“Якія ж вы малайцы! Такое цудоўнае свята зладзілі! Ушанавалі хлеб, які ўсяму галава ва ўсе часы, аддалі даніну павагі чалавеку працы, дзякуючы якому мы і маем на нашых сталах духмяны бохан”, – гэтыя словы расійскай эстраднай зоркі Маргарыты Суханкінай падчас вячэрняй праграмы свята сталі той выніковай рыскай, якая пацвярджае: усё мы, беларусы, робім правільна. Самааддана працуем дзеля дабрабыту роднай зямлі, святкуем так, каб было чуваць у суседзяў, славім людзей, слынных сваім талентам і энтузіязмам, беражліва захоўваем традыцыі продкаў.
17 жніўня Свіслач ператварылася ў хлебную сталіцу не толькі Гродзенскага рэгіёна, але і ўсёй краіны. У трэці раз каравай-фэст “Бацькава булка” аб’яднаў беларусаў сваімі спрадвечнымі традыцыямі, стаў сімвалам працавітасці, дружбы, працвітання і адзінства. Сёлетняе свята было прысвечана тэмам 80-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 30-годдзю прэзідэнцтва і іншым дасягненням краіны, сярод якіх – палёт беларускі Марыны Васілеўскай у космас.
Безумоўна, у цэнтры ўвагі была тая самая свіслацкая пляцёнка, якая тры гады таму атрымала вышэйшую адзнаку ад Прэзідэнта. Падчас наведвання мясцовай пякарні ў 2021 годзе кіраўніку дзяржавы прапанавалі пакаштаваць сціплую, але вельмі духмяную булку. З лёгкай рукі Аляксандра Рыгоравіча пляцёнка праславілася на ўсю краіну, атрымала народную назву “Бацькава булка”, а свіслаччане, падхапіўшы ідэю, дастойна ўславілі мясцовы брэнд.
– Упэўнены, што ў каравай-фэста вялікае будучае, – адзначыў губернатар Гродзенскай вобласці Уладзімір Каранік падчас урачыстага адкрыцця свята. – З году ў год ён набірае папулярнасць, пашырае свае межы, збірае на беларускай зямлі ўсё новых удзельнікаў і гасцей. Не сумняваюся, што ён працягне здзіўляць багаццем хлеба, майстэрствам вырабу самых розных хлебапрадуктаў і кулінарнай вытанчанасці.
Сапраўды, набыўшы размах рэспубліканскага маштабу, сёлета свята здзіўляла сапраўднымі хлебнымі шэдэўрамі і частавала адмысловымі вырабамі як пекараў-прафесіяналаў, так і аматараў смачнай хатняй выпечкі. Дарэчы, які б ні быў рэцэпт, галоўны яго інгрэдыент – душа і любоў.
Шкада, што праз газетныя радкі нельга перадаць той пах, якім была напоўнена Свіслач у мінулую суботу. Па-бацькоўску, па-роднаму, па-добраму тут смачна пахла свежым хлебам. І паўсюдь гатовы былі не толькі падзяліцца з табой сакрэтамі ўдалай выпечкі, але і пачаставаць.
Вы яшчэ не спрабавалі “Бацькавай булкі”? Тады раскажу, што яе смак нагадвае дзяцінства, родны дом, цяпло матуліных рук і мірнае жыццё. Гэта канстатавалі ўсе, хто прыняў удзел у дэгустацыі самай доўгай 5-метровай пляцёнкі, якую да свята выпеклі гродзенскія пекары. Каб вы ўявілі сабе маштаб, дадам, што на яе выраб спатрэбілася 25 кілаграмаў мукі, 10 кілаграмаў цукру, 5 кілаграмаў разынак і вялікая тунэльная печ.
Трэба сказаць, што на свяце можна было не толькі добра падмацавацца прадстаўленымі вырабамі, але і самому ўпрыгожыць пернік ці асвоіць тэхніку пляцення той самай “Бацькавай булкі”. І хоць з першага разу мала ў каго атрымалівася так якасна і хутка плесці “косу”, як у сапраўдных прафесіяналаў, але навык атрымалі ўсе жадаючыя. Так што не выключана, што хутка нашы кватэры таксама напоўняцца пахам свежай хатняй выпечкі.
А для вельмі занятых гаспадынь аб смачненькім паклапаціліся “Гроднахлебпрам” і спажыўтаварыства: набыць гатовую “Бацькаву булку” можна было ў гандлёвых кропках. Гандлявалі гэтай прадукцыяй і работнікі Мастоўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства. Дарэчы, попытам карыстаўся не толькі свіслацкі брэнд, але і прадукцыя нашага хлебазавода.
Як і мастоўскі квас. Чарга да кваснай бочкі, што стала для многіх арыенцірам, з цягам часу не толькі не змяншалася, а толькі павялічвалася. І справа не толькі ў 30-градуснай гарачыні, а ў такім знаёмым з дзяцінства смаку сапраўднага квасу на натуральнай заквасцы. Якасць, якая з гадамі стала брэндам ужо нашага раённага цэнтра.
Ну, і якое ж свята без творчых пляцовак, танцаў, песень, спартыўных актыўнасцяў і горада майстроў?! Усяго гэтага на каравай-фэсце было ў дастатку. І на кожнай з лакацый мы сустрэлі землякоў.
Так, на выстаўцы ваеннай тэхнікі няслі службу супрацоўнікі Мастоўскага раённага аддзела Дэпартамента аховы. Мастоўскія майстрыхі, што ўкладваюць душу і талент у вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, сталі ўдзельнікамі выставы-конкурсу “Ручнік як шлях да жыцця”. Майстар аддзела традыцыйнага мастацтва і рамёстваў РЦК Ірына Фядзюк адзначана дыпломам 3 ступені.
Спрыт, кемлівасць і знаходлівасць прадэманстравала каманда ААТ “Чарлёна” падчас удзелу ў конкурсна-забаўляльнай эстафеце “Бацькава міля”. Нашы землякі сталі пераможцамі ў намінацыі “Лепшая група падтрымкі”.
Сваёй творчасцю гасцей свята парадаваў і народны ансамбль народнай песні “Ярыца” Мастоўскага РЦК. З песняй “Каравай” наш калектыў стаў прызёрам конкурсу “Хлебная песня” ў намінацыі “Вакальны калектыў”. Дарэчы, пачуць выступленне нашых землякоў можна ў Тэлеграм-канале і Тik-Tok раённай газеты “Зара над Нёманам”.
Глядзіце, смакуйце, атрымлівайце асалоду ад самага хлебнага фестывалю Гродзеншчыны і з нашай фотападборкай.
Наталля ШЭЎЧЫК
Фота аўтара
Бацькава Булка 2024
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад