Дзень 13 ліпеня на працягу вось ужо 70 гадоў з’яўляецца для мастаўчан памятнай датай, светлым святам вызвалення горада Масты і Мастоўскага раёна ад нямецкафашысцкіх захопнікаў. І глыбока сімвалічна, што ўрачыстасці з гэтай нагоды праходзяць на святым для кожнага жыхара Мастоўшчыны месцы – мемарыяльным комплексе ў Шымках.
Тут не прынята моцна размаўляць, слухаючы перашэпт дрэў, што за гады мірнага жыцця высока падняліся ў неба. Чытаючы надпісы на шэрых мемарыяльных плітах, думкі тут скіраваны толькі да падзей Вялікай Айчыннай вайны. Штогод сюды прыходзяць удзячныя нашчадкі з кветкамі і вянкамі ў знак памяці аб сваіх забітых і закатаваных землякоў.
Так было і на гэты раз. І нават дождж не рашыўся сапсаваць мастаўчанам свята – у час мітынгу ў Шымках неба праяснілася, паказалася сонейка, быццам сімвалізуючы чарговую перамогу дабра над злом, што неслі з сабой фашысты і навязаная імі вайна.
-- 70 гадоў прайшло з таго памятнага дня 13 ліпеня 1944 года, калі была вызвалена Мастоўшчына, і сёння мы ўспамінаем тых, чый лёс скалечыла, каго абпаліла вайна, тым, хто безыменны спіць у брацкіх магілах, хто без весткі прапаў у барацьбе з фашызмам. Неймаверна вялікай цаной аплачана наша перамога, -- адзначыў у сваім выступленні намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Сяргеевіч Яраш. – За Масты і населеныя пункты раёна вяліся бязлітасныя баі. Аб гэтым сведчыць і той факт, што 15 воінаў, якія праявілі мужнасць і гераізм у бітвах за вызваленне Мастоўшчыны, былі ўдастоены ганаровага звання Героя Савецкага Саюза.
-- Наш абавязак перад тымі, хто не вярнуўся з палёў бою, хто падарыў нам шчасце жыць на роднай зямлі, хто прынёс перамогу – захаваць мір і не дапусціць паўтора трагедыі. За гэта змагаліся нашы ветэраны, прадоўжыў Аляксандр Сяргеевіч.
Словы ўдзячнасці ўсім тым, хто загінуў, вызваляючы нашу Мастоўшчыну, а таксама ўсім ветэранам прагучалі і ў выступленні ваеннага камісара Мастоўскага раённага ваеннага камісарыята Дз. Ф. Багдановіча. -- Штогод у гэты святы для нас дзень мы ўспамінаем нашых ветэранаў і аддаём даніну павагі подзвігу абаронцаў Айчыны, ушаноўваем тых, хто ў баях, партызанскіх атрадах і падполлі мужна і бясстрашна змагаўся з ворагам. Мы не маем права забываць пра тое, што зрабілі нашы дзяды і прадзеды ў імя мірнага жыцця, -- падкрэсліў Дзмітрый Францавіч.
Павіншавалі мастаўчан з Днём вызвалення старшыня савета грамадскай арганізацыі “Севераморская мясцовая нацыянальнакультурная аўтаномія “Беларусы Севераморска” Пётр Пятровіч Масюк і намеснік старшыні рэгіянальнай нацыянальнакультурнай аўтаноміі “Беларусы Масквы”, намеснік кіраўніка маскоўскага жаночага клуба “Беларусачка” Тамара Фёдараўна Яшына.
-- Дарагія суайчыннікі! Прыміце самыя сардэчныя віншаванні з нагоды 70-годдзя вызвалення вашага раёна, горада і ўсёй Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, -- звярнулася да ўдзельнікаў урачыстага мітынгу Тамара Фёдараўна. – Перш за ўсё, хачу выказаць словы ўдзячнасці ветэранам, а таксама тым, хто ахвяраваў сваім жыццём дзеля мірнай будучыні Беларусі, тым, хто падымаў краіну з руін і попелу, тым, хто зараз плённа працуе і робіць усё, каб Беларусь квітнела і ўпэўнена глядзела ў будучыню.
“Далёкі час трывожны не забыты,Хаця старыя раны зажылі, Зямля ўздыхае па сынах забітых,Што з бою не прыйшлі...”—пранікнёна, быццам набат, гучаць словы адзінаццацікласніц гімназіі №1 г. Масты Інгі Ячкоўскай, Юліі Валковіч і Аляксандры Каспяровіч. Вядучыя мерапрыемства Марына Ячкоўская і Дзмітрый Малец запрашаюць прысутных ушанаваць памяць загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны хвілінай маўчання і ўскласці вянкі і кветкі да абеліска.
“Хай больш ніколі не будзе гора! Хай больш не будзе вайны ніколі!” – як запавет, як клятва гучаць словы над мемарыяльным комплексам, рэхам разносячыся па наваколлі і аддаючыся ў кожным сэрцы.Н. ШЭЎЧЫКНа здымках: у час урачыстага мітынгурэквіему «Партызанкай першай лічыцца зямля бясстрашная Беларусь».
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад