Вера Вікенцьеўна Пальчэўская на сёння адна з нешматлікіх жыхароў вёскі Падбараны, што на тэрыторыі Лунненскага сельскага Савета. Для аднавяскоўцаў яна чалавек аўтарытэтны і паважаны. Дзесяць год запар сяльчане выбіраюць яе сельскім старастам. Нядаўна Вера Вікенцьеўна ўдзельнічала ў рабоце рэгіянальнага сходу дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў 27 склікання з удзелам членаў Савета Рэспублікі Беларусь і дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. На сход таксама запрашаліся прадстаўнікі органаў мясцовага самакіравання.
—Актыўная, ініцыятыўная і творчая. У 2013 годзе па яе ініцыятыве і непасрэдным удзеле было праведзена свята вёскі Падбараны. Пра яго з задавальненнем успа-мінаюць і сёння. Свята было арганізавана з такім размахам, што яго не сорамна было б паказаць і па тэлебачанні, каб паглядзела ўся Беларусь, як можна цікава жыць у глыбінцы, калі там жывуць неабыякавыя вяскоўцы, — задаволена сельскім старастам кіраўнік справамі Лунненскага сельвыканкама Вольга Анатольеўна Каранеўская.
У гады маладосці Веры Вікенцьеўны ў Падбаранах пражывала больш за сотню чалавек. На сёння засталося каля дваццаці, пераважна бабулі-пен-сіянеркі і толькі ў двух дамах жывуць разам састарэлыя муж і жонка. Падбараны знаходзяцца ў маляўнічым месцы, і пустуючыя дамы ахвотна набываюць гродзенцы і нават расіяне пад дачы.
—Раней наша вёска з раніцы да вечара звінела звонкімі дзіцячымі галасамі. Сорак кароў выганялі вяскоўцы на пашу. Сёння ніхто карову не трымае, пастарэлі мы, і сілы ўжо не тыя. Раней і мы з мужам мелі карову, а то і дзве, здавалі дзяржаве малако, цялят, кармілі па некалькі свіней. Сялянскай працы ніколі не цуралася. Дваццаць шэсць гадоў адпрацавала даяркай на жывёлагадоўчай ферме “Падбараны”. У пяць гадзін раніцы і зімой і летам, бывала, што без выхадных, даводзілася бегчы на ферму, вярталася дамоў позна вечарам. Дваццаць чатыры каровы трэба было падаіць уручную. Гэта ўжо пазней на ферме з’явіліся даільныя апараты, тады і праца даяркі аблегчылася. А цяпер адзіноту разбаўляюць толькі дзве кошкі. Лёс распарадзіўся са мной не вельмі літасціва: пахавала двух мужоў. Дзеці і ўнукі ўжо даўно выраслі і разляцеліся з бацькоўскага дома. Я ўжо прабабуля, радуюся праўнуку Ігару, якога назвалі ў гонар дзеда і якому ўжо пяты год, — з непрыхаванай настальгіяй і гонарам пра маладое пакаленне распавядае Вера Вікенцьеўна пра вясковае жыццё і сваіх блізкіх.
Жыхары Падбаран зараз знаходзяцца ў тым узросце, што ім патрэбна дапамога ў вырашэнні штодзённых бытавых праблем, якіх мноства падкідвае вясковае жыццё: у кагосьці пава-ліўся плот, камусьці трэба адрамантаваць ці пачысціць комін і печ, замяніць электраправодку. З гэтымі і многімі другімі праблемамі вяскоўцы звяртаюцца да свайго старасты, праз яго трымаюць цесную сувязь з мясцовай уладай. Ужо летам вяскоўцы з дапамогай старасты пачынаюць клапаціцца пра паліва на зіму. Звяртаюцца яны да Веры Вікенцьеўны, каб дапамагла атрымаць адпаведныя даведкі ў сельскім Савеце. Гэтым летам амаль усе жыхары Падбаран на чале са сваім старастам дружна выйшлі, каб навесці парадак на вясковых могілках.
За сабраныя сродкі пры падтрымцы айца Аляксандра і мясцовага сельгаспрадпрыемства “Чарлёна” паставілі крыж на ўездзе ў вёску з боку Лунна. Сельскі стараста мяркуе, што работы па добраўпарадкаванню сельскіх могілак будуць працягвацца.
—На гэтую высакародную справу многіх вяскоўцаў і агітаваць доўга не давялося. Амаль усе мы знаходзімся ў такім узросце, калі прыходзіцца думаць пра вечны спачын, а спачываць хочацца на прыстойных могілках, —разважае Вера Вікенцьеўна.
Два гады назад па ініцыятыве сельскага старасты ў Падбаранах правялі свята вёскі. Прайшло яно з такім размахам, што аб ім успамінаюць і сёння.
Свята працягвалася з ранку да самага вечара. На свята прыехаў зямляк, музыкант і кампазітар Яўген Канстанцінавіч Петрашэвіч, які здзіўляў вяскоўцаў сваімі музычнымі здольнасцямі і талентам. Нават землякі са Смаленска вырашылі завітаць на свята роднай вёскі.
Чалавек павінен пакінуць добры след на зямлі. І пахвальна, калі яму ўдаецца пакінуць не адзін, а некалькі такіх слядоў.
Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧ
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад