Мы ўжо пісалі, як былі ўражаны расійскія госці, што прымалі ўдзел у святочных мерапрыемствах да Дня горада Масты, нашай раённай бібліятэкай. Аднак што значыць установа без калектыву – творчага, натхнёнага новымі ідэямі і творчымі знаходкамі? Праўда, нічога! А таму наша размова з дырэктарам Таццянай Стэльмах аб тых, без каго бібліятэка – проста будынак.
– Бібліятэчная сістэма Мастоўскага раёна заўсёды славілася сваімі работнікамі, сапраўднымі прафесіяналамі, адданымі любімай справе. Гэта сапраўдныя патрыёты краіны і сваёй прафесіі, якой прысвечана не адзін дзясятак гадоў добрасумленнай працы, – пагаджаецца Таццяна Іосіфаўна.
Вось, напрыклад, Валянціна Раманчук, якая больш за трыццаць гадоў узначальвала Лунненскую сельскую бібліятэку. Сама родам з Магілёўскай вобласці, яна па размеркаванню прыехала на Мастоўшчыну і душой прыкіпела да гэтага краю. Дзякуючы творчаму падыходу да бібліятэчнага абслугоўвання насельніцтва, Валянціна Маркаўна заслужыла аўтарытэт у чытачоў, сваіх калег і аднавяскоўцаў.
– Засталося ў памяці, як у 70-х гадах мы, бібліятэкары, выходзілі на фермы, зернясклады і мехмайстэрні, каб выступіць па актуальных тэмах, пазнаёміць вяскоўцаў з навінкамі літаратуры, важнымі газетнымі публікацыямі, – дзеліцца ўспамінамі ветэран працы.
Дарэчы, створаны яе намаганнямі клуб “Сучасніца”, які аб’яднаў такіх жа актыўных і нераўнадушных жанчын, як і сама Валянціна Маркаўна, і зараз дзейнічае пад назвай “Гаспадынька” – удалы вопыт сваёй папярэдніцы працягвае бібліятэкар філіяла Марына Навіцкая.
Міні-музей “Свет дакамп’ютарнай тэхнікі”, бібліякараван “Кнігі будуюць Масты” – гэтыя і многія іншыя ініцыятывы належаць былому загадчыку аддзела маркетынга Надзеі Навагродскай. Калегі, якім давялося працаваць разам з ёю, адзначаюць высокі прафесіяналізм, дасведчанасць у самых розных пытаннях, творчыя знаходкі і ўменне ў звычайным бачыць нейкую адметнасць.
Закладзены Надеяй Дзянісаўнай падмурак стаў асновай для прафесійнага росту і развіцця патэнцыялу яе пераемніцы на гэтай пасадзе Юліі Райдзюк.
– За кароткі прамежак часу Юлія Сяргееўна ўнікла ў спецыфіку бібліятэчнай работы і праявіла сябе як нераўнадушны і зацікаўлены спецыяліст. Яе слушныя заўвагі былі ўлічаны пры напісанні гуманітарнага праекта “Руская народная казка як фенамен традыцыйнай рускай культуры”, які мы ў выніку выйгралі і зараз рэалізуем, – расказвае Таццяна Стэльмах.
Напэўна, няма таго чытача раённай бібліятэкі, асабліва сталага ўзросту, які б не ведаў бібліятэкара чытальнай залы Святлану Чайкіну. Больш за сорак гадоў жыцця Святланы Іванаўны звязаны з гэтай сферай дзейнасці. Многія мастаўчане ўдзячны ёй за дапамогу ў падборы неабходнай літаратуры, прыязныя адносіны і прыветлівасць. Творча падыходзіць яна да арганізацыі дзейнасці аматарскага аб’яднання “Добрыя сустрэчы”, паспяхова вядзе работу з інвалідамі па зроку.
– Немагчыма ўявіць работу нашай бібліятэкі без Людмілы Пакаціла, якая з 1987 года ўзначальвала аддзел абслугоўвання і інфармацыі. Вельмі цаню і даражу яе меркаваннямі і высновамі па самых розных пытаннях, – распавядае Таццяна Іосіфаўна. – Не абысціся нам і без метадыста аддзела маркетынга Вольгі Коршун. Яна з’яўляецца не толькі выдатным метадыстам, але і адным са складальнікаў даведніка “Турыстычныя сцежкі Мастоўшчыны”, зборніка “Легенды і паданні зямлі Мастоўскай”, стваральнікам і распрацоўшчыкам краязнаўчай базы “Сцежкамі Мастоўскага краю”, прадстаўленага на сайце бібліятэкі. Акрамя таго, “Летапіс Свята-Пакроўскай царквы в. Бялавічы Мастоўскага раёна”, што літаральна нядаўна ўбачыў свет, – таксама плён яе крапатлівай працы.
Таксама ў выдадзенай кнізе – сумесныя намаганні айца Іаана Аўсіевіча і бібліятэкара Зарудаўскай сельскай бібліятэкі Марыі Рахунак, якая займалася зборам матэрыялу. За мастацкае афармленне выдання адказвала Наталля Кісялеўская, за рэдагаванне – Вольга Бісерава і Вольга Коршун.
А вось творчы тандэм мастака-афарміцеля Наталлі Кісялеўскай і адміністратара сістэмнага Вадзіма Саўко – гэта крэатыўныя рашэнні і праекты, што знаходзяць адлюстраванне на сайце раённай бібліятэкі, у афармленні памяшканняў і тэрыторыі, выстаў і конкурсных работ.
– Трэба сказаць і пра мае “правую і левую рукі”, без падтрымкі якіх было б складана вырашаць многія арганізацыйныя моманты і ў цэлым пытанні функцыянавання бібліятэчнай сістэмы раёна, – падкрэслівае Таццяна Стэльмах. – Гэта мой намеснік Вольга Бісерава – граматны, дасведчаны і разумеючы кіраўнік, які здольны справіцца з вялікім аб’ёмам работы і падставіць плячо дапамогі. А таксама загадчык гаспадаркі Кацярына Кавалевіч, якая да таго ж узначальвае пярвічную прафсаюзную арганізацыю. Скажу коратка, але ёмка, – гэтыя людзі сапраўды на сваіх месцах.
Зразумела, што межы газетнага артыкула не дазваляюць назваць і расказаць пра ўсіх творчых, ініцыятыўных і нераўнадушных работнікаў бібліятэчнай сістэмы раёна.
– Хочацца напярэдадні Дня бібліятэк падзякаць кожнаму, хто кожны дзень спяшаецца на сустрэчу са сваімі чытачамі, хто крэатыўнымі ідэямі і цікавымі знаходкамі запальвае агеньчык пазнання, хто выхоўвае ў падрастаючага пакалення любоў да кнігі і чытання, хто на працягу многіх гадоў застаецца верным абранай справе. Дзякуй, калегі, за адзінства думак, намераў і сумеснай дзейнасці. Няхай крыніца вашага творчага натхнення заўсёды будзе напоўнена, а сіл, здароўя і часу хапае і на працу, і на сям’ю, і на любімыя захапленні, – звярнулася да калег Таццяна Стэльмах.
Няма сумнення, што каманда, якая склалася ў Мастоўскай раённай бібліятэцы і яе філіялах, – гэта каманда аднадумцаў, якой пад сілу вырашаць самыя складаныя задачы і рэалізаваць самыя смелыя ідэі. Тут вопыт удала дапаўняе маладосць, і як вынік – новыя перамогі, дастойныя ўзнагароды і творчыя дасягненні. Гэтага і жадаем бібіліятэкарам раёна ў іх прафесійнае свята.
Наталля ШЭЎЧЫК
Фота аўтара і з архіва раённай бібліятэкі
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад