Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноГод малой родиныГод малой родиныСоциумБелорусский союз женщин - 30 лет вместеНовости МостовщиныНовости МостовщиныЛюди нашей МостовщиныЛюди нашей Мостовщины

Чатыры пакаленні жанчын і тры матулі. Пра сваю маці расказвае мастаўчанка Алена Копач

Чатыры пакаленні жанчын і тры матулі. Пра сваю маці расказвае мастаўчанка Алена Копач12 октября 2020 — 10:15

На стале – партрэт маёй матулі. Я намалявала яго сама. І быццам нічога незвычайнага… чорным па беламу. А калі затрымліваю позірк на ім і заглядаю ўнутр, перада мною як быццам ажывае ўсё жыццё маёй матулі, малюнак наліваецца фарбамі і ўяўляецца маленькая дзяўчынка, якая нарадзілася ў маленькай вёсачцы Забалоцце ў 1932 годзе.

Толькі адзін клас  польскай школы змагла закончыць:  быў такі час, што не было нават абутку, каб выйсці на вуліцу. А пасля вайны ўжо не да вучобы, трэба было падымаць гаспадарку, каб сям’я магла жыць, бо бацька быў хворы.

У свае 14 гадоў дзяўчынка ўжо умела і араць, і сеяць, і жаць. Лягчэй стала весці гаспадарку, калі быў арганізаваны ў вёсцы калгас. Жыццё наладзілася. З якой радасцю і пяшчотай матуля  ўспамінае пра свае маладыя гады…

Траіх дзяцей нарадзіла і выхавала мая маці. Простая сялянская жанчына, працаўніца. Для нас, дзяцей, яна была прыкладам добрага, сціплага, працавітага чалавека.

Успамінаюцца зімовыя вечары, калі маці, скончыўшы свае гаспадарчыя справы, садзілася каля нас на ложак, пытала пра нашы школьныя справы, давала парады. А калі мы ўжо спалі, яна сваімі напрацаванымі за дзень рукамі прасавала і прышывала нам на школьнае адзенне белыя каўнерыкі.

88 гадоў жыве мая маці на нашай любай беларускай зямлі. І не проста жыве, а мае справы да ўсяго: да надвор’я летам, і не таму, каб проста пагрэцца на сонейку, а галоўнае, каб дождж не пашкодзіў убраць жыта. Каб хваробы хутчэй адступілі, каб людзі здаровыя былі. Каб мір быў у краіне. Вось такі расклад дня маёй маці. Ні адна старонка раённай газеты не застаецца непрачытанай. Пра ўсё ёй трэба ведаць. У нашай хаце бывае многа людзей. Мама заўсёды знаходзіцца ў цэнтры ўвагі, падтрымлівае размову, дае парады, і ўсе з задавальненнем слухаюць яе аповеды пра былое.

І дзе не сустрэну сваіх знаёмых, кожны абавязкова спытае пра маму, пра яе здароўе і перадасць прывітанне.

…Чатыры пакаленні жанчын на гэты час жывуць у маёй сям’і. Галоўная, вядома, гэта мая матуля Леанарда Мікалаеўна Сямашка, потым я, яе дачка Алена, пасля мая дачка, яе ўнучка Юля, і дзве праўнучкі  – Яна і Мар’яна.

І калі мы збіраемся разам, сярод нас – тры матулі!

Цяпер ёсць модны выраз – ікона стылю, калі людзі раўняюцца на гламурных асоб і бяруць з іх прыклад. А вось для жаночага пакалення маёй сям’і іконай стылю з’яўляецца наша любая матуля, бабуля, прабабуля. Жадаем ёй моцнага здароўя і віншуем з надыходзячым Днём маці.

 

З найлепшымі пажаданнямі дачка Алена Копач


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио