Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноГод исторической памятиКультураСоциумКультура

Чем запомнился День письменности мостовчанам

Чем запомнился День письменности мостовчанам08 сентября 2025 — 16:03

На Дне пісьменнасці, што прайшоў у мінулыя выхадныя ў Лідзе, былі шырока прадстаўлены творчыя пляцоўкі мастаўчан.

Гэтае свята чакалі не толькі пісьменнікі, паэты, публіцысты, але і тыя, хто сваёй штодзённай працай захоўвае літаратурную спадчыну, папулярызуе роднае слова і садзейнічае развіццю культуры. Таму тут знайшлі месца розныя тэматычныя выставы, творчыя пляцоўкі, прэзентацыі новых кніг, фестывалі, экспазіцыі.

На пляцоўцы Гродзенскай вобласці з самага ранку гучалі вершы і роднае слова. Свае творы чыталі аўтары Лідчыны, госці са сталіцы, творцы Гродна і іншых куточкаў Прынёмання. Слова сучасных аўтараў гучала тут увесь дзень, запрашаючы гасцей далучыцца да знаёмства з сучаснай літаратурай. Былі прадстаўлены таксама  выданні,  якія пабачылі свет на  Гродзеншчыне і прысвечаны  Прынёманскаму краю і яго выбітным людзям.

Асобнае месца заняла выстава сродкаў масавай інфармацыі Гродзенскай вобласці, дзейнасць якіх непасрэдна звязана з мовай і літаратурнай спадчынай. Тут былі прадстаўлены праекты СМІ па папулярызацыі творчасці мясцовых аўтараў. Праект раённай газеты “Зара над Нёманам” адлюстроўваў літаратурнае багацце Мастоўшчыны.

Працавала ў Лідзе на Дне беларускай пісьменнасці  інтэрактыўная пляцоўка Мастоўскай раённай бібліятэкі. На ёй былі прадстаўлены творы мастоўскіх паэтаў, пісьменнікаў, аўтараў кніг, таксама  гульні і забаўкі для дзяцей, у якіх размова вядзецца пра літаратурную спадчыну Беларусі. І дарослыя, і дзеці карысталіся магчымасцю разгадаць красворды, загадкі і рэбусы пра айчынную літаратуру.

– Вельмі прыемна адчуваць, што Дзень беларускай пісьменнасці выклікае цікавасць у дзяцей. Іх было шмат. Прыходзілі і вялікімі групамі з настаўнікамі, і малымі групамі з бацькамі. Вялікую цікавасць у іх выклікаў макет падвяснога маста, якога многія з іх яшчэ не бачылі. А які азарт у іх выклікалі нашыя гульні! Штосьці ведалі са школьнай праграмы, а штосьці чулі ўпершыню, – расказала супрацоўнік раённай бібліятэкі Наталля Грэцкая. – Падчас такіх святаў адчуваецца адзінства ўсяго народа, бо цікавасць да літаратуры, мовы, кніг ёсць сёння не толькі ў людзей старэйшага ўзросту, а таксама і ў моладзі.

 

На пляцоўку Мастоўскай раённай бібліятэкі завітала пісьменніца, філолаг, перакладчыца, сцэнарыст, старшы выкладчык педагогікі БДПУ імя М. Танка Валянціна Драбышэўская. Дарэчы, яна цесна супрацоўнічае з сярэдняй школай №2 г. Масты імя В. П. Жукава, дзе рэалізоўващся праект “80 Анёлаў”, а таксама з бібліятэкай, дзе неаднаразова адбываліся творчыя сустрэчы. На пляцоўцы адбылася размова, і пісьменніца падпісала адну са сваіх кніг.

Яшчэ адным ганаровым госцем стаў генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі, кандыдат гістарычных навук, публіцыст Вадзім Гігін. Завітаў ён на нашу пляцоўку двойчы: першы раз яго зацікавілі забавы, у якія гулялі дзеці, а другі раз ён ужо больш падрабязна цікавіўся выставай і макетамі.

На пляцоўках праходзілі сустрэчы з пісьменнікамі Беларусі, прэзентацыі і аўтограф-сесіі. Але асобнай увагі заслужылі элементы нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Сярод іх таксама вылучаліся нашыя філіялы Мілявіцкага і Азёркаўскага цэнтраў вольнага часу і культуры, якія прынялі ўдзел у абласным фестывалі рэгіянальнага фальклора “Панямоння жыватворныя крыніцы”.

Дзіцячы фальклорны гурток “Крынічка” ўзнагароджаны Дыпломам першай ступені ў намінацыі “Фальклорны танцавальны калектыў” (побытавыя танцы).

На працягу двух дзён у Лідзе гучала роднае слова. Госці фестывалю змаглі пабачыць вялікае кола кніг, якія выйшлі зусім нядаўна. Паэты і пісьменнікі знаёміліся з чытачамі, чыталі свае вершы і ўрыўкі з новых твораў, дзяліліся меркаваннямі аб сучасных тэндэнцыях літаратуры і мовы. На цэнтральных пляцоўках горада былі прадстаўлены экспазіцыі з усёй краіны –літаратурная спадчына і  навінкі друку з усіх рэгіёнаў Беларусі.

 Гэтае свята стала сапраўды сімвалам адзінства народа, захавання спадчыны і духоўных каштоўнасцей.

Ірына БОЧКО

Фота раённай бібліятэкі


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио