Наведвальнікі магазіна “Дзіцячы свет” дваццатага снежня былі прыемна ўражаны. Па гадлёвай зале разам з прадаўцамі праходжваліся з прыгожай скрынкай піянеры-сямікласнікі другой гарадской школы Настасся Чабан, Марыя Ніканава, Дар’я Слесар і Міхаіл Бушуеў.
Кожнаму, хто заходзіў у магазін, рабяты прапаноўвалі купіць школьныя прылады ці цацку , каб ахвяраваць гэты невялікі падарунак дзецям, якія зараз знаходзяцца ў сацыяльна-педагагічным цэнтры. Рэдка хто адмаўляў школьнікам у такой незвычайнай просьбе. Скрынка на радасць рабят па-ціху запаўнялася падарункамі.
Піянерскія арганізацыі школ раёна ўдзельнічалі ў рэспубліканскай акцыі “Цуды на каляды”. Арганізатарам дабрачыннай акцыі выступіў раённы савет Мастоўскай піянерскай арганізацыі. Хлопчыкі і дзяўчынкі вырашылі падрыхтаваць падарункі не толькі сваім равеснікамі, якія ў гэтым маюць патрэбу, але і адзінокім састарэлым людзям.
—Аказваецца, дарыць падарункі нават прыемней, чым іх атрымліваць самому,— прызналася Марыя Ніканава. Ды і ў астатніх рабят вочы іскрыліся радасцю і дабрынёй.
Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧ
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад