Наведвальнікі аддзялення дзённага прабывання для маладых інвалідаў, што працуе ў раённым цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, сталі нядаўна гасцямі Курылавіцкага дома-інтэрната. Напярэдадні Дня маці яны прыехалі сюды, каб падарыць жыхарам дома-інтэрната свае падарункі. Галоўным з іх стаў канцэрт пад назвай “Пяць вобразаў кахання”.
Праграму канцэрта рыхтавалі спецыялісты аддзялення дзённага прабывання разам з рабятамі-наведвальнікамі. Па словах загадчыцы аддзялення Марыі Іосіфаўны Севасцьяновіч, творчы здабытак калектыву мастаўчан ужо быў высока ацэнены на II абласным фестывалі творчасці маладых інвалідаў, што праходзіў у верасні бягучага года ў Навагрудку. Рабяты прывезлі адтуль дыплом лаўрэата.
І вось перад курылавіцкай публікай юнакі і дзяўчаты зноў атрымалі магчымасць прадэманстраваць свае творчыя здольнасці. Спачатку паказалі казку “Снежная каралева”, рэжысёрам-пастаноўшчыкам якой была спецыяліст аддзялення Святлана Міхайлаўна Голец, а музычнае суправаджэнне напісала Наталля Малюк. Наталля, дарэчы, зараз праходзіць у ЦСАН курс адаптацыі да працоўнай дзейнасці па спецыяльнасці “аператар ПЭВМ”. Прыйшоўся даспадобы гледачам і ўсходні танец, харэаграфічнай пастаноўкай якога займалася спецыяліст па сацыяльнай рабоце Юлія Мікалаеўна Будзіловіч. Алена Пракопчык прачытала ўласныя вершы, а таксама выканала некалькі песень дуэтам з Наталляй Малюк.
Бабулі і дзядулі, якія пражываюць у Курылавіцкім доме-інтэрнаце, былі вельмі ўсчулены такой увагай да сябе з боку моладзі. І хоць іх часта наведваюць шматлікія творчыя калектывы, але гэтая сустрэча была асаблівай, бо ў той дзень сустрэліся два болі: боль адзіноты і боль ад абмежавання магчымасцей, які найбольш востра адчуваецца ў маладым узросце, калі хочацца здзяйсняць самыя смелыя ідэі і задумкі. Пасля гэтай сустрэчы вестыбюль Курылавіцкага дома-інтэрната ўпрыгожвае дрэва шчасця, зробленае з бісеру рукамі рабят.
А. ШВЯДКО
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад