Нядаўна Міхаіл Якаўлевіч Парфіновіч з вёскі Маскалі адзначыў восемдзесят пяты год нараджэння. У той дзень невялікая ціхая і малалюдная сёння вёсачка на некалькі гадзін ажывілася і павесялела. Яно і ні дзіўна, у бацькоўскай хаце, а дакладней, пад разгалістай грушай, у цёплы не павосеньску дзень сабраліся блізкія і родныя юбіляра: шасцёра дзяцей, дванаццаць унукаў, адзінаццаць праўнукаў, зяці, нявесткі больш за трыццаць чалавек.
Дзеці Міхаіл, Лідзія, Сяргей, Зоя, Віктар і Галя даўно разляцеліся з бацькоўскага дома. Сабрацца ўсім разам цяпер выпадае не так часта, як хацелася б бацьку ды і ім самым: у кожнага работа, свае справы. Дзеці і ўнукі пажадалі бацьку і дзядулю доўгіх год жыцця, паспявалі песні пад гармонік, паспелі ўдосталь накупацца ў Шчары і нават налавіць рыбы. Усе яны нібы зноў вярнуліся ў сваё дзяцінства, калі бацька быў малады, калі была жывая маці Зінаіда Юльянаўна.
Жыццё наша нагадвае цячэнне ракі, і чым больш гадоў пражыта, тым плынь ракі становіцца хутчэйшай. Міхаіл Якаўлевіч да драбніц памятае падзеі даўно мінулых дзён, нават тыя трывожныя ваенныя, пра якія хацеў бы забыць. Помніцца бацькоўская хата, якая некалі была бліжэй да вёскі і ў вайну згарэла. Помніцца, як перажылі варожую аблаву, як некоторы час жылі ў зямлянцы, наспех пабудаванай замест згарэўшай хаты. Гэта ўжо пасля вайны Парфіновічы пабудаваліся на водшыбе вёскі. Сёння іх сядзіба асобны хутарок, які знаходзіцца ў маляўнічым месцы: да Шчары некалькі метраў, лес пачынаецца амаль што за вуглом хаты. Міхаіл Якаўлевіч некалі будаваўся з размахам дзве вялікія хаты, шматлікія гаспадарчыя пабудовы, з разлікам, каб хапіла месца ўсім шасцярым дзецям і нават будучым унукам. Увесь час разам з жонкай працавалі ў тагачасным калгасе “Чырвоны партызан”.
-- Хто ж мог тады ведаць, што дзеці вырастуць і раз’едуцца, а ўнукі на хутар прыязджаць будуць толькі адпачыць, ды вось усе дружна сабраліся на мой юбілей, А я, пакуль рухаюся, пакідаць хутар не збіраюся. Няхай ужо, як настане час, мяне адсюль дзеці і ўнукі справадзяць у вечны шлях, уздыхае Міхаіл Якаўлевіч ад адзіноты і ад таго, што вёска Маскалі, любая і мілая яго сэрцу, дажывае свой век.
Шчара і лес здаўна кармілі хутаранцаў і вяскоўцаў. І сёння ў свае восемдзесят пяць Міхаіл Якаўлевіч добра ведае ўсе грыбныя мясціны, Грыбы сушаныя, соленыя, марынаваныя ў яго хаце не пераводяцца, хапае самому, дзецям і ўнукам. Праўда, сёлета сезон выдаўся не грыбным, засуха і гарачыня не паспрыялі росту грыбоў. Міхаіл Якаўлевіч спадзяецца, што можа восенню, як пойдуць дажджы ўсётакі ўдасца папоўніць імі дамашнія прыпасы.
Вясковы ўклад, а тым больш хутарскі, да нядаўняга часу падразумяваў вядзенне натуральнай гаспадаркі. Гэта, калі амаль ўсё неабходнае для жыццядзейнасці ўсіх членаў сям’і выраблялася ўласнымі рукамі і ва ўласнай гаспадарцы. Трымалі па некалькі кароў, многа свіней, курэй, гусей, качак, авец. На стале не пераводзіліся малако, масла, сыры, каўбасы і ўсё натуральнае, свайго вырабу. З авечых шкур шылі кажухі, з нітак жанчыны вязалі цёплыя кофты, ткалі посцілкі. Яны і сёння беражліва захоўваюцца ў бацькоўскіх шафах. Сена і пашы хапала, ды і сёння хапае. Толькі няма каму цяпер займацца ўсім гэтым, вёска пастарэла і абязлюдзела.
Сёння і займацца ўсім гэтым патрэбы няма. Неабходныя прадукты прывозіць аўталаўка, якая прыязджае ў Маскалі два разы на тыдзень. Толькі не можа чалавек, які ўсё свядомае жыццё працаваў, нават у свае восемдзесят пяць гадоў сядзець без справы. І сёння Міхаіл Якаўлевіч пляце кошыкі. Сплёў нават вялікі палукашак, якія некалі былі у кожным доме і з якімі сяляне некалі ездзілі на кірмаш. Робіць ён бочкі, дзежкі, маслабойкі. Адну са сваіх хат Міхаіл Якаўлевіч прыстасаваў пад майстэрню, дзе і захоўваюцца зробленыя ім рэчы. Не ўтрымалася, каб не спытаць у яго: для чаго ўсё гэта?
-- Многае з таго, што вы бачыце, зроблена было раней, тады ўсё гэта было патрэбна ў гаспадарцы. Сёння пляту толькі кошыкі, каб заняць рукі і каб у галаву не лезлі дрэнныя думкі. І кошыкі, не гаворачы пра бочкі, мала каму зараз патрэбны. Калі якаянебудзь жанчына просіць, без шкадавання аддаю кошык ёй, -- распавядае Міхаіл Якаўлевіч пра уклад свайго жыцця.
Апынуўшыся сярод вясковай цішыні, уволю надыхаўшыся чыстым лясным паветрам і пагаманіўшы з гасцінным гаспадаром хутара, разумею, чаму Міхаіл Якаўлевіч, пакуль ходзяць ногі, не збіраецца пакідаць свой хутар.
-- Старое дрэва павінна дажываць свой век там, дзе яго пасадзілі, дзе яно глыбока ўкаранілася, інакш будзе бяда, так вобразна, -- прыгожа і справядліва тлумачыць Міхаіл Якаўлевіч сваю прывязаннасць да родных мясцін.Такой жа думкі прытрымліваюцца і нешматлікія сёння аднавяскоўцы Міхаіла Якаўлевіча. Ціха і спакойна дажываюць яны свой век у родных Маскалях. Хіба толькі на зіму самыя старэйшыя з іх, паддаўшыся на ўгаворы дзяцей, едуць зімаваць у горад. А вясной зноў, як птушкі з выраю, вяртаюцца дамоў, Поркаюцца на агародах, садзяць бульбу, буракі, цыбулю. Пакуль жывуць яны жыве і вёска...
Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧНа здымках: Міхаіл Якаўлевіч ПАРФІНОВІЧ; з роднымі ў час святкавання юбілею;рэчы, зробленыя Міхаілам Якаўлевічам.Фота В. ДЗЕГЕЛЕВІЧА
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад