Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноГод малой родиныГод малой родиныСоциумБелорусский союз женщин - 30 лет вместеНаука и образованиеНаука и образованиеЛюди нашей МостовщиныЛюди нашей Мостовщины

Добра ісці па дарозе, якую выбіраем самі

Добра ісці па дарозе,  якую выбіраем самі25 июня 2018 — 08:21

“Жыццё – гэта ліхтар, які на некаторы час трапіў мне ў рукі, і я зраблю ўсё магчымае, каб гарэў ён як мага ярчэй” – з такім дэвізам крочыць па жыцці настаўнік гісторыі, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Лунненскай сярэдняй школы Ірына Мікалаеўна Сільвановіч.

 

 

“Згодна з законамі фізікі, зверху можна толькі ціснуць, а ідучы наперадзе – весці за сабой”, -- так наша суразмоўца акрэсліла сваё педагагічнае крэда, якому яна застаецца вернай ужо 26 гадоў, з’яўляючыся “генератарам” ідэй і прыкладам самаадданай працы на карысць дзяцей і школы.


-- Сама я родам з Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці. У 1987 годзе скончыла Ліноўскую сярэднюю школу і паступіла на гістарычны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта, -- расказвае Ірына Мікалаеўна. – Быць настаўнікам – гэта мая дзіцячая мара, якую ўдалося паспяхова рэалізаваць. Аднак і зараз, маючы педагагічны стаж амаль у тры дзясяткі гадоў, не стаю на месцы, імкнуся да новага, прагрэсіўнага, каб быць на быстрыні сучаснага жыцця, інакш кажучы, на “адной хвалі” са сваімі вучнямі. Цяжкасці не палохаюць, а дапамагаюць выйсці на новы ўзровень развіцця.


Сваё станаўленне як маладога спецыяліста Ірына Мікалаеўна прайшла ў роднай Ліноўскай школе, куды трапіла па размеркаванні пасля заканчэння ўніверсітэта. А праз год яе чакала знаёмства з новай установай адукацыі – Лунненскай сярэдняй школай імя Героя Савецкага Саюза Івана Шарамета, дзе настаўнікам гісторыі пачынаў сваю прафесійную дзейнасць муж Станіслаў Алёйзавіч Сільвановіч.


-- Гісторыю немагчыма ўявіць без навукова-даследчай дзейнасці і краязнаўства, якое з цягам часу стала нашым сямейным хобі, -- адзначае суразмоўца. – Мне вельмі палюбіўся Лунненскі край з яго багатым слаўным мінулым. Гэтую любоў, імкненне адкрываць нязведаныя старонкі жыцця сваёй вёскі і яе людзей я прывіваю сваім дочкам і вучням.


І, трэба сказаць, даволі паспяхова. Так, Вераніка Вежаль у свой час за даследчую работу “Баявыя дзеянні ў раёне Лунна ў чэрвені 1941 года” была адзначана дыпломам I ступені ў рэспубліцы. Узнагароду за першае месца ў вобласці атрымала старэйшая дачка Ганна Сільвановіч за даследаванне “Маёнткі ў раёне Лунна”. Сумесная работа Ірыны Мікалаеўны і малодшай дачкі Алены “Дом, у якім я жыву” атрымала перамогу ў рэспубліканскай навукова-даследчай канферэнцыі. Сёлета дыплом I ступені з рэспублікі прывезла Дзіяна Мелех, якая ўдала абараніла даследаванне “Жылая забудова мястэчка Лунна канца XIX – першай трэці XX стагоддзяў”.


-- Разам з мужам мы таксама пісалі даследчую работу па гісторыі яўрэйскага насельніцтва ў Лунна, якою зацікавіліся ізраільскія вучоныя. Мы нават былі запрошаны ў Іерусалім на стажыроўку, -- удакладняе Ірына Мікалаеўна.


Расказваючы пра сваіх адораных вучняў, таленавіты педагог успамінае і Сяргея Чэрніка – варатара нацыянальнай зборнай Беларусі па футболе, майстра спорту міжнароднага класа, з якім у свой час неаднойчы прымалі ўдзел у алімпіядах па гісторыі.
-- Мне вельмі імпануе, што Сяргей у сваіх інтэрв’ю заўсёды прыводзіць найбольш цікавыя гістарычныя факты пра Лунна -- сваю малую радзіму, адкуль пачаўся яго шлях у жыццё і вялікі спорт, -- шчыра радуецца поспехам свайго выхаванца Ірына Мікалаеўна. І як настаўнік, і як намеснік дырэктара яна імкнецца да таго, каб калектыў, дзе па-ранейшаму ў цане ўзаемаразуменне і ўзаемапавага, працаваў плённа, а школа была тэрыторыяй поспеху і самарэалізацыі.


У гэтым станоўчую ролю іграе ў тым ліку і профільнае навучанне. Дарэчы, ужо трэці год вучні дзясятага класа выбіраюць у якасці профільнага прадмета менавіта гісторыю Беларусі.


Між тым, няма ніякага сакрэта, што крыніцай свайго творчага натхнення і самым вялікім дасягненнем у жыцці Ірына Мікалаеўна лічыць сям’ю. Муж і аднадумца Станіслаў Алёйзавіч – кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры гуманітарных навук Гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта, старэйшая дачка Ганна працуе юрысконсультам у юрыдычнай фірме, малодшая Алена – студэнтка эканамічнага факультэта Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта. Іх звязвае любоў адзін да аднаго, роднага краю і аднойчы абранай справы. І думкі жонкі і матулі непарыўныя з марамі і жаданнямі родных і блізкіх людзей, іх поспехамі і памкненнямі, сумеснымі планамі і адпачынкам.


Н.ШЭЎЧЫК

 

Фота аўтара



 


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио