У Гудзевіцкай гімназіі ганарацца сваім выхаванцам Міхаілам Занеўскім, і падстава таму ёсць. Хлопец добра вучыцца, прымае актыўны ўдзел у жыцці свайго класа і гімназіі, дастойна абараняе яе гонар на шматлікіх спартыўных спаборніцтвах розных узроўняў. А нядаўна ў навучальную ўстанову прыйшла яшчэ адна прыемная навіна: Міхаіл Занеўскі прыме ўдзел у рэспубліканскай ёлцы, якая звычайна праходзіць пры ўдзеле Прэзідэнта краіны.
Што неабходна, каб дабіцца выніка ў спорце? Нейкія асаблівыя фізічныя паказчыкі спартсмена, яго рост, вага ці сіла? Можа быць, але не абавязкова. На першым месцы, безумоўна, жаданне ісці да намечанай мэты, пераадольваючы цяжкасці, вялікая сіла волі, настойлівасць і працавітасць. У гэтым перакананы настаўнік фізічнай культуры Гудзевіцкай гімназіі Анджэй Рышардавіч Занеўскі. З гэтым згодны і яго выхаванцы, сярод якіх – яго сын Міхаіл.
Імя Міхаіла Занеўскага пастаянна з’яўляецца ў выніковых табліцах раённых, абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод школьнікаў. І хлопец выступае не проста ў якасці статыста. Ён або сярод пераможцаў, або ўваходзіць у лік прызёраў.
Так, толькі за 2014 год Міхаіл пяць разоў падымаўся на спартыўны п’едэстал як пераможца і тры разы – як прызёр. Першае месца ён заваяваў на першынстве раёна ў лыжнай эстафеце “Мастоўская лыжня2014”, а таксама на раённых спаборніцтвах сярод дзяцей і падлеткаў па біятлоне, лыжным спорце і стральбе з пнеўматычнай зброі “Снежны снайпер”.
Не пакінуў шансаў сваім сапернікам юны спартсмен у першынствах раёна па зімовым шматбор’і “Здароўе”і па лёгкай атлетыцы сярод юнакоў 2001 года нараджэння і маладзей, дзе ён паказаў лепшы вынік у трайным скачку.
Футбольная каманда, членам якой з’яўляецца Міхаіл, заняла першае месца ў занальных спаборніцтвах.Трэцім быў гімназіст з Гудзевіч у рэспубліканскім турніры па летнім шматбор’і і ў першынстве Гродзенскай вобласці па бегу, скачках і мятаннях сярод юнакоў і дзяўчат 2001 года нараджэння і маладзей. Другое месца прынёс яму ўдзел у першынстве раёна па лёгкай атлетыцы, а дакладней, у скачках у даўжыню.
Да таго ж, Міхаіл Занеўскі ўваходзіць у склад зборнай каманды вобласці сярод дзяцей і падлеткаў па біятлоне, лыжным спорце і стральбе з пнеўматычнай зброі “Снежны снайпер” і з’яўляецца ўдзельнікам аналагічных рэспубліканскіх спаборніцтваў на прызы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, адзначыла намеснік дырэктара гімназіі па вучэбнай рабоце Вольга Сяргееўна Валюшка.
Напэўна, усё гэта заканамерна, тым больш, што трэнерам Міхаіла з’яўляецца яго бацька Анджэй Рышардавіч Занеўскі, які і сам актыўны ўдзельнік спартыўных турніраў. На іх ён выступае за каманду закрытага акцыянернага таварыства “Гудзевічы” – бясспрэчнага лідэра спартыўнага жыцця раёна сярод сельгасгаспадарак. На працягу многіх гадоў гудзевіцкія турысты пад непасрэдным кіраўніцтвам Анджэя Рышардавіча становяцца лепшымі ў раёне і прымаюць удзел у абласных спаборніцтвах. Прыклад бацькі і ў спорце, і ў жыцці мае вялікае значэнне для яго сыноў Міраслава і Міхаіла.
Міхаіл мае добрыя перспектывы не толькі ў спорце. Ён праяўляе здольнасці да вывучэння школьных прадметаў і з’яўляецца актыўным удзельнікам як класных, так і школьных мерапрыемстваў, падкрэслівае намеснік дырэктара Гудзевіцкай гімназіі па выхаваўчай рабоце Святлана Анатольеўна Шчарбіна. – Таму яго паездка ў Мінск на рэспубліканскую ёлку – гэта заслужаная ўзнагарода.
Н.ШЭЎЧЫК
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад