Выхаванцы нашага аздараўленчага лагера “Экаландыя” не выключэнне: яны вельмі любяць падарожнічаць. У перыяд з 3 па 24 чэрвеня дзеці шмат дзе пабывалі. Ім не трэба было перад падарожжам вывучаць іншую мову, бо з лясамі, вёскамі, гарадамі яны гаварылі на нашай роднай беларускай мове.
Самымі запамінальнымі былі экскурсіі ў Правамастоўскі эколага- біялагічны цэнтр, да мемарыяльнага комплексу ля вёскі Шымкі і ў Свята-Успенскі Жыровіцкі манастыр.
У эколага-біялагічным цэнтры нас сустрэла метадыст Вольга Байгот. Яна прыязна згадзілася расказаць нам пра жывы вугалок і пазнаёміла нас з яго жыхарамі: чарапашкамі, папугайчыкамі.
Мы адчулі, што ўсім жывёлам у гэтым райскім вугалку вельмі добра: іх тут лечаць, даглядаюць і любяць.
Далей мы наведалі сад і аддзел кветкаводства і з захапленнем слухалі аповед пра розныя раней незнаёмыя нам расліны і дрэвы.
Дырэктар цэнтра Кацярына Рэкуць правяла з дзецьмі ШАГ па тэме "Дакажам справай, што нездарма на нас спадзяецца Зямля", прысвечаны Сусветнаму дню аховы навакольнага асяроддзя. Затым гасцінныя гаспадары цэнтра пачаставалі дзяцей гарбатай з лекавых траў.
14 чэрвеня выхаванцы аздараўленчага лагера “Экаландыя” адправіліся на экскурсію па маршруту “Пескі – Шымкі – Пескі”.
Рабяты наведалі Свята-Траецкую Шчарскую крыніцу, якая ўзнікла на месцы знішчанай фашыстамі царквы. Вада ў крыніцы дзіўна чыстая, халодная, не замярзае нават у самыя лютыя маразы. Ходзяць легенды, што яна вылечвае людзей ад розных хваробаў. Народная сцежка да крыніцы не зарастае.
Недалёка ад Свята-Траецкай Шчарскай крыніцы захаваліся рэшткі старой дзягцярні, якая працавала пасля вайны, тут выганялі смалу. Па падземных хадах без доступу кіслароду яна перацякала ў бочкі, становячыся дзёгцем.
Дзецям цікава было ўбачыць музей-зямлянку, наведаць мемарыяльны комплекс у памяць аб загінуўшых у вайну жыхарах Мастоўшчыны.
Трапіўшы ў заказнік “Ліпічанская пушча”, рабяты са здзіўленнем разглядалі дуб 250-гадовага ўзросту з таўшчынёй ствала 3 метры ў дыяметры і даведаліся, што ўсяго ў лесе расце каля 20 відаў парод дрэў і звыш 250 відаў траў.
23 чэрвеня выхаванцы лагера “Экаландыя” наведалі Жыровіцкі манастыр. Яны нібы трапілі ў зусім іншы, асобны свет, далёкі ад мітусні, са сваім тэмпам і правіламі, акунуліся ў атмасферу невытлумачальнага ўнутранага камфорту.
Мы зразумелі, што манастыр цікавы не толькі як унікальны помнік архітэктуры XVII-XVIII стагоддзяў, які спалучае класіцызм, барока і ракако, але перш за ўсё як духоўны цэнтр, дзе ачышчаюцца душы, дзе ўспамінаецца аб нябесным, аб тым, што мы толькі вандроўнікі на Зямлі…
Вяртаючыся дадому з кожнага падарожжа, мы з радасцю заўважалі, як узбагацілася наша свядомасць, колькі мы атрымалі новых эмоцый, колькі новага даведаліся. А яшчэ пачынаеш разумець, як моцна ты любіш сваю малую радзіму, які дарагі для цябе твой маленькі аграгарадок, твой дом, як хочацца хутчэй пабачыць родных і блізкіх, падзяліцца з імі сваімі ўражаннямі, паказаць фотаздымкі. Усё ж такі нездарма ў народзе кажуць: “У гасцях добра, а дома лепш!”
Наталля Мандзік,
выхавальніца аздараўленчага лагера “Экаландыя”
ДУА “Пескаўскі вучэбна- педагагічны комплекс
дзіцячы сад-сярэдняя школа”
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад