На аўтастаянцы ля Еўраопта часта можна сустрэць людзей, якія папрашайнічаюць. То на дарогу дамоў не хапае, то на хлеб, то на дарагое лячэнне. А вы падаяце?
Шчыра прызнаюся: я – не. Больш не падаю. Бо калі аднаго разу пашкадавала “жаласлівага” мужчыну і дала яму пэўную суму “на дарогу дамоў”, а пасля сустрэла каля прылаўка са спіртным, зразумела, што памылілася. І мне ад гэтага стала неяк прыкра, няёмка і нават крыўдна.
А яму, відаць па ўсім, было ўсё роўна… Грошы былі патрэбны толькі для таго, каб набыць чарговую бутэльку віна. А па тым, як моцна брынькалі на касе яго назапашванні, можна было зразумець, колькі такіх жа даверлівых ён змог разжаліць, а папраўдзе, проста абдурыць. З таго самага часу і перастала верыць людзям, якія просяць грошай. А можа, зусім дарэмна?
– Бываюць розныя сітуацыі, але калі раптам чалавек трапляе ў складанае жыццёвае становішча, тады можа звярнуцца ў сацыяльную службу, дзе яму абавязкова дапамогуць, у тым ліку і матэрыяльна, – падкрэслівае начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ала Яшкова. – Гэта можа быць інваліднасць, няздольнасць да самаабслугоўвання, хвароба, сіроцтва, безнагляднасць, малазабяспечанасць, беспрацоўе, адсутнасць вызначанага месца жыхарства, канфлікты і шмат што іншае. У любым выпадку кожны зварот у сацыяльную службу разглядваецца індывідуальна.
І дзяржава дапамагае, і самі людзі не праходзяць раўнадушна міма трагедыі ці бяды другога. Дык чаму ўсё яшчэ ёсць сярод нас тыя, што не саромеюцца прасіць на вуліцы? Назіранні і прыродная інтуіцыя падказваюць, што большасць такіх папрашаек з катэгорыі працаздольных грамадзян, якія не хочуць(!) нідзе працаваць. Яны быццам бы і не супраць прыкласці дзе-небудзь свае рукі, але так, каб не вельмі цяжка, бо яшчэ падарвуць сваё каштоўнае здароўе. І каб уставаць не рана, і дамоў не позна, і каб заработная плата дастойная, інакш – шукай ветру ў полі.
І раней, і зараз такіх, што маюць сілы і здароўе, аднак нідзе не працуюць, называюць лайдакамі ці дармаедамі. Вельмі дакладна, ці не так? У самую кропку! Бо калі ты нідзе не працуеш, значыць, не адлічваеш сродкі ў Фонд соцыяльнай абароны, у падатковую інспекцыю і іншыя службы, якія потым выдаткоўваюць грошы на выплату пенсій, дапамог, аплату бальнічных лістоў, утрыманне дзяцей у школах і дзіцячых садах, медыцынскае лячэнне хворых у бальніцах і шэраг іншых патрэб.
Дарма жывеш на свеце, калі не прыносіш карысці сваёй сям’і і краіне, калі не знайшоў, дзе прыкласці свае рукі, веды і прафесійныя навыкі, калі не сорам выходзіць да людзей з працягнутай рукой ды пры гэтым яшчэ падманваць іх аб неіснуючых праблемах сваёй нікчэмнай асобы.
Так, мы, беларусы, народ добры, лагодны і даверлівы. Можа, нават залішне даверлівы. Бо гэтым падчас карыстаюцца ў сваіх карысных мэтах не зусім сумленныя людзі. Аднак давер намнога лягчэй згубіць, чым заваяваць. Ці не праўда?
Надзея СВЯТЛОВА
Фота з адкрытых інтэрнэт-крыніц
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад