Лёс кожнага з нас выпрабоўвае на вынослівасць, мужнасць, волю. А жаданне жыць і радавацца ўсяму трымае нас на гэтай зямлі. Менавіта пад гэтымі словамі можа падпісацца і Валянціна Іванаўна Ступакевіч—чалавек няпростага лёсу, невычэрпнай дабрыні, жыццястойкасці і аптымізму.
Рана яна захварэла: зусім маладой дзяўчынай, перанёсшы некалькі складаных аперацый, засталася інвалідам, павінна была пакінуць работу, а працавала яна загадчыцай паштовага аддзялення сувязі №3 г. Масты, змяніць на пэўны час вірлівае жыццё маладога чалавека, стасункі, свае інтарэсы.
А потым былі няпростыя гады змагання з хваробай, пошукі спосабаў лячэння, а на руках была яшчэ і маленькая дачушка… Не атрымалася і жыццё з мужам. Усё вытрымала Валянціна Іванаўна, Бог даў ёй сілы выстаяць і вярнуцца да жыцця. І што самае галоўнае: яна не стала злоснай, а засталася добразычлівай, спагадлівай і міласэрнай.
Пра такіх кажуць: у яе усе людзі добрыя. А сама Валянціна Іванаўна ўпэўнена, што добрага на свеце ўсё-такі больш, таму радуецца поспехам дачкі, унукаў, родзічаў і проста знаёмых. Кожнага не праміне павіншаваць са святам, сказаць добрае слова, падтрымаць і нават прапанаваць сваю дапамогу—робіць усё тое, што ў свой час рабілі для яе іншыя. Дабром—за дабро… У гэтым і ёсць сэнс чалавечага жыцця.
Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧ
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад