Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноГод малой родиныГод малой родиныБлоги наших журналистовСтанислав ЗверовичНовости МостовщиныНаш край

Два стагоддзі аграгарадка Курылавічы

Два стагоддзі аграгарадка Курылавічы29 марта 2019 — 14:21

Аб мінулым і сённяшнім аграгарадка  Курылавічы расказвае намеснік дырэктара мясцовай школы па выхаваўчай рабоце Алена Каранеўская.

Вёска ля вялікага гасцінца

– Алена Чаславаўна, ў нашым раёне ёсць населеныя пункты са шматвяковай гісторыяй, вядомыя з 15-16 стагоддзя. А Курылавічы – вёска “маладая”, мае ўсяго два стагоддзі. Якія з гістарычных падзей можаце успомніць?

– Найперш раскажу пра ўзнікненне назвы вёскі. У падручніках гісторыі часта упамінаецца дзёгаць, што выраблялі на Беларусі. З гэтым прадметам  матэрыяльнай культуры і звязана наша паселішча. Продкі выганялі з драўніны дзёгаць, ці як гаварылі раней “курылі”. Смалакуры сяліліся пасярод глухога лес, там ставілі свае хаты, ладзілі смалакурні. Курэла там пастаянна. Густы дым паднімаўся над дзёгцевымі ямамі і днём, і ноччу. Сасновы дзёгаць стагоддзямі выкарыстоўваўся для прасмольвання лодак, караблёў, драўляных будынкаў, чыгуначных шпал. А бярозавы выкарыстоўваўся як недарагая калёсная змазка, ім змазвалі абутак для аховы ад вады, конскую збрую, прымянялі ў народнай медыцыне. Дзёгаць быў тым прадметам, які заўсёды можна было прадаць, бо купцы яго пастаўлялі у Еўропу. Верагодна на месцы смалакурні пасярод ляснога гушчару і ўзнікла наша вёска і назву сваю атрымала – Курылавічы.

Першы пісьмовы ўспамін пра вёску датуецца 1816 годам. Яна ўзгадваецца ў інвентары фальварка Засценак. Паводле гэтага дакумента, на той час вёска была невялікай, налічвала ўсяго 24 двары, дзе пражывала 179 чалавек, і размяшчалася яна была ў лесе. У сярэднім на двор прыходзілася па сем вяскоўцаў. Жылі разам бацькі, дзеці, унукі.

Неўзабаве здарылася падзея, якая крута змяніла лёс вёскі. Праз лясы, балоты нашай мясцовасці была пракладзена дарога Масты – Слонім. А прайшла яна якраз праз Курылавічы. Гаспадарчае і грамадскае жыццё адразу ажывілася. Дзякуючы зручнаму размяшчэнню, ў вёсцы актыўна будаваліся сяляне з іншых населеных пуунктаў. Ужо ў другой палове 19 стагоддзя Курылавічы сталі цэнтрам воласці Слонімскага павету. Да яе адносілася больш як двацццаць населеных пунктаў. Такім чынам  вёска  ўжо больш за сто пяцьдзесят гадоў з’яўляецца  адміністрацыйным цэнтрам дзяржаўнага кіравання: была воласць, з 1921 года – гміна, з 1940 – Курылавіцкі сельскі Савет.

–Якая падзея аказала найбольш адметны ўплыў на лёс вёскі і яе жыхароў?

–Адказ адназначны: стварэнне ў 1861 годзе народнага вучылішча, якое паклала канец цемры і непісьменнасці ў нашым краі. Цікава, што навучальны год там доўжыўся з 2 кастрычніка па 18 красавіка. Гэта было звязана з занятасцю людзей на сельскагааспадарчых работах, якім дапамагалі дзеці. Вывучалася некалькі асноўных прадметаў: закон Божы, арыфметыка, гісторыя, геаграфія, руская і царкоўнаславянскія мовы. Закончыўшы вучылішча малады селянін быў дастаткова па тых часах граматным чалавекам. Аплачвалі вучобу дзяцей іх бацькі. У 1876/1877 навучальным годзе Курылавіцкае народнае вучылішча наведвала 33 хлопчыкі.Але ўжо праз некалькі гадоў тут вучылася 55 хлопчыкаў і 5 дзяўчынак. Захаваліся імёны першых настаўнікаў – Іван Бараноўскі і Пётр Крот. На той час у вёсцы было 54 двары і пражываў 341 жыхар.

Узялі ў рукі зброю

–У аграгарадку стаіць прыгожы помнік загінуўшым землякам. Ля яго заўсёды знаходзяцца вянкі. Раскажыце, як змагаліся землякі з ворагам?

–У Вялікую Айчынную вайну немцы загубілі 36 жыхароў вёскі, з іх 33 у снежні 1942 года. На фронце ваявалі 34 вяскоўцы, іх 10 загінулі. 7 чалавек загінулі ў партызанах. На ўшанаване памяці землякоў, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну, ў 1968 годзе пастаўлены помнік – скульптура воіна. У нашым школьным музеі ёсць вялікая экспазіцыя, якая прысвечана гэтаму перыяду. Там шмат фотаздымкаў ветэранаў, іх асабістых рэчаў, расказы аб тым, як ваявалі. Так, напрыклад, ёсць звесткі пра партызан Канстанціна Копаця, Мікалая Дудко, Міхаіла Кармана. Да Берліна дайшлі Афанасій Прэдка, Антон Тоўсцік, Павел Яўсейчык, Мікалай Лозка.

Курылавіцкія ардэнаносцы

–Вашы землякі атрымлівалі ордэны і медалі не толькі за мужнасць у баях, але і за мірную працу…

–Так. Калгас у Курылавічах быў створаны яшчэ ў 1940 годзе. У яго уступіла 82 чалавекі, потым яшчэ 17 чалавек.

Але найбольш паспяховымі былі  пасляваенныя гады, калі наш калгас “Ленінец” быў адным з лепшых на Мастоўшчыне, асабліва ў 70–80 гады.  Курылавічы актыўна развіваліся. Былі ўзведзены  новыя будынкі школы, клуба, лясніцтва, аддзялення сувязі, аптэкі, сельсавета. За выдатную працу лепшыя работнікі гаспадаркі атрымлівалі ордэны і медалі. Ордэнамі “Знак Пашаны” і Працоўнага Чырвонага Сцяга быў узнагароджаны старшыня гаспадаркі Мікалай Шульгач, ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга – аграномы  Аляксей Кухарчык, Людміла Новік  і трактарыст Іван Мялешка, ордэнам “Знак Пашаны” жывёлавод Андрэй Васілеўскі і загадчык вытворчага ўчастка Іван Дзяйкала, жывёлавод Мікалай Дудко. Калісьці жыхары суседніх вёсак гаварылі: ”У Курылавічах рана днее”, бо мясцовыя жыхары былі працавітымі, паспявалі ўпраўляцца з калгаснай і сваёй гаспаддаркай. Для гэтага патрэбна было рана ўстаць і позна легчы.

Мы любім свой аграгарадок і працуем дзеля таго, каб ён жыў і развіваўся.

 

С. ЗВЯРОВІЧ


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио