рукамі зрабіць невялічкія падарункі, што на надыходзячыя навагоднія святы парадуюць дзяцей з сацыяльнага прытулка ці шматдзетнай сям’і.
.jpg)
Таксама ўдзельнікі семінара сталі сведкамі пасяджэння савета прадстаўніцтваў Маладзёжнага парламента, дзе быў распрацаваны каляндарны план перадвыбарнай праграмы дэпутата Вадзіма Здановіча на 2019 год “Праяві сябе і ўпішы сваё імя ў гісторыю малой радзімы”. А ў завяршэнне работы сумеснымі намаганнямі прадстаўнікоў прэс-цэнтра Правамастоўскай сярэдняй школы аператыўна было выпушчана прылажэнне да іх школьнага друкаванага выдання з матэрыяламі семінара. Адзначым, што газета ў названай школе выходзіць штомесяц з 2009 года. І гэта яшчэ адна ініцыятыва, якая фарміруе творчую актыўнасць і самастойнасць рабят.
.jpg)
Як было трапна заўважана адным з выступаючых, ініцыятыва пачынаецца з ідэі. Адна ідэя так і застанецца юё, калі не будзе матывацыі па яе рэалізацыі. І менавіта дарослыя павінны даць маладому пакаленню правільныя арыентыры для гэтага. Будучае – час тых, хто сёння гатовы ўспрымаць зменлівы свет і развівацца сам.
Мовай лічбаў
У нашым раёне налічваецца 15 піянерскіх дружын і столькі ж пярвічак БРСМ, у якіх актыўна развіваецца валанцёрскі і цімураўскі рух. Дзейнічае 12 антынаркатычных атрадаў, 13 атрадаў юных інспектараў руху, 11 атрадаў юных выратавальнікаў і пажарных. Функцыянуюць 2 маладзёжныя атрады аховы правапарадку, 10 атрадаў юных памочнікаў міліцыі, 3 атрады Чырвонага Крыжа і 8 школьных прэс-цэнтраў.
Н.ШЭЎЧЫК
Фота аўтара
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад