14 кастрычніка адзначаецца адно з самых кранальных і душэўных святаў − Дзень маці, якое супадае з праваслаўным святам Пакровам Найсвяцейшай Багародзіцы.
Зямное і нябеснае ўвабраў у сябе самы блізкі і родны ў свеце чалавек – мама. І падобна на тое, як, па паданні, Божая маці расхінула над веруючымі покрыва, абараніўшы іх, так і нашы мамы аберагаюць і ахоўваюць нас на працягу свайго жыцця. Дзень маці − цудоўная нагода выказаць сваю любоў і глыбокую падзяку самаму галоўнаму ў жыцці чалавеку.
У межах інавацыйнай дзейнасці ў дзіцячым садзе адбыўся тэматычны тыдзень “Цяпло сэрцаў для мілых матуляў”. На працягу тыдня працавалі творчыя майстэрні па вырабе падарункаў самым любімым і дарагім матулям. У гонар свята арганізавана выстава “Асенні букет”, на якую выхаванцы разам са сваімі бацькамі прадставілі сапраўдныя шэдэўры сумеснай творчасці. Кожная мама змагла ўбачыць свой фотаздымак у фотагазеце “Люблю тваю ўсмешку, мама”, якая была падрыхтавана дзецьмі разам з выхавальнікамі дашкольнай адукацыі. Кульмінацыяй тыдня стала забава “Пад покрывам Найсвяцейшай Багародзіцы”. Па традыцыі на мерапрыемства былі запрошаны настаяцель царквы святога Іаана Прадцечы Аляксандр Свістун і матушка Анастасія. Работнікі дзіцячага сада падрыхтавалі пастаноўку тэатра батлейка “Пакрывае ўсіх пакровам”. Для матуляў гучалі цёплыя словы ад дзяцей і дарослых. Светлую атмасферу свята падтрымаў айцец Аляксандр, які павіншаваў усіх прысутных са святам, расказаў дзецям пра любоў Найсвяцейшай Багародзіцы да людзей, як навучыцца па-сапраўднаму любіць сваіх матуляў. Матушка Анастасія і айцец Аляксандр пачаставалі дзяцей салодкімі падарункамі.
Мамы – нашы анёлы-ахоўнікі, і напярэдадні свята хочацца сказаць словы падзякі ўсім матулям за любоў, пяшчоту і дабрыню.
Наталля Буркас,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці
ДУА “Лунненскі дзіцячы сад”
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад