Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноСоциумОбщественная жизньСоциумДуховностьСоциумКультураБлоги наших журналистовНаталья ШевчикНовости МостовщиныНовости Мостовщины

“Чароўны свет драўляных вырабаў” – што можна ўбачыць на аднайменнай выставе ў Мастоўскім дзяржаўным музеі “Лес і чалавек”

“Чароўны свет драўляных вырабаў” – што можна ўбачыць на аднайменнай выставе ў Мастоўскім дзяржаўным музеі “Лес і чалавек”12 марта 2025 — 10:45

Чым клець адрознівалася ад свірана і якія ўзоры на ліштвах былі ў модзе ў нашых продкаў? Чым займаліся бондары і стэльмахі і калі ў Беларусі стаў вядомы такарны станок? Якія пароды дрэў выкарыстоўвалі майстры для вырабу бочак для вады, даёнак і жорнаў, місак і лыжак?

Не ведаеце адказаў на большасць з гэтых пытанняў? Тады абавязкова наведайце Мастоўскі музей “Лес і чалавек”, дзе на працягу лютага-сакавіка ладзіцца выстава “Чароўны свет драўляных вырабаў” з уласных фондаў.

Дрэва для нашых продкаў было не толькі асноўным матэрыялам, з якога можна было зрабіць усё, што заўгодна – ад лыжкі і да хаты.  Вобраз дрэва наскрозь пранізвае фальклор беларусаў. Паўсядзённы быт і працоўныя будні  беларускага селяніна таксама былі звязаны з лесам.

– Напэўна, у кожнага з нас захоўваюцца дзіцячыя ўспаміны, калі мы бавім час у вёсцы, у гасцях у бабулі і дзядулі. Іх драўляная хата мела свой адметны пах, узімку тут было ўтульна і цёпла, а летам – не горача. Да хаты прыбудавана клець (ці камора), дзе захоўваюцца прадукты, бытавыя рэчы і адзенне. А вось свіран, дзе звычайна захоўвалі збожжа, будавалі асобна. Як і адрыну, што служыла для захавання сена, саломы, рознага сельскагаспадарчага інвентару. Асаблівую адметнасць хаце надавалі ліштвы – накладныя фігурныя планкі вакол дзвярнога ці аконнага праёма. Узоры на ліштвах сімвалізавалі жыццё,  урадлівасць, здароўе і дабрабыт, – пачынае экскурсію старшы навуковы супрацоўнік Святлана Рагацэвіч.

Дарэчы, ці ведаеце вы, чаму будаўнічы лес высякалі восенню ці зімой? Тое, што ў цёплы перыяд для гэтага не было часу – гэта адна прычына. Другая – лес зімой утрымлівае менш вільгаці і мае больш трывалую і стойкую драўніну.

Рамёствы ў тыя далёкія часы ў сельская мясцовасці мелі ўніверсальны характар. Амаль кожная сялянская сям’я будавала сабе жыллё, рабіла сельгаспрылады, прадметы ўжытку, посуд, простую мэблю. Так развівалася цяслярства, сталярнае, стальмашнае і бандарнае рамёствы, выраб даўбёжнага посуду, такарнае майстэрства, разьба па дрэву.

– Цясляр-дойлід будаваў жыллё, бондар спецыялізаваўся на вырабе драўлянага посуду, а стэльмах займаўся вырабам вазоў, брычак, саняў і іх галоўных элементаў – колаў і палазоў, – тлумачыць супрацоўнік музея не знаёмыя сучаснаму пакаленню словы. – Токар вырабляў дакладны посуд, дэталі мэблі, цацкі. І вось цікавы факт: такарны станок быў вядомы ў Беларусі яшчэ ў XI  стагоддзі.

Практычнасць, вопыт і эстэтычны густ падказвалі бондарам выбар дрэва патрэбнай пароды ў залежнасці ад функцыянальнага прызначэння посуду. Так, бочкі для вады, мёду, рыбы, грыбоў і невялікія бочачкі пад квас, капусту, агуркі рабілі з дуба. Даўгавечнымі былі дубовыя баддзі, кубельцы, баклагі, дзежы. З сасновых клёпак (вузкія, доўгія, старанна выгаблеваныя дошчачкі) майстравалі кублы, цэбры, балеі. Цвёрдая елка больш падыходзіла для вёдраў, маслабоек і даёнак. Асіна  лічылася лепшым матэрыялам для вырабу куфараў для адзення, жорнаў, днішчаў посуду. З бярозы, клёну, ліпы, вольхі выдзёўбвалі дробны бытавы посуд, з якім, дарэчы, можна пазнаёміцца на экспазіцыі.

Тут жа звяртаюць на сябе ўвагу і прыгожыя вырабы, выкананыя ў тэхніцы разьбы па дрэве.

– Рускі цар у XVII стагоддзі запрашаў беларускіх разьбяроў па дрэве працаваць у Маскве і Падмаскоўі, упрыгожваць разьбой іканастасы сабораў і інтэр’еры палацаў. Гэта сведчыць аб іх высокім прафесійным узроўні і майстэрстве, – выдае новы цікавы факт Святлана Уладзіміраўна.

Работнік музея падыходзіць да паліцы, дзе за шклом – “драўляны люд” народнага майстра Беларусі, лаўрэата прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва Мікалая Тарасюка. Гэты самабытны майстар выразаў сваіх драўляных чалавечкаў пры дапамозе простай сякеры і ножыка. У яго работах адлюстраваны сцэны з жыцця простых сялян, яго аднавяскоўцаў. Для сваіх твораў аўтар нават стварыў асобны дом-музей “Успаміны Бацькаўшчыны”. Творчасць Мікалая Тарасюка занесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь.

– Мікалай Васільевіч любіў спяваць, іграць на розных музычных інструментах, якія вырабляў сам. Майстар заўсёды гасцінна сустракаў гасцей, ладзіў для іх цэлыя спектаклі, іграў на губным гармоніку. А яшчэ сам сплёў цэлую калекцыю капелюшоў самай рознай формы, – паведаміла экскурсавод.

Маюцца ў фондах музея і вырабы мясцовых рэзчыкаў па дрэве. Гэта работы ўраджэнкі Мастоў Зінаіды Давыдзік, якая займаецца скульптурнай і рэльефнай разьбой. Многія музеі рэспублікі ўпрыгожваюць драўляныя скульптуры Міхаіла Рышкевіча, жыхара в. Бешанкі Лідскага раёна.

Заслугоўваюць увагі і драўляныя цацкі, музычныя інструменты з дрэва, прылады працы, што прадстаўлены на выставе.

Наталля ШЭЎЧЫК

Фота аўтара


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио