Фота вадзіцеля ААТ “Мастаўчанка” Уладзіміра Масюка ў гэтым годзе занесена на раённую Дошку гонару.
Уладзімір Міхайлавіч у сваіх Малькавічах кожны дзень сустракае ранішнюю зару. Убачыць за рулём заход сонца таксама для яго звыклая справа. Ён – вадзіцель аўтобуса ПАЗ – 32053. Гэты новы аўтобус купілі нядаўна ва ўпраўленні адукацыі райвыканкама і перадалі “Мастаўчанцы” для падвозу дзяцей у школу. Раніцай У.Масюк едзе ў Зарудаўе, забірае дзяцей з гэтай вёскі, а таксама з Бялавіч і Міжава і вязе іх у Пескі вучыцца. Пасажыраў з ранцамі ў яго 26 – якраз па ўмяшчальнасці аўтобуса. Пасля школы У. Масюк адвозіць іх назад.
Але гэта толькі частка яго паўсядзённых спраў. Акрамя дастаўкі дзяцей у школу, шмат работы ў сельгаспрадпрыемстве. Неабходна прывезці да месца працы занятых у “Мастаўчанцы” людзей з Дзенькаўцаў, Кульшычаў і Мастоў. На гэтым жа аўтобусе Уладзімір Міхайлавіч дастаўляе ў поле абеды, вячэру для занятых на касавіцы і жніве. Рабочы дзень у яго з 7 да 22 гадзін, а часта бывае, што і болей.
Новым транспартным сродкам Уладзімір Міхайлавіч вельмі задаволены. Добры матор, выдатная якасць кузава, зручныя сядзенні.
Як працуецца на новым аўтобусе ў Уладзіміра Масюка пацікавіўся старшыня райвыканкама Ю. Валяваты. Кіраўнік раёна захацеў упэўніцца ў тым, што новая тэхніка трапіла ў добрыя рукі, што будзе беражліва і бяспечна эксплуатавацца.
– Усё роўна як перасеў з “Масквіча” ў “Мерседэс”, – адказаў У. Масюк. – За рулём я ўжо больш як сорак гадоў, за час працы не было ніводнай недарэчнасці, так што спраўлюся, Юрый Мікалаевіч!
Шафёрскі стаж у Уладзіміра Міхайлавіча і сапраўды вялікі. Маладым хлопцам як вывучыўся на шафёра, сеў за руль, ды так і працуе да гэтага часу. Працаваў на ГАЗ53 і іншых грузавіках, але больш усяго – на аўтобусах. Вось і зараз стаіць у майстэрні спраўны аўтобус “Валгар”, якому ўжо трыццаць гадоў. Яго равеснікі даўно спісаныя, а ва ўмелых руках Уладзіміра Масюка ён на хаду. Проста школьнікаў перавозіць на такой састарэлай тэхніцы ўжо было нельга.
Акрамя паўсядзённай работы выконвае Уладзімір Міхайлавіч і розныя даручэнні дырэктара акцыянернага таварыства Дзмітрыя Булака. То дзяцей трэба ў час летніх канікул завезці на экскурсію ў Гродна, то работнікаў з цэнтра занятасці даставіць на працу ў гаспадарку, а потым адвезці назад, то іншы непрадбачаны заранёў рэйс зрабіць. Выконвае ўсё дакладна і акуратна.
– Дзяцей вазіць не кожны вадзіцель згодзіцца, – расказвае Уладзімір Масюк. – Вельмі адказная справа. Яны – гарэзы, рухавыя і цікаўныя. А на транспарце патрэбны дысцыпліна і бяспека. Але знаходзім агульную мову, яны мяне разумеюць.
Акрамя атрымання новага аўтобуса, яшчэ адна прыемная падзея адбылася ў жыцці Уладзіміра Міхайлавіча. Сын Дзмітрый падарыў бацьку аўтамашыну.
– Будзеце з мамай па ягады ездзіць, – сказаў хлопец.
Машынай Уладзімір Міхайлавіч вельмі задаволены. Хоць у лес ездзіць яму пакуль няма калі. Хіба толькі жонку падвезці. Аліна Іванаўна ўжо на пенсіі, доўгі час працавала ў бухгалтэрыі гаспадаркі.
Сям’я Масюкоў вялікая і старанная – дзве дачкі, Таццяна і Алена, і сын Дзмітрый. У дачок ужо таксама ёсць дзеці. А вось сын яшчэ не жанаты. Пасля заканчэння Гродзенскага ўніверсітэта працуе ў Гродне інжынерампраграмістам. Дзеці і ўнукі часта збіраюцца ў бацькоўскім доме. Яны жартуюць: “Гланас” (спадарожнікавая сістэма) дзівіцца: колькі бацька за дзень робіць рэйсаў па тэрыторыі “Мастаўчанкі”!
С. ЗВЯРОВІЧ
Фота аўтара
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад