Ужо не першы раз мы разам са старшынёй раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Віктарам Метлюком накіроўваемся на малочна-таварную ферму “Зарудаўе” ААТ “Мастаўчанка”. Падстава зноў прыемная: узнагародзіць у рамках акцыі “Наш жывёлавод” заахвочвальным пісьмом “Перадавік” і грашовай прэміяй райкама прафсаюза за добрасумленную шматгадовую працу, высокі прафесіяналізм мясцовую цялятніцу Кацярыну Маташук.
Прыязджаем на ферму крыху раней вызначанага часу і некалькі хвілін назіраем, як Кацярына Іванаўна Маташук і Алена Іванаўна Красько (дарэчы, гэта родныя сёстры) завіхаюцца каля сваіх падапечных. А ў іх на дваіх – 277 галоў, ад нованароджаных да рослых цялят.
– А хочаце мы вас з Жорыкам пазнаёмім? Такі разумны і кемлівы бычок, гэта штосьці. Нарадзіўся менш за 18 кілаграмаў, думалі нічога не будзе. А вось выхадзілі, выкармілі. І так ён да нас прывязаўся, не раўнуючы, як маленькі шчанючок ходзіць следам, – з добрай усмешкай расказваюць жанчыны пра свайго любімца.
Хутка на вуліцы з’яўляецца і Жорык. Маленькае двухтыднёвае цялятка, якое ўжо цвёрда трымаецца на нагах, спачатку пужаецца незнаёмцаў, а пасля з задавальненнем удзельнічае ў фотасесіі. Праўда, толькі разам са сваімі “выхавальніцамі” – так між сабой называюць тут цялятніц.
– Цяляты – яны ж як дзеці, і ласку любяць, і цяпло, і клопат. Таму мы стараемся не толькі іх напаіць і накарміць, але і прылашчыць, і паўшчуваць часам, – расказваюць жанчыны, пагладжваючы цікаўных непасед.
А яны, падстаўляючы то адзін, то другі пярэсты бачок, па ўсім відаць, памятаюць іх рукі, цёплыя, клапатлівыя, што выпойвалі іх малодзівам. Памятаюць голас, на які адгукаюцца. І нават, здаецца, пазнаюць іх па кроках з дзясятка іншых.
Ды і як жа іначай, калі Кацярына Іванаўна на ферме працуе ўжо чатырнаццаць гадоў. Алена Іванаўна далучылася да сястры ў 2011 годзе. На працягу ўсяго дня, з рання і да змяркання, яны каля цялят: накарміць, напаіць, падаслаць, каб было цёпла і суха, паназіраць за станам здароўя, каб у час аказаць неабходную дапамогу.
– Да працы на ферме мы прызвычаіліся яшчэ калі былі дзецьмі і хадзілі дапамагаць маме Веры Паўлаўне Коцка, якая працавала даяркай, – успамінаюць нашы суразмоўцы. – Ды хіба ж параўнаеш цяперашнюю дойку і колішнюю. Тады амаль што ўсё даводзілася рабіць уручную, але нічога, спраўляліся, хоць і цяжка было, і рукі балелі. Бацька наш Іван Іванавіч Коцка таксама працаваў у калгасе, быў механізатарам.
А зараз ужо ўнукі Кацярыны Іванаўны, калі прыязджаюць у госці да бабулі, прыходзяць ёй на дапамогу. Ды яшчэ б – тры ўнукі, самы старэйшы з якіх мае 19 гадоў, і адна ўнучка – гэта вялікая сіла.
– З цялятніцамі нам і сапраўды пашанцавала, – уступіла ў гутарку брыгадзір вытворчай брыгады ў жывёлагадоўлі ААТ “Мастаўчанка” Наталля Сяргееўна Пяцэвіч. – На іх можна палажыцца ў самых складаных сітуацыях і быць упэўненым, што не падвядуць, не спалохаюцца цяжкасцей і не пройдуць раўнадушна побач з неахайнасцю і нядбайнасцю. Ды і сяброўкі яны верныя, надзейныя, а гаспадыні – дбайныя і руплівыя, бо, як у народзе кажуць, працай загартаваныя.
Н. ШЭЎЧЫК
Фота аўтара
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад