Усе жыхары і госці вёскі РудаЛіпічанская сабраліся на вуліцы Міхаіла Белуша. Заклікала іх сюды вясёлая і энергічная музыка.З імправізаванай сцэнічнай пляцоўкі гучалі вершы і святочныя песні. У Рудзе-Ліпічанскай прайшло свята вёскі.
Гледачы свята занялі свае месца ў своеасаблівай летняй глядзельнай зале. Уся вуліца была напоўнена святочнай атмасферай. Віншавальнаканцэртная праграма пачалася з ушанавання памяці Міхаіла Белуша, партызана і ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны. Далей арганізатары свята павіншавалі доўгажыхароў вёскі, людзей, якім прыйшлося перажыць і вайну, і гора. Сярод іх ветэран вайны і самы старэйшы жыхар Марыя Нікандраўна Жукава.
Безумоўна, нельга было абысці ўвагай тых, хто дабрасумленна працаваў дзеля карысці сваёй вёскі. Шчырымі словамі ўдзячнасці віталі паляводаў, механізатараў, леснікоў – людзей розных прафесій.Не сумавала і моладзь. Спецыяльна для тых, хто прыйшоў працаваць на змену старэйшаму пакаленню, было падрыхтавана нямала прыемных момантаў. Таму аднолькава цікава на свяце сябе адчувалі людзі рознага ўзросту.
Віншаваць вяскоўцаў прыехаў музычны калектыў Курылавіцкага сельскага Дома культуры. Іх музычныя нумары вельмі спадабаліся гледачам, і гэта не дзіўна. Артысты ўклалі столькі сіл у выступленне, што ўсё прайшло на “ўра” .
Не засталіся ў баку ад свята і самадзейныя артысты Галубоўскага сельскага клуба. Разам з арганізатарам мерапрыемства, загадчыцай Галубоўскага СК Ірынай Раманаўнай Гедрэвіч, ім давялося папрацаваць на славу. Іх старанне было ацэнена. Ніхто не спяшаўся дадому. Не было бачна сумуючых ці незацікаўленых.
А завяршылася свята віншаваннем самай маленькай жыхаркі вёскі Ксюшы Місевіч, якой споўнілася шэсць гадоў.
Усе, хто прыйшоў на святкаванне, атрымалі шмат добрых уражанняў і яркіх эмоцый.
Н. ЗМІТРУКЕВІЧ
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад