Да Міжнароднага дня музеяў, які адзначаўся васемнаццатага мая, супрацоўнікі музея “Лес і чалавек” прымеркавалі адкрыццё выстаўкі “Музей дзіцячай цацкі”.
У першы ж дзень выстаўку наведала больш за пяцьдзесят выхаванцаў гарадскіх дзіцячых садоў і вучняў малодшых класаў. Выстаўка працягнецца да канца ліпеня.
Ва ўсе часы дзеці навакольны свет пазнавалі праз гульню. Яе неад’емным атрыбутам была цацка. На выстаўцы шырока прадстаўлены не толькі цацкі, з якімі гуляюць сённяшнія хлопчыкі і дзяўчынкі, але і тыя, з якімі забаўляліся нашы далёкія продкі. Менавіта цацкі, з якімі любілі гуляць прабабулі, выклікалі ў сённяшніх дзяцей найбольшую цікавасць і захапленне.
Найбольш шырока на выстаўцы прадстаўлена калекцыя лялек, пачынаючы ад старых драўляных і да сучасных прыгожых з фарфору. Трэба было бачыць, якую рэакцыю выклікалі ў рабят просценькія драўляныя , лялькі з саломы, з кусочкаў тканіны.
Хлопчыкам і дзяўчынкам цікава было даведацца, што лялькам здаўна надаваліся чароўныя ўласцівасці. Людзі верылі, што яны могуць абараніць ад злых духаў, хваробаў і бедаў, прынесці шчасце. Але каб лялька стала талісманам і абярэгам, яна павінна быць правільна зроблена. Раней майстрыхі ніколі не выкарыстоўвалі пры рабоце над лялькай інструментаў, якія колюць і рэжуць. Кавалкі тканіны і ніткі не рэзаліся, а проста рваліся рукамі, а затым звязваліся. Вузельчыкі таксама служылі яшчэ адным абярэгам, які паўставаў на шляху злых духаў.
Рабілі нашы продкі лялькі таксама і з саломы. Па іх ўяўленнях салома павінна была садзейнічаць будучаму ўраджаю, урадлівасці зямлі, пладавітасці жывёлы і прадаўжэнню чалавечага роду. Для рэалізацыі гэтага з саломы рабілі разнастайныя атрыбуты абрадаў: вянкі з каласкоў, фігуркі людзей, жывёл і птушак.
Значная частка экспазіцыі была прысвечана дзіцячым цацкам савецкага перыяду: пласмасавыя і гумовыя фігуркі птушак і звяроў, якія яшчэ маглі і свістаць, любімая не толькі ў нас, але і за мяжой матрошка, плюшавыя мішкі, зайцы і каты. Гэтыя цацкі выклікалі цікавасць і прыемную настальгію ў настаўнікаў і выхавацеляў, бо менавіта ім у дзяцінстве даводзілася гуляць з такімі цацкамі.
--Экспанаты прадастаўлены з уласных фондаў музея, а некаторыя прапанавалі нам на час выстаўкі жыхары горада. Раім наведаць гэтую выстаўку дзецям і дарослым, калі для рабят -- гэта магчымасць пашырыць свой кругагляд, дык дарослым прыемна будзе ўспомніць свае дзіцячыя гады, гульні і забавы,-- запрашае дырэктар музея “Лес і чалавек” Наталья Анатольеўна Пуцілоўская.
А яшчэ ў гэты дзень у музеі былі падведзены вынікі фотаконкурсу “Масты неўміручасці”, які быў прымеркаваны да Міжнароднага дня помнікаў і гістарычных мясцін. На фотавыстаўцы, якая была адкрыта 18 красавіка, былі прадастаўлены 27 работ. Найбольшую цікавасць конкурс выклікаў у вучняў раёна, некаторыя ўдзельнікі прадаставілі на конкурс па дзве работы. Рабяты на здымках імнуліся занатаваць самыя цікавыя і прыгожыя мясціны Мастоўшчыны, гістарычныя і культурныя помнікі нашага краю.
Усе работы цікавыя і змястоўныя, заслугоўваюць пахвалы і ўвагі. Журы і наведвальнікі выстаўкі, якія таксама мелі права аддаць свой голас, лепшай у намінацыі “Гісторыка-культурная спадчына Мастоўскага раёна” прызналі работу Паліны Пронскай, вучаніцы СШ №5 г. Масты. У намінацыі “Архітэктура і забудовы населеных пунктаў, памятныя гістарычныя мясціны Мастоўскага раёна” пераможцай сталі Ксенія Панас і Лізавета Ганчар з гімназіі №1 г. Масты. У намінацыі “Прырода Мастоўшчыны” лепшай аказалася работа вучаніцы гімназіі №1 г. Масты Веранікі Аскірка. А прыз сімпатый гледачоў атрымала работа “Гудзевіцкая царква” вучаніцы Гудзевіцкай СШ Вольгі Рэйшэль.
Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧ
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад